Усяго за кастрычнік было зроблена 31 назіранне 17 відаў са Спісу Клуба200, прычым адзін з іх – новы для нашай краіны! У мінулым годзе за кастрычнік было зроблена 34 назіранні 15 рэдкіх відаў, прычым адзін з іх быў таксама новы для краіны і злоўлены у “той жа дзень”- 02.10 – ім стала стрынатка-крошка (Emberiza pusilla).
Назіраннем кастрычніка можна лічыць адлоўленую на Віцебшчыне першую для Беларусі Стрынатку-рэмеза (Emberiza rustica). Гэта чарговы поспех станцыі кальцавання птушак “Сасновы бор” (у гэты раз “на выездзе”) і новы для краіны від, адкрыты дзякуючы працы станцыі. Віншуем Дзяніса Кіцеля і Юрыя Янкевіча, і хаця, каб афіцыйна стаць 333-м відам у Спісе птушак нашай краіны, трэба пачакаць да чарговага паседжання Беларускай арнітафауністычнай камісіі (БАФК), ужо зараз зразумела, што гэта будзе хутчэй за ўсё прыемная фармальнасць. Бо птушка была прамерана, сфатаграфаваная і закальцаваная перад вяртаннем у прыроду:
Верхнядзвінскі раён, 02-10-2018. Здымак Юрыя Янкевіча.
Другім па значнасці назіраннем і, магчыма, не толькі для мінулага месяца, ёсць таксама выдатна задакументаваная, другая для Беларусі рэгістрацыя Жаўтаногай чайкі (Larus michahellis). Выглядзець сярод тысячы чаек патрэбную і за наступныя 5 хвілін да адлёту птушкі сфатаграфаваць яе ў розных ракурсах і з паднятымі крыламі – гэта не толькі майстэрства, але і вялікая ўдача. Назіранне адбылося 24.10 на Міншчыне – як і першае, у 2016 годзе. Віншуем яго аўтарку Ірыну Самусенка!
Любанскі раён, 24-10-2018. Здымак Ірыны Самусенка
Чырвонаваллёвыя гагачы (Gavia stellata) сёлета, як і ў мінулым годзе, ўжо ў кастрычніку прыпыняюцца на адпачынак на нашых вадаёмах і вадатоках. Але пакуль што ўсе тры назіранні гэтай восені зроблены вакол Мінску або ўнутры межаў мегаполіса: 20.10, 21.10 і 28.10.
Малы лебедзь (Cygnus columbianus) – 3 птушкі адзначаны на Віцебшчыне 14.10 – гэта толькі трэцяя рэгістрацыя віду за ўвесь 2018 год і першая для гэтай восені.
Лёзненскі раён, 14-10-2018. Здымак Аляксандра Собалева.
Белашчокія казаркі (Branta leucopsis) пад час міграцыі на месцы зімоўкі разам з іншымі відамі гусей адзначаны у кастрычніку двойчы: 05.10 на Гарадзеншчыне і 12.10 на Дняпры ў Магілёўскім раёне:
Здымак Уладзіміра Бондара.
Даўганосы савук (Mergus serrator) у невялікай колькасці гняздуе ў нашай краіне і часам адзначаецца на зімоўцы. Таму час міграцыі, здавалася б, найлепшы каб адзначыць від у розных месцах Беларусі. Але ў кастрычніку адбыліся толькі два назіранні адзінкавых птушак на тым самым вадаёме ў межах Мінску (12.10 і 28.10), якія, да таго ж, могуць адносіцца да той самай асобіны. Магчыма, што як і ў мінулым годзе, больш шанцаў назіраць гэтых савукоў будзе ў лістападзе.
Чыжоўскае вадасховішча ў Мінску, 28-10-2018. Здымак Таццяны Каржыцкай
Нырок-сіньга (Melanitta nigra) – тры рэгістрацыі гэтых марскіх качак на вадаёмах у розных месцах Беларусі: 15.10 у Расонскім раёне Віцебшчыны, 23.10 у Бярэзінскім запаведніку і 26.10 у Мінскім раёне.
Нырок-плёсаўка (Aythya marila), як і папярэдні від “марскіх ныркоў”, прыпыняецца ў нас на адпачынак звычайна з пачатку кастрычніка і можа заставацца ў параўнальна вялікіх групах нават назіму. У гэтым кастрычніку адзінкавых і невялікія групы птушак (да 11 асобін) бачылі 05.10, 07.10 і 29.10 на Нёмане ў Гродзенскім раёне, 16.10 на Дняпры ў Магілёве і на т.зв. Мінскім моры 26.10.
Насуперак зробленаму мной у мінулым аглядзе прагнозу, усё ж атрымалася не толькі ўбачыць Стэпавага луня (Circus macrourus) у кастрычніку (06.10) на Любаншчыне, але і зрабіць выдатны здымак. Аднак гэта толькі другая рэгістрацыя віду ў нашай краіне сёлета.
Сяўцы (Pluvialis squatarola) адзначаліся ў кастрычніку двойчы: 05.10 на Гарадзеншчыне і 16.10 на Жыткавеччыне.
Стучка (Lymnocryptes minimus) з-за яго выдатнай маскіроўкі і скрытных паводзін цяжка не толькі сфатаграфаваць, але і “проста” убачыць. Таму 2 рэгістрацыі гэтых невялічкіх кулічкоў з добрымі фотаздымкамі 06.10 у Мёрскім раёне і 14.10 у Магілёўскім раёне трэба прызнаць удачай:
Здымак Уладзіміра Бондара.
Пясчанка (Calidris alba) – 06.10 адну птушку назіралі на спушчанай сажалцы рыбгасу “Волма” пад Мінскам.
У вусця Свіслачы на Нёмане 29.10 адбылася адна з самых позніх рэгістрацый Малых чаек (Larus minutus).
Белая сініца (Cyanistes cyanus) – 17.10 пару птушак ў пойме Прыпяці сфатаграфавалі ізраільскія бёрдэры.
Пячураўка-зарнічка (Phylloscopus inornatus) нарэшце “дачакалася” рэгістрацыі ў іншых месцах, чым толькі на станцыі кальцавання птушак “Сасновы бор”. Адна пячураўка была закальцаваная ў Верхнядзвінскім раёне Віцебшчыны 05.10, і яшчэ адна трапіла на відэа і фотаздымкі Дзьмітрыя Якубовіча ў Гродзенскім раёне 13.10 (здымак гл. ніжэй). Прычым апошнюю на наступны дзень паспелі ўбачыць дзякуючы дапамозе Дзмітрыя і іншыя бёрдэры.
Попельная чачотка (Acanthis hornemanni) ў 2017 годзе стала відам, які найчасцей назіралі са Спісу Клуба200 – ажно 36 разоў! Пачатак гэтага году таксама быў спрыяльны для назіранняў гэтага віду і даў ажно 16 рэгістрацый па ўсёй краіне. Як будзе гэтай зімой, яшчэ не зразумела, бо пакуль што адлоўлена толькі адна птушка на станцыі “Сасновы бор” на поўначы Беларусі 22.10:
Расонскі раён. Здымак Анастасіі Кузьмянковай.
Сняжурка (Plectrophenaх nіvalis) – адна птушка адзначана ў апошні дзень кастрычніка на поўначы краіны. Чакаем на больш!
Верхнедзвінскі раён, 31-10-2018. Здымак Дзяніса Кіцеля.
Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Верхні здымак самца стэпавага луня - Мікалая Вераб’я (06.10.2018, Любанскі раён Міншчыны)
На гэтую тэму:
НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК – СТРЫНАТКА-РЭМЕЗ – АДЛОЎЛЕНА НА ПОЎНАЧЫ КРАІНЫ!
САМЫЯ РЭДКІЯ ГУСІ ЕЎРОПЫ ПРАЛЯЦЕЛІ НАД БЕЛАРУССЮ НА ЗІМОЎКУ Ў ГРЭЦЫЮ
ПАМОРНІК І ГУСІ-ПІСКУЛЬКІ: АГЛЯД САМЫХ ЦІКАВЫХ НАЗІРАННЯЎ ПТУШАК ЗА ВЕРАСЕНЬ-2018
ВОСЕНЬСКАЯ МІГРАЦЫЯ І АГЛЯД НАШЫХ НАЗІРАННЯЎ РЭДКІХ ПТУШАК ЗА ЖНІВЕНЬ-2018
УЖО НЕ ЗІМА, АЛЕ ЯШЧЭ І НЕ ВЯСНА: НАЗІРАННІ ПТУШАК СА СПІСУ КЛУБА200 Ў САКАВІКУ-2018
ЗІМА-2018: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ПТУШАК
СООБЩЕНИЕ БОФК: СПИСОК ПТИЦ БЕЛАРУСИ УВЕЛИЧИЛСЯ НА 3 НОВЫХ ВИДА
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ