Зімовыя месцы начлегу кавак і гракоў у Чэхіі

 Большасць орнітолагаў ныюць, калі заканчваецца гнездавы сезон і стараюцца нейкім чынам перачакаць зіму і дачакацца вясны. Аднак ёсць і выключэнні – гэта тыя з іх, якія цешацца з надыходу зімы, таму што гэта іх галоўны сезон назіранняў. Я адношуся менавіта да такіх “вар’ятаў”.  Бо менавіта ўзімку можна радавацца назіранням тысячных груп маіх улюбёных каркаючых чорных сяброў...   

Цэнтральнаеўрапейскія гракі і каўкі адносяцца да часткова мігрыруючых птушак. Частка птушак штовосень мігрыруе на некалькі сотняў кіламетраў з месцаў гнездавання на паўднёвы захад на месцы зімоўкі. Напрыклад, нашы чэшскія зімуюць у Францыі і Германіі.

Куды ляцяць нашыя гракі

У краінах з вялікімі гняздуючымі папуляцыямі гэтых відаў (як у Польшчы ці Беларусі), зімуючыя птушкі не кідаюцца ў вочы, таму што шматлікія мясцовыя птушкі мяняюцца таксама шматлікімі прылятаючымі на зімоўку і адрозніць іх цяжка. 

Цалкам іншая сітуацыя ў Чэхіі. Ў нас каўкі і гракі - параўнальна рэдкія віды птушак: на ўсю краіну гняздуе толькі каля 3-4 тысяч пар гракоў і 10-20 тысяч пар кавак. І калі каўкі гняздуюць у многіх гарадах (хаця ў большасці з іх іх лічба не перакрочвае 10-50 пар), гракі гняздуюць толькі ў некалькіх гарадах. Таму для большай часткі тэрыторыі Чэхіі летам назіранні гракоў краіне адносяць да цікавых рэгістрацый.

Месцы гнездавання гракоў у Чэхіі (маленькія кропкі - магчымыя месцы гнездавання, сярэднія - хутчэй за ўсё гняздуе, буйныя - дакладна вядомыя месцы гнездавання). Дыяграма, колькасць гняздуючых гракоў падчас 3-ох перыядаў картаграфіравання птушак у Чэшскай Рэспубліцы (1973-1977, 1985-1989, 2001-2003).

У палове кастрычніка адбываецца драматычная змена – да нас прылятаюць вялізарныя зграі птушак з Расіі, Беларусі, Літвы і паўночнай Польшчы. Чорныя птушкі апаноўваюць усе адпаведныя месцы ў нізінах і на сярэдняй вышыні. Па ацэнках штозіму ў Чэшскай рэспубліцы зімуюць агулам каля 450 тысяч кавак і гракоў!

  

Адкуль гракі прылятаюць да нас.

У зімовыя дні можна назіраць большыя ці меншыя групы кавак і гракоў амаль паўсюдна. Галоўным чынам у гарадах, на палетках, на звалках смецця. Іх няма толькі на вышынях, большых 500 м над узроўнем мора.

 

Месцы, дзе былі адзначаны гракі падчас зімовага картаграфіравання птушак у 1982-1985 гг., зверху пададзены месцы гнездавання. 

Адной з самых цікавых рысаў многіх крумкачовых птушак ёсць супольныя начлегі. Зімуючыя каўкі і гракі таксама начуюць разам у вялікай колькасці.  

І калі ў светлую частку сутак чорных птушак можна сустрэць амаль  паўсюдна, то супольных месцаў начлегу ў Чэхіі вельмі мала – толькі каля 15, і ўсе яны ляжаць у нізінах.

 

Месцы, дзе гракі збіраюцца на начлег.

Дзень за днём, раніца за раніцай, вечар за вечарам сотні тысяч птушак лятаюць туды і назад: раніцай разлятаючыся па ўсёй краіне ў пошуках ежы, а штовечар вяртаюцца на адно з месцаў калектыўнага начлегу. Даследаванні з выкарыстаннем перадатчыкаў паказалі, што розныя птушкі лятаюць на розную адлегласць: ад некалькі сотняў метраў ад месца начлегу да 50 км.  

Што яшчэ можа жадаць для сябе чалавек, які займаецца вывучэннем кавак і гракоў, калі не жыць у такім горадзе, дзе гняздуюць абодва гэтыя віды і дзе ў дадатак узімку знаходзіцца адно з 15 для ўсёй Чэхіі месца супольнага іх начлегу?! 

Я маю шчасце жыць дакладна ў адным з такіх гарадоў: у маіх Пардубіцах (Pardubice Loc: 50°2'20.543"N, 15°46'34.791"E) гняздуюць 180-250 пар гракоў i 200-250 пар кавак для нашай краіны гэта сапраўды прыемнае выключэнне. Акрамя гэтага, ужо на працягу некалькіх апошніх год непасрэдна ў цэнтры гораду знаходзіцца месца іх супольнага начлегу. Што тычыцца колькасці птушак, якія ім карыстаюцца, то яно ўваходзіць у чацвёрку самых буйных – штозіму тут збіраюцца на ноч 35-40 тысяч птушак, прыблізна 60% з іх – каўкі. Для чытачоў з Беларусі хачу падкрэсліць, што па дадзеных кальцавання многія птушкі прыляцелі да нас з Беларусі.

 Я вельмі люблю хвіліны, калі птушкі грамадзяцца і рыхтуюцца да пералёту на месца начлегу. Прыкладна пасля 15 гадзіны ў горадзе пачынаюць з’яўляцца групкі і невялікія зграі птушак, якія ужо вярнуліся з месцаў харчавання. Чым менш часу застаецца да вечару, тым больш птушак і ва ўсё большай колькасці прылятае. Тыя, якія вяртаюцца здалёк, ляцяць даволі высока, часам іх цяжка заўважыць няўзброеным вокам і толькі кароткія галасы кавак паказваюць, што птушкі набліжаюцца. Потым птушкі кружацца ў шырокіх дугах, паступова змяншаючы вышыню палёту і, нарэшце, сядаюць дзе-небудзь на дрэвы каля сваіх братоў і сёстраў, якія прыляцелі трошкі раней. Месцы збору птушак размяшчаюцца часцей за ўсё некалькі дзесяткаў або сотняў метраў ад месца начлегу. Новыя і новыя зграі і невялікія групкі прылятаюць і сядаюць на навакольныя дрэвы, дахі і антэны на іх. Часам птушкі ўзносяцца ў паветра, кружаць і зноў сядаюць. Уся гэтая маса птушак яшчэ і крычыць. Усё павольна набліжаецца да вырашальнага моманту, які надыходзіць на смярканні. 

Тады, як па камандзе невядомага галоўнакамандуючага, ўсе птушкі падымуцца ў паветра. Восемдзесят тысяч чорных крылаў на некалькі хвілін літаральна закрываюць неба і сімфонія для сарака тысяч галасоў выразна чутна ў бліжэйшым наваколлі. Часам птушкі паднімаюцца і проста хутка ляцяць на свае начныя прысады – гэта працягваецца каля 5-7 хвілін, і неба сапраўды чарнее ад сілуэтаў птушак. А часам адбываецца сапраўдны спектакль, калі яны 15-20 хвілін нібыта таньчаць у паветры.

Дзесяткі тысяч птушак кружаць у паветры ў шматслойнай хмары і шырокімі кругамі паступова набліжаюцца да месцу начлегу. 

З-за таго, што ў нас месца начлегу кавак і гракоў знаходзіцца на беразе ракі Лабы, птушкі танцуюць часта над начнымі агнямі, якія прыгожа адлюстроўваюцца ў вадзе і усё гэта разам стварае незабыўныя, прыгожыя, рамантычныя пачуцці.

  

 Ляцяць. Фота Helena Faltysová

  

У вячэрнім змроку гракі чакаюць пэўны момант, калі ўсе разама падымаюцца ў паветра і ляцяць да месца начлегу. Фота Světlana Vránová.

 

 Птушкі ў начных агнях горада прыгожа адлюстроўваюцца ў вадзе ракі Лабе, усё гэта выклікае незабыўнае ўражанне і стварае рамантычную атмасферу. Фота Miloš Truhlář.

Я магла б на гэтых птушак глядзець гадзінамі. Аднак самая уражваючая фінальная сцэна працягваецца толькі некалькі хвілін і адбываецца ў прыцемках. Потым ужо птушкі сядзяць на сваіх прысадах і толькі час ад часу пералятаюць з дрэва на дрэва  - шукаюць найбольш зручнае месца для начлегу. Таму што ўжо хутка цямнее, шмат у гэты час не ўбачыць. Яшчэ гадзіну-дзве птушкі перамаўляюцца паміж сабой у вяршалінах дрэваў, а потым ужо паволі супакойваюцца і засынаюць...  

Раніцай адбываецца тое самае, толькі наадварот: птушкі групамі вылятаюць з месца начлегу, сядаюць на паблізкіх дрэвах, на развітанне трошкі “паразмаўляюць” і разлятаюцца ў пошуках ежы. Некаторыя далёка  - яны адразу ўздымаюцца высока і хутка знікаюць з вачэй. Іншыя застаюцца непасрэдна ў горадзе або праляцяць недалёка на бліжэйшыя палеткі. Дрэвы застаюцца самі па сабе. Але толькі да вечара, калі на іх вярнуцца іх зімовыя квартыранты. А яны напэўна вярнуцца і напэўна з выкананнем поўнай цырымоніі

 На фільміках у мяне атрымалася засняць грамаду птушак перад адлётам на месца начлегу. Тут бачна прыкладна 1/3 птушак, якія там былі на дрэвах і дахах.  

Святлана Вранава (Světlana Vránová)

Кіраўнічка Чэшскай групы даследавання кавак пры Чэшскім орніталагічным таварыстве (SVKO ČSO – Skupina pro výzkum kavky obecné při České společnosti ornitologické).

Comments

Вельмі цікавы артыкул і выдатныя мапы.

Здаецца, што ёсць адна недакладнасьць - паводле мапаў, гракі ляцяць у Чэхію на зімоўку не з Паўночнай, а з Паўднёвай Польшчы.

А увогуле цікава - чаму гракам ды каўкам трэба пералятаць некуды ў заходнім ці паўднёва-заходнім кірунку практычна ў межах арэалу ў зімовы час? Калі такія ж гракі могуць зімаваць у тых месцах, адкуль іншыя злятаюць?

Святлана, дзякуй. Выдатны артыкул. Ці Вы сустракалі гракоў з беларускімі кольцамі, ці чэшскія кольцы вярталіся з Беларусі? Мы напэўна маем расійскіх гракоў і кавак на зімоўцы. Восенню часам можна ўбачыць зграі чорных птушак у напрамку захаду. Згодна з Грычыкам у нас гняздуе  C. monedula soemmeringii, а ўзімку прылятае і намінальны падгатунак.

Ну, я думаю, што яны паводзяць сябе, як і іншыя віды. Толкі што іншыя менш прыкметныя. Сойка і арэхаўкі паводзяць сябе так жа...

 

Але гета робіць і шмат розных іншых гатункаў! Тут, у Чэшскай Рэспубліцы, зімуюць розныя качкі з поўначы – а нашыя, такіе ж віды, ляцяць ў Германію, Францыю, міжземнаморскія краіны. І тое ж самае адносіцца і да дробных птушак – Turdidae, Fringillidae, але нават і Paridae...

 

Проста гракі ды каўкі вельмі прыкметныя, таму мы іх заўважаем і пра іншыя не думаем.

 

Верагодна, для беларускіх гракаў ёсць чэшская зіма мякчэй, чым беларуская і беларуская зіма ёсць мякчэй для сібіпскіх...

 

Ну і не ведаю, что робяць вашыя птушкі, але нашыя злятаюць усё. Напрыклад, моі каўкі ў Пардубіцах зімуюць і нават у Пардубіце прілятаюць зімоваць чэшскія галкі з больш высокіх становішчаў над узроўнем мора. Аналагічна, здаецца, што і не усё гракі злятаюць...

 

Даследуем, кальцуем (колеровымі кольцамі), даведаемся... Не так проста, як здаецца. :-)

 

Не хацелася б раскрываць усе карты загадзя - дзякуючы Святлане ў нас з восені ляжыць адмысловы артыкул пра кальцаваньне - ў тым ліку каляровае - гракоў у Чэхіі. Там ёсьць падрабязна і пра рэгістрацыі ў Чэхіі і Беларусі.

Раньняй вясной апублікуем, дадаткова заклікаючы людзей глядзець на гракоў - можа хто заўважыць птушак з жоўтымі чэшскімі кольцамі. Плануем і ТБ падключыць. 

AV - так, у нас ёсць 22 гракаў, якія былі кальцеваныя каля Пардубіц і затым іх бачылі ў Беларусі. Я пра гэта тут ужо калісці пісала, але на жаль я не ведаю, як тут на сайце знайсці ранейші каментар. :-(((

Гракаў кальцуе калега Йіржі Яэсак у вёсцы Рабы каля Пардубіц. У артыкулу пра каляровае кальцаваньне ўсё будзе апісана. Цяпер толькі крыху па-польску:

Od 17 543 zaobrączkowanych gawronów w Rabech uzyskałem 117 zagranicznych zgłoszeń.

Polska – 32 zgłoszeń Belaruś – 22 zgł. Rosja – 22 zgł. Niemcy – 17 zgł. Francja – 11 zgł. Ukraina – 9 zgł. Węgry – 3 zgł. Austria – 1 zgł.

Калі ёсць пытанні, пішыце калі ласка на майл sve.crow.crow@seznam.cz

28 сакавіка 2016 года ў Кобрыне адзначаны акальцаваны грак ( Corvus frugilegus ) Зроблена фота, літары і лічбы N. Mus um  PRA A             D 19798

Гэта тое, што бачна на фота, пазней дашлю фота кальца, птушка падпускае, але сфоткаць усё напісанае не магчыма. Інфармацыя Нона Кацюбка, Кобрын

Дзякуй, Алег! На жаль, гэта не наш грак (значыць не быў акалцаваяы Йіркам Чэсакам у вёсцы Рабы каля Пардубіц). А яшчэ, на вялікі жаль, адсутнічае апошні нумар (павінно быць 5 лічбаў) Шкада, паспрабуйце яго яшчэ адчытаць калі ласка!

Паспрабую даведацца, калі прыкладна і дзе быў закальцаваны (калі не ў нас, то падобна на другім месцу кальцавання каля Прагі.