Першае параўнанне дадзеных, атрыманых з дапамогай геалакатара і перадатчыка GPS ад той самай птушкі

Мала якія тэхналагічныя дасягненні апошніх дзесяцігоддзяў сталі такімі ж папулярнымі ў арніталогіі, як прылады да сачэння за сонечнай геалакацыяй (solar geolocation tracking devices). Хаця першыя і параўнальна вялікія т.зв. геалакатары сталі даступнымі для выкарыстання больш, чым 20 гадоў таму, дзякуючы хуткай мініатурызацыі ў апошнія гады колькасць даследаванняў, дзе геалакатары выкарыстоўваюцца, фактычна выбухнула колькасцю.

Цяпер многія нават дробныя вераб’іныя птушкі могуць адсочвацца як мінімум на працягу часткі свайго гадавога цыклу. Фактычна сотні работ ужо апублікаваныя пра вынікі такога сачэння, якія змяняюць нашы веды наконт міграцыі, размяшчэння, паводзін пад час харчавання, падзелу бацькоўскіх абавязкаў і іншых аспектаў жыцця многіх відаў. Не так даўно было паказана, што геалакатары не павялічваюць смяротнасць вераб’іных птушак, калі іх вага не складае больш, чым 5% ад вагі цела птушкі. Ў той жа час спадарожнікавыя перадатчыкі могуць адмоўна ўздзейнічаць на міграцыі як мінімум некаторых груп птушак.

Аднак і ў геалакатараў ёсць недахопы ў параўнанні са значна больш дарагімі прыладамі на аснове тэхналогіі GPS. Замест таго, каб адразу пасля сцягвання дадзеных атрымаць каардынаты месцазнаходжання птушак, навукоўцы павінны выкарыстоўваць адмысловыя праграмы, якія інтэрпрэтуюць працягласць светлай часткі сутак (час усходу і заходу сонца) і дату, якія запісвае геалакатар, у геаграфічныя каардынаты.

Негледзячы на папулярнасць выкарыстання геалакатараў, дакладнасць атрыманых з іх дапамогай дадзеных да апошняга часу было цяжка дакладна ацаніць. Акрамя гэтага, выкарыстанне розных праграм для інтэрпрэтацыі дадзеных з геалакатара таксама дае розную дакладнасць. Каб мець магчымасць ацаніць дакладнасць атрыманых дадзеных з дапамогай геалакатара, было вырашана зрабіць наўпроставае параўнанне разлічаных каардынат геалакацыі і GPS дзякуючы размяшчэнню геалакатара і спадарожнікавага трэкера адначасова на адной птушцы – вялікім грыцуку (Limosa limosa).

Самка вялікага грыцука была злапаная пад час гнездавання ў Нідэрландах у 2013 і забяспечаная і геалакатарам Intigeo, і  GPS-трэкерам (tracker). Інфармацыя, атрыманая з трэкера паказала, што пасля заканчэння гнездавання птушка здзейсніла бесперапынны пералёт у Паўднёвую Гішпанію на адлегласць 2035 км. Пасля зімоўкі на поўдні Іберыйскага паўвострава, птушка вярталася на месца гнездавання з прыпынкам на 7 дзён у дэльце ракі Ebro ў Гішпаніі, а таксама дзень правяла ў Цэнтральнай Бельгіі.

Каб атрымаць дадзеныя аб месцазнаходжанні грыцука з геалакатара, даследчыкі выкарыстоўвалі два агульнадаступныя пакеты праграм: GeoLight і FLightR. Каардынаты, атрыманыя з дапамогай пакета GeoLight, у сярэднім адрозніваліся ад сапраўдных (атрыманых з дапамогай GPS трэкера) нават на 495.5 ± 1031.2  км (вялікае кола за выключэннем раўнадзенства), тады як выкарыстанне пакету FLightR прывяло да атрымання каардынат, якія адрозніваліся ад сапраўдных на 43.3 ± 51.5 км.

Акрамя гэтага, дадзеныя па часе адлёту і прылёту з геалакатара адрозніваліся ад сапраўдных да 12 гадзін (пакет FLightR), праграма GeoLight ізноў была яшчэ менш дакладная.  

 

На сённяшнім этапе развіцця тэхналогій, геалакатары застаюцца самымі лёгкімі (на люты 2016 году існуюць прылады вагой нават 0,32 г) і самымі таннымі тэхнічнымі прыладамі для вывучэння асаблівасцяў міграцыі і іншых аспектаў жыцця дробных птушак нават на многіх птушках з папуляцыі і на працягу некалькіх гадоў. Аднак для павелічэння дакладнасці атрыманых з іх дапамогай дадзеных неабходна развіццё праграмнага забеспячэння.

 

Крыніца:

Rakhimberdiev E., N. R. Senner, M. A. Verhoeven, D. W. Winkler, W. Bouten & Th. Piersma (2016) Comparing inferences of solar geolocation data against high-precision GPS data: annual movements of a double-tagged black-tailed godwit. Journal of Avian Biology. Article first published online: 26 FEB 2016 DOI: 10.1111/jav.00891

 

Паводле www.avianbiology.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Арнітолаг атрымаў 2,5 мільёны эўра прэміі для працягу вывучэння міграцый

УПЕРШЫНЮ ДАКАЗАНА, ШТО ГЕАЛАКАТАРЫ НЕ ПАВЯЛІЧВАЮЦЬ СМЯРОТНАСЦЬ ДРОБНЫХ ВЕРАБ’ІНЫХ

Адлоў птушак адмысловымі сеткамі для вывучэння даказана бяспечны

СПАДАРОЖНІКАВЫЯ ПЕРАДАТЧЫКІ АСЛАБЛЯЮЦЬ КАЧАК-ШЫЛАХВОСТАК?

НОВЫЯ ТЭХНАЛОГІІ ДАПАМАГАЮЦЬ АТРЫМАЦЬ ВАЖНЫЯ ДАДЗЕНЫЯ ДЛЯ АХОВЫ ПТУШАК

Адкрыта міграцыя кругланосага плывунчыка, ў якую цяжка паверыць

Новыя рэкорды куліка-каменешаркі

Доўгая дарога дадому

Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі