Новы від грычуноў апісаны ў Афрыцы

    Дзякуючы аналізу ДНК, навукоўцы змаглі вылучыць новы від птушак, які атрымаў назву грычун боубоу Laniarius willardi. Яго адзінай выразнай знешняй рысай, па якой прадстаўнікоў віду можна адрозніць ад блізкіх відаў чорных афрыканскіх грычуноў (Malaconotidae), ёсць блакітна-шэрыя вочы.
"Гэтая птушка аддзялілася ад блізкіх відаў мільёны гадоў таму, аднак яна толькі цяпер “нарадзілася” для навукі” – пракаментаваў адкрыццё асістэнт прафесара Фолкер (Voelker) з каледжу Station у Тэксасе, ЗША.

     "Цяпер мы ведаем, што птушкі былі заўважаныя нашмат раней. Бо калі праглядалі параўнаўчы матэрыял з розных калекцый, аказалася, што для некаторых закалекцыянаваных яшчэ ў 1910 годзе птушак было занатавана, што яны мелі шэрыя вочы. Аднак ніколі дагэтуль нікому не прыйшло ў галаву, што гэтыя шэравокія грычуны могуць быць нечым іншым сярод чорных грычуноў з гэтага рэгіёну” – дадаў Фолькер. 
Аднак нават цяпер не дайшло б да аналізу і параўнання ДНК розных відаў чорных грычуноў, каб не экспедыцыя 1997 году ў Малаві Тома Гноскэ (Tom Gnoske) з Field Museum (Чыкага) і д-ра Бэна Маркса (Dr. Ben Marks) з універсітэту Луізіаны, якія падзяліліся сваімі назіраннямі пра выразна іншы колер вачэй некаторых адзначаных імі птушак з Фолкерам. На праверку гіпотэзы спатрэбілася яшчэ 12 год…
      Падобныя апісанні новых відаў птушак вельмі рэдка адбываюцца ў Афрыцы. Хутчэй за ўсё гэта звязана з адсутнасцю параўнаўчых прац генетыкаў для птушак з рэгіёну трапічных лясоў Цэнтральнай Афрыкі. 
Цікава, што пасля аналізу даступных навукоўцам дадзеных, яны знайшлі яшчэ адну характэрную для новага віду рысу: ён распаўсюджаны ў параўнальна вузкім пасе на вышыні паміж 1200 і 2000 м над узроўнем мора. Птушкі, сабраныя ў 1910 годзе, былі атрыманы з тэрыторый, якія цяпер засталіся без лесу. Ўжо шмат гадоў гэтыя мясціны ачышчаныя пад плантацыі гарбаты, якія паспяхова растуць менавіта на вышыні да 2000 м над узроўнем мора. Вышэй распаўсюджаны іншы, блізкі від чорнага грычуна.
       Веданне экалагічнай нішы асобных відаў дапамагае ў іх ахове. А гэтае адкрыццё яшчэ раз паказала, наколькі важнымі застаюцца навуковыя калекцыі для зразумення біяразнастайнасці Афрыкі і іншых недадаследаваных рэгіёнаў Свету. Навукоўцы спадзяюцца, што атрыманыя новыя вынікі дапамогуць захаваць унікальную прыроду афрыканскага кантыненту з дапамогай самых сучасных метадаў. 
На паперы артыкул пра новы від з’явіцца толькі ў ліпеньскім нумары амерыканскага орніталагічнага часопіса The Auk.

На малюнку розных відаў чорных грычуноў грычун боубоу другі зьверху.
 

Паводле www.wildlifeextra.com (тэкст і фота) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

На гэтую тэму:
Новы від птушак адкрыты на Барнэа

Новы від пячураўкі апісаны ў В’етнаме і Лаосе

Новы від птушак адкрыты ў Лаосе