Адлоў птушак адмысловымі сеткамі для вывучэння даказана бяспечны

Першае шырокамаштабнае даследаванне па выкарыстанню навукоўцамі адмысловых сетак для адлову птушак паказала, што рызыка для здароўя птушак пры выкарыстанні гэтага метаду мінімальная.

Адлоў птушак адмысловымі сеткамі каб вывучаць іх паводзіны, перамяшчэнні або дэмаграфічныя паказчыкі доўгі час застаецца самым папулярным метадам у орніталогіі, аднак да гэтага часу не было праведзена вялікіх даследаванняў ці не з’яўляецца гэты метад дастаткова бяспечным для птушак.
Навукоўцы з Універсітэту Каліфорніі ў Бэрклі на чале з Эрыкай Спотсуўд (Erica Spotswood), выкарысталі запісы 345 тысяч выпадкаў навуковых адловаў сеткамі каб ацаніць рызыку метаду для птушак. Дадзеныя былі атрыманы з розных месцаў ЗША і Канады і ўтрымлівалі запісы пра пашкоджанні, атрыманыя птушкамі ў сетках, смяротнасць, а таксама від і памеры птушкі, узрост, паўторнасць адлову і ролю драпежнікаў.
Спотсуўд упершыню сутыкнулася з неабходнасцю правядзення даследаванняў наконт бяспекі адлову птушак сеткамі пасля таго, як улады французскай Палінезіі не дазволілі ёй адлоўліваць шэра-зялёных фруктовых туркавак (Ptilinopus purpuratus) без прадстаўлення доказаў бяспекі метаду для птушак.
“Я была вельмі здзіўленая, бо не змагла знайсці ніводнага навуковага артыкула на гэтую тэму, бо выкарыстанне адмысловых сетак пачалося яшчэ ў 1950-я гады і дагэтуль застаецца папулярным і надзвычай шырока выкарыстоўваецца для маніторынгу птушыных папуляцый. Толькі ў ЗША штогод вешаюць кольцы на прыкладна мільён новых птушак на некалькіх сотнях станцый кальцавання па ўсёй краіне.” – сказала Спотсуўд."


Усяго аўтарамі даследавання была прааналізаваная інфармацыя па 188 відах птушак з 22 станцый кальцавання ў Паўночнай Амерыцы за апошнія 22 гады.
Вынікі паказалі, што птушкі рэдка атрымліваюць пашкоджанні або гінуць у орніталагічных сетках. З 620.997 прааналізаваных запісаў выпадкаў адлову ў сетках птушкі атрымалі нейкія пашкоджанні ў 0.59 % выпадкаў, тады як загінулі з-за сетак яшчэ 0.23 % ад усіх злапаных птушак.
Нечакана аказалася, што птушкі, якіх адлоўлівалі больш чым адзін раз, мелі меншую імавернасць атрымаць пашкоджанне, чым птушкі, якіх атрымлівалася злапаць толькі аднойчы. Магчымае тлумачэнне можа быць у тым, што неаднаразовыя адловы былі ў тэрытарыяльных птушак, якія звычайна ў лепшай кандыцыі, чым птушкі без сваёй тэрыторыі.
Яшчэ адзін нечаканы вынік – птушкі, выпушчаныя з /нязначнымі/ пашкоджаннямі мелі такую ж імавернасць быць злапанымі яшчэ раз, як і птушкі без пашкоджанняў. Гэта значыць, што атрыманыя імі пашкоджанні не падвышалі ў доўгатэрміновым плане іх смяротнасць. Таму і доўгачасовае негатыўнае ўздзеянне на адлоўленых сеткамі птушак таксама можна лічыць мінімальным.
У другой частцы сваёй працы навукоўцы аналізуюць фактары рызыкі, якія могуць павялічваць негатыўныя аспекты адлову птушак.
 

Крыніца:
Spotswood, E N, Roesch Goodman, K, Carlisle, J, Cormier, R L, Humple, D L, Rousseau, J, Guers, S L and Barton, G. 2011. How safe is mist netting? Evaluating the risk of injury and mortality to birds. Methods in Ecology and Evolution: DOI: 10.1111/j.2041-210X.2011.00123.x
 

Здымак самкі поплаўнага луня, якую дастаюць з сеткі, Жоржа Гулеўскага
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

 


На гэтую тэму:
Птушаняты пустальгі на касцёле ў Гродна закальцаваныя (+video)

Новы рэкорд - мільён закальцаваных птушак за год

Чэшскія арнітолагі просяць аб дапамозе + фота