Пра Назіранне 2018 году ў Беларусі ад першай асобы

Учора, 13 лістапада, хутчэй за ўсё адбылося самае цікавае назіранне за птушкамі ў нашай краіне за гэты год – Мікалай Верабей пад Любанню на Міншчыне ў адной зграі змог сфатаграфаваць два вельмі рэдкія не толькі для нашай краіны віды птушак. Такім чынам, дзякуючы яго ўважлівасці, адбыліся першая сёлета рэгістрацыя чырвонаваллёвай казаркі (Branta ruficollis) і другая сёлетняя рэгістрацыя гусі-піскулькі (Anser erythropus). Аднак, насамрэч, апошняя рэгістрацыя нашмат больш каштоўная!

Справа ў тым, што з пачаткам нашага стагоддзя, калі даказываць праўдзівасць любых сустрэч гусей-піскулек стала трэба перад Беларускай арніта-фауністычнай камісіяй, да гэтага году мы мелі доказы толькі трох сустрэч гэтага віду на тэрыторыі нашай краіны. Па дадзеных Беларускага цэнтра кальцавання птушак, усе тры самцы гусей-піскулек, забітыя паляўнічымі ў розных частках Беларусі (13-04-2015 пад Мядзелем, 15-04-2015 у Браслаўскім раёне і 15-03-2016 у Бярозаўскім раёне), былі закальцаваныя ў адзін дзень у тым самым месцы і паходзяць са шведзкай рэінтрадукаванай папуляцыі. Сёлета, дзякуючы больш шырокаму прымяненню сучасных тэхналогій для вывучэння міграцый і іншых важных аспектаў жыцця птушак, нам стала вядома пра пралёт як мінімум аднаго самца (а хутчэй за ўсё сям’і ці зграі піскулек) праз Заходнюю Беларусь на зімоўку ў Грэцыю. Гэтыя дадзеныя былі атрыманыя з-за працы спадарожнікавага пeрадатчыка, які быў замацаваны на шыі гуся на яго месцы гнездавання на поўначы Нарвегіі, аднак на свае вочы ніхто ні яго, ні яго магчымых спадарожнікаў не бачыў.

І вось нечаканая ўдача Мікалая Вераб’я – аднаго з найлепшых сучасных фатографаў дзікай прыроды і ,асабліва, птушак у нашай краіне, і мы маем першы здымак жывога гуся-піскулькі на тэрыторыі Беларусі!

Вось што пра абставіны сустрэчы, свае эмоцыі і іншыя адметнасці гэтага дня распавёў Мікалай для нашых чытачоў:

“Усё адбылося даволі банальна, тым больш адразу я піскульку не заўважыў, толькі казарак. А піскульку выявіў на наступны дзень, калі праглядаў здымкі.

У той дзень проста прайшоўся па наваколлі, ніякіх асаблівых мэтаў не было, гэта павінен быў быць дзень на прыродзе.

Наогул у гэтых мясцінах - як і паўсюль у нас - гусі рэдка падпускаюць чалавека, але тут яны затрымаліся на некалькі дзён недалёка ад горада і, напэўна, трохі прызвычаілся да мінакоў, тым больш што паляўнічыя не турбавалі.

Пашанцавала, што адной раніцай яны так ўдала селі, а так бы і лічыў, што там толькі белалобыя ды гуменіцы)).

Я проста зрабіў некалькі здымкаў зграі і пайшоў далей.

птушкі

І, нагадаю, што адну казарку я бачыў адразу, а на маніторы “знайшоў” ужо піскульку і іншую казарку

Шчыра кажучы асаблівых эмоцый не адчуў. Бо, калі сустракаю рэдкі від, я радуюся і засмучаюся адначасова, - таму пачуцці нейтралізуюцца) Кожнаму часам шанцуе, нічога дзіўнага, гэта напэўна непазбежна і нармальна.

Акрамя гусей, атрымалася сустрэць і іншых гасцей з поўначы. Рагатыя жаўрукі праляцелі у кіламетры ад гусей, я быў трошкі здзіўлены сустрэць іх так рана, першая думка - хутка прыйдзе зіма!

Пра піскулек ведаў, што для паляўнічых яны не рэдкасць, а бёрдуотчарам атрымаць якасны іх здымак цяжкавата. Але дакладна не ведаў, што здымкаў жывых у гэтым стагоддзі яшчэ не было. Калі так - то рады пакласці пачатак!

 

Шчыра віншуем Мікfлая і жадаем наступных цікавых сустрэч і не меншай удачы!

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для Птушкі штодня

Здымкі Мікалая Вераб’я

 

На гэтую тэму:

САМЫЯ РЭДКІЯ ГУСІ ЕЎРОПЫ ПРАЛЯЦЕЛІ НАД БЕЛАРУССЮ НА ЗІМОЎКУ Ў ГРЭЦЫЮ

АГЛЯД НАШЫХ ЦІКАВЫХ НАЗІРАННЯЎ У КАСТРЫЧНІКУ-2018: ПЕРШАЯ СТРЫНАТКА-РЭМЕЗ, ДРУГАЯ ЖАЎТАНОГАЯ ЧАЙКА

ПАМОРНІК І ГУСІ-ПІСКУЛЬКІ: АГЛЯД САМЫХ ЦІКАВЫХ НАЗІРАННЯЎ ПТУШАК ЗА ВЕРАСЕНЬ-2018

ВОСЕНЬСКАЯ МІГРАЦЫЯ І АГЛЯД НАШЫХ НАЗІРАННЯЎ РЭДКІХ ПТУШАК ЗА ЖНІВЕНЬ-2018

ШТО МОЖА БЫЦЬ ЛЕПШ ЗА ПАМОРНІКА? – ДВА ПАМОРНІКІ! АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ РЭДКІХ ВІДАЎ ПТУШАК СА СПІСУ КЛУБА200 ЗА ЧЭРВЕНЬ І ЛІПЕНЬ 2018

ПАЎНОЧНАЯ МАРМЫТУЛЯ І ІНШЫЯ ЧАКАНЫЯ НЕЧАКАНАСЦІ: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ЗА КРАСАВІК І МАЙ -2018

УЖО НЕ ЗІМА, АЛЕ ЯШЧЭ І НЕ ВЯСНА: НАЗІРАННІ ПТУШАК СА СПІСУ КЛУБА200 Ў САКАВІКУ-2018

ЗІМА-2018: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ПТУШАК

Comments

Отличное наблюдение! Долгожданное! А вместе два вида действительно смотрятся неожиданно))) Похоже, что цвета на фотографиях "вытянуты" в каком-то компьютерном редакторе. Если это так, интересно было бы посмотреть на оригиналы. Для примера и тренировки глаза, на что обращать обращать внимание при просмотре снимков стай гусей (чем я периодически тоже развлекаюсь).