Вясновае паляванне на птушак застанецца на Мальце легальным?

Вынікі рэферэндуму за забарону кантраверсійнага вясновага палявання на мігрыруючых птушак на Мальце, на якім з невялікай перавагай перамаглі паляўнічыя, не застаўляе надзеі на тое, што праблема будзе вырашана насельніцтвам вострава самастойна. 

На востраве дагэтуль легальна паляванне на звычайных туркавак (Srtreptopelia turtur) і перапёлак (Coturnix coturnix), якое абаронцы палявання называюць “даўняй мясцовай традыцыяй”, хаця яно забаронена паводле Дырэктывы Еўразвязу аб дзікіх птушках. Яго крытыкі кажуць не толькі пра рэзкае змяншэнне колькасці туркавак на 77% з 1980 году, але галоўным чынам пра нелегальнае масавае забойства паляўнічымі шматлікіх відаў птушак пад час іх міграцыі з месцаў зімоўкі ў Афрыцы праз Мальту ў Еўропу, бо з 14 па 30 красавіка паляўнічыя могуць легальна знаходзіцца з ружжамі ў розных месцах па ўсяму востраву.

Каля 340 тысяч чалавек маглі ўдзельнічаць у рэферэндуме, які прапаноўваў забараніць вясновае паляванне на птушак.

Розніца ў галасах за і супраць палявання была прыкладна ў 2200 бюлетэняў і дала вынік 50,44% супраць 49,56%.

Прэм’ер-міністр Мальты Джозэф Мускат (Joseph Muscat), які падтрымліваў паляўнічых, падкрэсліў, што парушальнікі існых правіл палявання будуць карацца яшчэ больш строга. 

Мясцовая газэта The Times of Malta піша пра тое, што паляўнічыя выбралі добрую тактыку супраць забароны, тлумачачы, што перамога праціўнікаў палявання можа ў будучыні абярнуцца спробамі забароны праз рэферэндумы іншых не зусім бяспечных хобі – напрыклад, мотаспорту ці феерверкаў. Таксама паляўнічыя выкарысталі падтрымку прэм’ер-міністра і адсутнасць у медыях ілюстрацый ружжаў і мёртвых птушак.  

Восеньскі паляўнічы сезон не быў уключаны ў пытанне пра забарону 

Мальта застаецца адзінай  краінай Еўразвязу, ў якой мясцовая ўлада дазваляе вясновае паляванне на птушак як хобі.

 

Цяперашняе заканадаўства дазваляе забіць на Мальце вясной да 11 тысяч туркавак і да 5 тысяч перапёлак. Квота гэтая вызначаецца на аснове  таго, колькі птушак забьюць папярэдняй восенню. Кожны паляўнічы не можа забіць больш, чым 2 птушкі ўдзень (па адной туркаўцы і перапёлцы) і не больш, чым 4 птушкі на працягу двухтыднёвага сезону палявання. Паляўнічыя мусяць атрымаць адмысловую ліцэнзію на вясновае паляванне. Кожны свой выхад на паляванне мусяць задэклараваць каля 10 тысяч паляўнічых. За першае парушэнне правіл палявання могуць пакараць штрафам у 5 тысяч эўра, годам турмы і ануляваннем дазволу на паляванне. Паўторнае парушэнне пагражае ў два разы большым штрафам і тэрмінам турэмнага зняволення.

Паводле  www.bbc.com (тэкст і фота) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

На Мальце адбудзецца рэферэндум па вясноваму паляванню на птушак

АПОШНІ МАЛЬТЫЙСКІ СОКАЛ-ПАДАРОЖНІК ЗАБІТЫ ПАЛЯЎНІЧЫМІ?

Скапа з перадатчыкам знікла над Мальтай 

Птушкі вяртаюцца на Мальту

Аперацыя “Бяспечныя нябёсы” працягваецца на Мальце

Менш нагоды да вычварэнстваў у рэстаранах

Кіпрыёты “запрацоўваюць” мільёны эўра, забіваючы мігрыруючых птушак

МАРАТОРЫЙ НА ВЯСНОВАЕ ПАЛЯВАННЕ НА ПТУШАК ПРАЦЯГВАЎСЯ У НАЦПАРКУ “БЕЛАВЕЖСКАЯ ПУШЧА … НУЛЬ ДЗЁН?