Каманда брытанскіх навукоўцаў прааналізавала афіцыйную паляўнічую статыстыку, атрыманую з 24 краін- чальцоў Еўразвязу, а таксама са Швайцарыі і Нарвегіі. Дадзеныя па колькасці забітых паляўнічымі птушак 82 відаў, на якія магчыма легальнае паляванне (адпаведна з дадаткам II Дырэктывы па дзікіх птушках ЕЗ), былі ўзятыя за паляўнічы сезон 2014-15 гг, але для некаторых выпадкаў за ранейшыя гады. Вынікі падлікаў паказваюць, што штогод у гэтых краінах легальна забіваюць як мінімум 52 мільёны дзікіх птушак.
Зразумела, што значную колькасць птушак забіваюць і ў краінах, па якіх няма падобнай дакладнай статыстыкі (у Грэцыі, Ірландыі, Вялікабрытаніі і Нідэрландах). Негледзячы на тое, што ў параўнанні з больш раннімі дадзенымі па паляваннях з тых самых краін, колькасць здабытых птушак такіх відаў, як нырок-сівак (Aythya ferina), кнігаўка (Vanellus vanellus), звычайная туркаўка (Streptopelia turtur) і палявы жаўрук (Alauda arvensis), застаецца высокай у параўнанні з колькасцю і трэндамі іх агульных папуляцый у Еўропе, якія змяншаюцца. Такім чынам, прэс паляўнічых можа значна змяншаць эфект прыродаахоўных дзеянняў, якія прымаюцца ў асобных краінах.
Адначасова з працягам адмоўных эфектаў урбанізацыі і інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі, легальнае паляванне з’яўляецца дадатковым і (зусім) неабавязковым фактарам ціску і негатыўным уздзеяннем, якое дадаткова змяншае папуляцыі некалькіх паляўнічых відаў і, вельмі яўна, нырка-сівака, перапёлкі, кнігаўкі, звычайнай туркаўкі і палявога жаўрука.
Па меркаванні аўтараў даследавання, сучасныя ўзроўні палявання гэтых відаў не могуць далей быць апраўданы ні этычна, ні палітычна. Асабліва калі ўлічваць, што паляванне - гэта хобі меншасці насельніцтва і зусім не рэгулюе колькасць відаў для агульнага інтарэсу (такога, напрыклад, як захаванне пасеваў, быдла, здароўя людзей або авіапералётаў). І хаця само па сабе легальнае паляванне не з’яўляецца галоўнай прычынай змяншэння колькасці гэтых відаў у Еўропе, выглядае непрымальным лічыць далейшае забойства птушак нармальным з-за таго, што гэта “збор ураджая” або “традыцыя”.
Звычайная туркаўка імкліва змяншае сваю колькасць шмат дзе, у выніку чаго від быў прызнаны глабальна пагражаемым (VU). Сярод асноўных прычын гэтага некалькі фактараў: знішчэнне месцаў гнездавання і харчавання, хваробы і паляванне пад час міграцыі. Факт таго, што прыкладна 1,5 мільёна туркавак (гэта каля 20% агульнай іх колькасці ў 27 краінах Еўразвязу) легальна забіваюць штогод, без сумненняў не дапамагае захаваць від. Падобныя думкі і для іншых пагражаемых і тых відаў, колькасць якіх яўна змяншаецца ў Еўропе, пералічаных у Табліцы. Паводле аўтараў, Дадатак ІІ да Дырэктывы аб дзікіх птушках павінен быць перагледжаны на аснове апошняй інфармацыі, даступнай па трэндах папуляцый і прэсу палявання на іх. Гэта тым больш неабходна зрабіць, таму што з моманту прыняцця Дырэктывы ў 1979 годзе, ніводзін від з 82 не быў выключаны са спісу паляўнічых (Annex II Part A) на тэрыторыі краін-чальцоў ЕЗ.
Паводле Article 7, section 1 Дырэктывы: “Краіны-чальцы павінны быць упэўненыя, што паляванне на гэтыя віды [Annex II] не паставіць пад пагрозу дзеянні па іх ахове на тэрыторыях распаўсюджання”. Калі ж еўрапейскія краіны працягнуць дазваляць законна паляваць на рэдкія і пагражаемыя віды, гэта не толькі ставіць пад пытанне меры па іх ахове, але іх колькасць працягне змяншацца. Усё гэта яўна супярэчыць мэтам і задачам Дырэктывы аб дзікіх птушках. Без больш актыўнай пазіцыі прыродаахоўных арганізацый па забароне палявання на гэтыя віды ў тых краінах, дзе яно дазволена, наўрацці сытуацыя можа змяніцца ў станоўчы бок.
Крыніца:
Axel Hirschfeld, Geraldine Attard and Lloyd Scott (2019) Bird hunting in Europe: an analysis of bag figures and the potential impact on the conservation of threatened species. British birds. Published on 06 March 2019
Паводле www.britishbirds.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак яго ж
На гэтую тэму:
Упершыню з 1850-х у Еўропе афіцыйна прызналі знікненне яшчэ аднаго віду птушак
Катастрафічнае змяншэнне колькасці многіх відаў птушак адзначана ў Францыі
Як французскія гурманы з’ядаюць нашых рэдкіх птушак + VIDEO
Вясновае паляванне на птушак застанецца на Мальце легальным?
Менш нагоды да вычварэнстваў у рэстаранах
Кіпрыёты “запрацоўваюць” мільёны эўра, забіваючы мігрыруючых птушак
Сорак гадоў самых вялікіх улікаў паказалі што змянілася з птушкамі ў Вялікабрытаніі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ