Караткахвосты паморнік (Stercorarius parasiticus)

Аўтары Назірання

Дзьмітры Вінчэўскі, потым Мікалай Гулінскі і Юры Лукашэнка

Дата назірання
Месца Назірання

вадасховішча ў в.Луцкаўляны, Гродзенскі раён і вобласць

1 subad. птушка.

Першая рэгістрацыя для 2018 году, шостая для Беларусі і першая пасля 2013!

Лайфер для ўсіх нас.

Як гэта было:

На гэтым вадасховішчы на востраве вялікая калонія чаек-рыбачак і, звычайна, у гнездавы час там нічога цікавага апроч яе няма.

Аднак чамусьці вырашылі заехаць і глянуць. Усе чайкі выляцелі, востраў быў пусты. Ды і чаек- ні маладых, карычневых, ні дарослых, бачна не было. 

Тут адна карычневатая чайка знайшлася недалёка ад нас, а другая, таксама карычневая - правее вострава. 

Глядзеў я на яе здалёк, на павелічэнні х20 і таму здзівіўся толькі, што на маладую чайку актыўна пікіруюць амаль да самай вады па чарзе дзве рачныя крычкі. Нешта не так з гэтай маладой чайкай падумаў я і паставіў трубу на х60. І тут адразу кінулася ў вочы амаль белая шыя і галава, параўнальна невялікая дзюба - дык гэта ж не чайка! Паморнік!

Прайшло некалькі секунд і паморнік, не вытрымаўшы атак, узляцеў.

- Здымайце, Мікалай Іванавіч - ускрыкнуў я, але і сам разумеў, што для здымкаў вельмі далёка. Паморнік жа заляцеў за чаячы востраў і знік там.

Мы пад'ехалі збоку вострава, прабіліся да берага праз высокую крапіву і я знайшоў яго ў трубу. Было добра бачна, што насамрэч белая не ўся галава, а толькі шыя і патыліца + ззаду і збоку калі птушка паварачвалася, былі бачныя белыя вялікія пястрыны.

Мы ўжо паспелі паглядзець вызначальнік і спыніліся на двух відах: караткахвосты або даўгахвосты. Для абодвух былі свае адпаведныя рысы.

Паморнік дрэйфаваў ад нас, але да яго набліжалася вялікая коўра, якая выглядала аднаго з ім памеру. Калі яна наблізілася занадта, птушка ўзляцела і мы пачалі здымаць яе ў палёце, бо там павінны былі скрывацца на крылах тыя светлыя палоскі, па якіх мы спадзяваліся вызначыць птушку да віду. 

Паморнік адляцеў яшчэ далей ад нас і сеў бліжэй да супрацьлеглага берага з высокім трыснягом.

Мы выраўшылі аб'ехаць вадасховішча і паспрабаваць падкрасціся бліжэй там, але нічога з гэтага не атрымалася.

Мы вярнуліся ў першы пункт, паморнік плаваў у старым - бачны ў трубу, але для новых здымкаў не варты ўвагі. На гэтым мы і спынілі яго пераследаваць і паехалі глядзець здымкі на кампутары.

 

Каментары

Вызначаць паморнікаў нават на фотках (вельмі) цяжка. 

Але вось добры міні-вызначальнік для птушак у палёце з http://www.birdersmarket.com/acatalog/info_4_12124.html 

які знайшоў АВ:

паморнікі