Трансакеанічныя пералёты пацверджаны яшчэ для аднаго віду вераб’іных

Новае даследаванне пацвердзіла ранейшыя здагадкі пра не зусім звычайную трансакеанічную міграцыю стракатага ляснога спявуна (Dendroica striata) - невялікай вераб’інай птушкі, якая гняздуе ў барэальных лясах Канады і ЗША, а зімуе ў паўночнай частцы Паўднёвай Амерыкі. 

Работа, апублікаваная ў часопісе Biology Letters, падвяла рысу пад амаль паўстагоддзем дэбатаў. Дзякуючы мініятурным геалакатарам, якія былі прымацаваныя да птушак перад іх адлётам у месцы зімоўкі, упершыню атрымалася скласці мапу іх пералётаў.  

Пакідаючы Новую Англію і ўзбярэжжы Усходняй Канады, спявуны пачынаюць безпасадачны пералёт праз Атлантычны акіян даўжынёй ад 2200 да 2700 км, які працягваецца два-тры дні. Самыя першыя месцы прыпынку гэтых птушак знаходзяцца ў Пуэрта-Рыка, на Кубе ці Антыльскіх астравах, пасля чаго птушкі ляцяць далей ужо на канчатковыя месцы зімоўкі ў Калумбію і Венесуэлу. 

Біл ДэЛюка (Bill DeLuca), які ачольваў даследаванне, растлумачыў: “Для невялікіх спяваючых птушак мы толькі цяпер пачынаем разумець шляхі міграцыі паміж гнездавымі тэрыторыямі ва ўмераным клімаце і месцамі зімоўкі ў тропіках. Нам атрымалася пацвердзіць дакументальна вельмі цікавую беспасадачную міграцыю, напэўна, самую працяглую з вядомых для вераб’іных і адну з самых экстраардынарных”. 

Хаця для многіх невераб’іных птушак – такіх, як малы грыцук ці каменешарка, ды іншых кулікоў добра вядомыя далёкія трансакеанічныя безперасадачныя пералёты, пацверджанне нечага падобнага для невялікай птушкі, якая важыць усяго 12 г, канешне, здзіўляе. Варта дадаць, што многія амерыканскія вераб’іныя выбіраюць міграцыю над сушай праз Мексіку і Цэнтральную Амерыку. 

Навукоўцы прымацавалі геалакатары да 20 спявуноў у штаце Вермант і 20 – у штаце Nova Scotia. Пасля вяртання птушак на месцы гнездавання вясной атрымалася злапаць 3 птушкі з Верманта і 2 – з Нова Скотыіі. Даследчыкі кажуць, што вельмі важна даведацца пра асаблівасці міграцыі і зімоўкі птушак, бо такія веды могуць дапамагчы  зразумець магчымыя прычыны негатыўных уздзеянняў на птушак і іх папуляцыі і зменшыць іх. 

Крыс Рымер (Chris Rimmer), арнітолаг з Vermont Center for Ecostudies, дадаў: “Мы даведаліся пра шляхі міграцыі толькі невялікай часткі папуляцыі гэтага віду. Аднак як ляцяць птушкі з Аляскі, напрыклад, дагэтуль невядома. Спявуны – адны з самых шматлікіх вераб’іных птушак Паўночнай Амерыкі, аднак дагэтуль вельмі мала вядома пра іх распаўсюджанне і экалагічныя асаблівасці зімоўкі ў Паўднёвай Амерыцы. Што мы ведаем ужо без сумненняў – гэта тое, што яны выкарыстоўваюць адны з самых амбіцыйных шляхоў пералётаў.” 

Крыніца:

DeLuca, W V, Woodworth, B K, Rimmer, C C, Marra, P P, Taylor, P D, McFarland, K P, Mackenzie, S A, Norris, D R. 2015 Transoceanic migration by a 12 g songbirdBiology Letters 4. 

Паводле www.birdwatch.co.uk  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Фота з www.parrotletsuk.typepad.com

 

На гэтую тэму:

НЕКАТОРЫЯ ПАЛЯВЫЯ ПАДКАМЕНКІ ВАНДРУЮЦЬ ЯШЧЭ ДАЛЕЙ, ЧЫМ МЕРКАВАЛАСЯ

АДКРЫТА САМАЯ ПРАЦЯГЛАЯ МІГРАЦЫЯ СЯРОД ВЕРАБ’ІНЫХ ПТУШАК

АРНІТОЛАГ АТРЫМАЎ 2,5 МІЛЬЁНЫ ЭЎРА ПРЭМІІ ДЛЯ ПРАЦЯГУ ВЫВУЧЭННЯ МІГРАЦЫЙ

АДКРЫТА МІГРАЦЫЯ КРУГЛАНОСАГА ПЛЫВУНЧЫКА, Ў ЯКУЮ ЦЯЖКА ПАВЕРЫЦЬ

Новыя рэкорды куліка-каменешаркі

САМЫ ЗНАКАМІТЫ КУЛІК “НАЛЯТАЎ” УЖО 400 ТЫСЯЧ КМ !

Адкрыты самы доўгі міграцыйны шлях насякомых, які звязаны з міграцыяй птушак

Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі

РАЗГАДАНА ЗАГАДКА, ЯКОЙ БОЛЬШ ЗА 150 ГОД

 

Comments