Па-багатаму: агляд нашых назіранняў рэдкіх відаў птушак за лістапад-2018

гусь-піскулька

Надзвычай багатым па колькасці і “набору” відаў выдаўся для нашых назіранняў птушак са спісу Клуба200 апошні месяц восені. Усяго было зроблена 63 паведамленні пра сустрэчы ажно 19 відаў! З папярэдніх месяцаў гэтага году з лістападам можа параўнацца толькі май – 55 паведамленняў пра 23 віды. Ну і лістапад-2017: тады было зроблена 61 паведамленне пра назіранні 14 відаў.

Як вядома, па законах марксізма-ленінізма колькасць часта пераходзіць у якасць) І лістапад стаў як раз прыкладам гэтага: былі зроблены вельмі цікавыя назіранні, якія яўна ўваходзяць у ТОП гэтага году - калі не ўзначальваюць яго.

Пачнем з прэтэндэнта на Назіранне году, калі ў адным месцы ў той жа час адбылася рэгістрацыя відаў, якія займаюць першыя два месцы ў гэтым аглядзе, і дзякуючы якой адбылося іншае назіранне, якое апынулася на ўмоўным трэцім месцы.

Гэта, канешне, Гусь-пiскулька (Anser erythropus) (гл. верхні здымак) і Чырвонаваллёвыя казаркі (Branta ruficollis), якіх Мікалай Верабей адзначыў і сфатаграфаваў у адной групе з белалобымі гусямі 13.11 пад г.Любань на Міншчыне. Для апошняга віду гэта першае назіранне для гэтага году. Для назірання піскулькі сітуацыя больш складаная, але не менш цікавая – хаця папярэдняя рэгістрацыя віда ў Беларусі адбылася 19.09, птушку тады “бачыў” у нас толькі спадарожнік. Таму насамрэч гэта не толькі першае назіранне, зробленае на свае вочы сёлета, але, акрамя забітых паляўнічымі піскулек, першае з пачатку гэтага стагоддзя. Дзякуючы своечасоваму паведамленню і дапамозе Мікалая, абодва віды змаглі занесці ў свае спісы і іншыя сябры Клубу200.

птушкі

Чырвонаваллёвыя казаркі, Любанскі раён, 13-11-2018. Здымак Мікалая Вераб'я

Не ўсім, хто ехаў глядзець на піскульку і чырвонаваллёвых казарак на Любаншчыну, пашанцавала іх убачыць. Але за тое 17.11 на Любанскім вадасховішчы група мінскіх бёрдуотчараў знайшла не менш цікавы від - Трохпалую чайку (Rissa tridactyla)! Гэта толькі чацвёртая рэгістрацыя віда ў нашай краіне і першая пасля 2013 году. Таму тое, што маладую птушку ў зімовым пяры змаглі таксама ўбачыць некалькі чалавек, якія прыехалі туды на наступны дзень, таксама вельмі прыемна.

птушка

Трохпалая чайка, Любанскае вадасховішча, 17-11-2018. Здымак Генадзя Ардзюка.

Яшчэ адно назіранне для ТОПа не толькі лістапада, але і году, гэта Качка-огар (Tadorna ferruginea). Напэўна, бацькоў з вывадкам адзначыў 22.11 Валерый Юрко на Прыпяці ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку. Гэта адзіная сёлетняя рэгістрацыя віду і першая пасля 2016 году:

птушкі

Качкі-огары, ПРЭЗ, 22-11-2018. Здымак Валерыя Юрко з www.wildlife.by

Чырвонаваллёвы гагач (Gavia stellata) адзначаны за лістапад толькі 5 разоў: 01.11 на вадасховішчах у Мінскім раёне і ў Мінску, 03.11 на Вілейскім вадасховішчы і на Нёмане у Гродзенскім раёне, 21.11 – на Салігорскім вадасховішчы.

птушкі

Чырвонаваллёвыя гагачы, Мінскі раён, 01-11-2018. Здымак Генадзя Ардзюка.

Чырвонашыйная коўра (Podiceps auritus) за лістапад (і ўсю восень) адзначана на пралёце 4 разы, прычым 07 і 10.11 хутчэй за ўсё адна і тая ж птушка ў Лепельскім раёне. Акрамя гэтага, адзінкавыя коўры таксама рэгістраваліся 07.11 таксама на Вілейскім вадасховішчы і 22.11 на возеры Нарач.

Малы лебедзь (Cygnus columbianus) параўнальна часцей прыпыняўся на адпачынак у нашай краіне ўвосень – 2 рэгістрацыі ў кастрычніку і 3 – у лістападзе, чым вясной- толькі 2 назіранні. У апошні месяц восені розныя сямейныя групы птушак з маладымі назіралі ў Бераставіцкім раёне 04 і 18.11, у Смалявіцкім раёне 25.11:

птушкі

Лебедзь-клікун і малыя лебедзі, Смалявіцкі раён, 25-11-2018. Здымак Генадзя Ардзюка.

Параўнальна доўга трымалася пад Гомелем Нырок-маранка (Clangula hyemalis) - як мінімум два тыдні з 10.11. Гэта адзіная восеньская рэгістрацыя віда і наўрацці больш назіранняў адбудзецца да канца году.

Іншыя марскія віды качак былі лягчэйшымі для назіранняў.

Нырок-свірок (Melanitta fusca) стаў відам, які назіралі ў лістападзе найчасцей – было атрымана ажно 15 паведамленняў практычна з усёй краіны! Свіркі былі адзначаныя ў розных па велічыні групах, самую вялікую ж назіраў 04.11 на Новалукомльскім возеры Віталь Кашчэеў – ажно 22 птушкі!

птушкі

Ныркі-свіркі, Чыжоўскае вадасховішча ў Мінску, 01-11-2018. здымак Генадзя Ардзюка.

На палову радзей за папярэдні від назіраўся Нырок-сіньга (Melanitta nigra), хаця таксама амаль ва ўсіх рэгіёнах Беларусі: 04.11 у Дзяржынску і на Нёмане ў Гродзенскім раёне, 08.11 у Лідзкім раёне, 13 і 24.11 у Магілёўскім раёне, 17.11 на Салігорскім вадасховішчы і на возеры Белым на Бярозаўшчыне.

Другая палова восені таксама добры час для назіранняў у нас Нырка-плёсаўкі (Aythya marila): 12 паведамленняў за лістапад. Від назіралі па ўсёй краіне, акрамя Віцебшчыны.

птушкі

Маладыя ныркі-плёсаўкі, Дняпро пад Магілёвам, 2011-2018. Здымак Уладзіміра Бондара

Даўганосы савук (Mergus serrator) стаў у лістападзе яшчэ адным відам, які можна было ўбачыць на незамёрзлых вадаёмах і вадатоках у розных частках краіны (адбылося 7 рэгістрацый): 04.11 на Новалукомльскім возеры, 07.11 на Вілейскім вадасховішчы і на рыбгасе “Волма”, 08.11 у Пінскім раёне, 17.11 у Любанскім, 18.11 – у Гродзенскім і 27.11 – у Маларыцкім раёне.

птушкі

Даўганосыя савукі, вадасховішча Пагост, Пінскі раён, 08-11-2018. Здымак Станіслава Верталя.

Марская чайка (Larus marinus)  як мін з 2013 году, за адзіным выключэннем, адзначаецца ў нас выключна ў Мінску. Менавіта там адну птушку назіралі 24.11, а потым там жа і ў наступныя дні.

Чорнагаловая чайка (Larus melanocephalus) назіраецца значна часцей за папярэдні від, і нават у невялікай колькасці гняздуе ў Беларусі. Але ўвосень – гэта вельмі рэдкая ў нас чайка. Адзіная рэгістрацыя адбылася 04.11 ў Мінску.

Малая чайка (Larus minutus) хаця параўнальна шматлікі на міграцыі від і вясной, і ўвосень, сёлетнія 4 лістападаўскія рэгістрацыі хутчэй выключэнне, чым правіла. Прынамсі з 2013 году, калі самая позняе назіранне адбылося таксама 07.11.

З-за таго, што снег у лістападзе выпаў не па ўсёй краіне і нават там, дзе быў, у многіх месцах растаяў праз параўнальна хуткі прамежак часу, было параўнальна мала рэгістрацый выключна зімуючых у нас арктычных відаў вераб’іных. Бо часта менавіта снег значна аблягчае пошукі гэтых відаў на ўзбочынах дарог ці палеткаў.

Хутчэй за ўсё таму Рагаты жаўрук (Eremophila alpestris) быў адзначаны ў лістападзе толькі тройчы: 13.11 на Любаншчыне, 25.11 ў Рэчыцкім раёне і 27.11 на Смалявіччыне.

Горная чачотка (Carduelis flavirostris) была зарэгістраваная толькі аднойчы – 25.11 ў Гродзенскім раёне.

 Попельная чачотка (Carduelis hornemanni) ізноў – як і ў мінулым годзе – прэтэндуе стаць самым часта адзначаным відам са Спісу Клуба200 на працягу году, за лістапад рэгістравалася 15 разоў. Але, ў адрозненне ад мінулага году, усе птушкі былі адлоўлены і закальцаваныя ў адным месцы – на станцыі кальцавання “Сасновы бор”.

птушкі

Попельныя чачоткі, станцыя кальцавання птушак "Сасновы бор", 08-11-2018. Здымак Дзяніса Кіцеля.

птушка

Белая сініца, пойма Прыпяці ў Калінкавіцкім раёне, 07-11-2018. Здымак Андрэя Шэўчыка.

Белая сініца (Cyanistes cyanus) назіралася ў лістападзе двойчы, прычым абодва разы з шыкоўнай фота-рэгістрацыяй: 07.11 у Калінкавіцкім, і 30.11 у Пінскім раёне.

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Верхні здымак гуся-піскулькі з белалобымі гусямі - Мікалая Вераб’я

 

 

На гэтую тэму:

ПРА НАЗІРАННЕ 2018 ГОДУ Ў БЕЛАРУСІ АД ПЕРШАЙ АСОБЫ

САМЫЯ РЭДКІЯ ГУСІ ЕЎРОПЫ ПРАЛЯЦЕЛІ НАД БЕЛАРУССЮ НА ЗІМОЎКУ Ў ГРЭЦЫЮ

АГЛЯД НАШЫХ ЦІКАВЫХ НАЗІРАННЯЎ У КАСТРЫЧНІКУ-2018: ПЕРШАЯ СТРЫНАТКА-РЭМЕЗ, ДРУГАЯ ЖАЎТАНОГАЯ ЧАЙКА

ПАМОРНІК І ГУСІ-ПІСКУЛЬКІ: АГЛЯД САМЫХ ЦІКАВЫХ НАЗІРАННЯЎ ПТУШАК ЗА ВЕРАСЕНЬ-2018

ВОСЕНЬСКАЯ МІГРАЦЫЯ І АГЛЯД НАШЫХ НАЗІРАННЯЎ РЭДКІХ ПТУШАК ЗА ЖНІВЕНЬ-2018

ШТО МОЖА БЫЦЬ ЛЕПШ ЗА ПАМОРНІКА? – ДВА ПАМОРНІКІ! АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ РЭДКІХ ВІДАЎ ПТУШАК СА СПІСУ КЛУБА200 ЗА ЧЭРВЕНЬ І ЛІПЕНЬ 2018

ПАЎНОЧНАЯ МАРМЫТУЛЯ І ІНШЫЯ ЧАКАНЫЯ НЕЧАКАНАСЦІ: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ЗА КРАСАВІК І МАЙ -2018

УЖО НЕ ЗІМА, АЛЕ ЯШЧЭ І НЕ ВЯСНА: НАЗІРАННІ ПТУШАК СА СПІСУ КЛУБА200 Ў САКАВІКУ-2018

ЗІМА-2018: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ПТУШАК