Зязюля інкубуе свае яйкі ўнутры цела

Нечаканае адкрыццё зрабілі навукоўцы з Шэффілдзкага ўніверсітэту (Вялікабрытанія). Яны даказалі, што самкі звычайнай зязюлі (Cuculus canorus) інкубуюць свае яйкі на працягу 24 гадзін перад іх адкладкай у гняздо прыёмных бацькоў. Дзякуючы гэтаму птушанё зязюлі вылупляецца заўсёды раней за прыёмных братоў-сясцёр.
 

Каманда даследчыкаў пад кіраўніцтвам праф. Тыма Бёркхэада (Tim Birkhead) змагла дзякуючы супрацоўніцтву з калегемі з усёй Еўропы праверыць 8 свежаадкладзеных яек звычайных зязюляў. Ва ўсіх яйках зародак быў на больш 'прасунутай' стадыі развіцця, чым зародкі птушак падобных памераў іншых відаў.
Хаця папярэднія даследаванні сцвярджалі, што яйкі зязюляў малых памераў як для самкі такога памеру і за кошт гэтага яны развіваюцца хутчэй за яйкі відаў-гаспадароў, аднак ужо ў1800 годзе была выказана гіпотэза пра унутраную інкубацыю, якая потым была забытая.
Каб праверыць яе, навукоўцы паспрабавалі забяспечыць падобныя ўмовы развіцця яйкам  зебравай амадыны. Для гэтага яны змяшчалі свежаадкладзеныя яйкі гэтага віду ў інкубатар на 24 гадзіны з тэмпературай 40°C (менавіта такая тэмпература ў целе зязюлі і амадыны). Аказалася, што зародкі ў такіх яйках мелі такую ж стадыю развіцця, што і зязюлі ў свежаадкладзеных яйках!
З-за таго, што наседжваючыя птушкі могуць забяспечыць сваім яйкам тэмпературу каля 36°C, а зязюля сваім яйкам унутры цела забяспечвае на 4 градусы большую, зародак зязюлі апярэджвае сваіх “сіблінгаў” прыкладна на 31 гадзіну і вылупляецца першым. Гэта дазваляе яму выкінуць канкурэнтаў з гнязда яшчэ ў яйках і манапалізаваць увагу і корм, якія яму забяспечваюць прыёмныя бацькі.


Праца была апублікаваная ў часопісе Proceedings of the Royal Society of London, Series B.
 


Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі 

Здымак яго ж