Кампанія NextEra Energy Resources пасля 5 год судовых спрэчак пагадзілася выплаціць $2.5 мільёна на ахову драпежных птушак у Altamont Pass, California (ЗША) і замяніць 2400 ветравых энергетычных установак састарэлых мадэляў.
Пагадненне было абвешчана прадстаўніком судовых уладаў штату Каліфорнія Джэры Браунам (Jerry Brown), і яно заканчвае пяцігадовыя спрэчкі паміж кампаніяй, штатам і некалькімі прыродаахоўнымі арганізацыямі. Майкл Лайнэс (Michael Lynes), дырэктар аддзелу аховы прыроды таварыства Golden Gate Audubon Society, так узрадавана пракаментаваў падзею: “Мы лічым, што гэта значнае пагадненне, якое збалансуе патрэбы ў чыстай энергіі з аховай прыроды”.
Кампанія таксама выплаціць па $1.25 мільёна на карысць California Energy Commission для правядзення даследаванняў па змяншэнню гібелі птушак у Altamont Pass і парку East Bay Regional Park District і Livermore Area Recreation and Park для паляпшэння і аховы месцапражыванняў драпежных птушак.
Новыя ветраныя генератары будуць нашмат большага памеру ў параўнанні са старымі мадэлямі, дзякуючы гэтаму іх спатрэбіцца нашмат менш, каб атрымаць тую самую колькасць энергіі. Да таго ж кампанія забавязаная размяшчаць новыя ветракі выключна ў месцах, бяспечных для птушак.
Згодна з дадзенымі даследавання з 2004 году, на больш чым 4000 ветраках у Altamont Pass штогод гінула ад 1766 да 4271 птушак, прычым ад 881 да 1330 з іх былі драпежныя птушкі: арлы-маркуты, каршуны, сокалы і совы. Справа ў тым, што гэты рэгіён ёсць важным месцам размнажэння і міграцыі драпежных птушак.
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
НА ГЭТУЮ ТЭМУ:
Арлы, спадарожнікі і ветракі
Птушкі і ветраныя электрастанцыі
Ветраныя турбіны маюць кепскі для прыроды колер?
Турбіны коштам арлоў не будуюць
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ