Нарэшце падведзены вынікі па апісанню невядомых для навукі відаў жывых істот за 2009 год. Дзякуючы цяжкай працы навукоўцаў, якія апісалі і назвалі 19.232 віды,мы наблізіліся да лічбы ў амаль два мільёны відаў, апісаных на Зямлі – калі быць больш дакладнымі, то цяпер нам вядомыя і маюць адпаведныя назвы 1.941.939 відаў, паведамляе State of Observed Species (SOS).
Адкрыцці 2009 году ўключаюць 7 новых відаў птушак, 41 звяроў, 120 відаў рэптылій, 148 відаў амфібій, 314 відаў рыб, 626 відаў ракападобных і 9.738 відаў насякомых. За той жа перыяд часу апісаны 1.360 відаў невядомых для навукі грыбоў і 2.184 новых відаў раслін.
Колькасць апісаных новых івдаў у параўнанні з 2008 годам павялічылася на 5,6%. Насякомыя адказныя за амаль палову новых відаў, тады як наступны вялікі таксон – расліны - мае ў сваім актыве 11,3% ад усіх апісаных у 2009 г. відаў.
Цікава, што большасць новых відаў сярод насякомых – жукі (3.485 відаў), тады як большасць новаапісаных амфібій – 90% - жабы. Сярод іншых таксонаў у звяроў у колькасці апісаных відаў лідзіруюць кажаны і грызуны (разам 83% ад усіх новых відаў млекакормячых). Большасць невядомых для навукі відаў была знойдзена ў багатых на біяразнастайнасць месцах – такіх, як дажджавыя лясы або амаль недаследаваныя біятопы пячораў ці глыбінь акіянаў.
І хаця з часоў Лінэя апісаны амаль два мільёны відаў жывых істотаў, навукоўцы цвердзяць, што яшчэ шмат чаго застаецца невядомым нам.
"Нашы абаснаваныя ацэнкі – 10 мільёнаў дадатковых відаў раслін і жывёл яшчэ чакаюць апісання навукоўцамі і натуралістамі” – сказаў аўтар справаздачы Куэнцін Уілер (Quentin Wheeler), энтамолаг з ASU. Калі захаваюцца тэмпы апісання новых відаў у будучыні, на гэтую працу спатрэбіцца яшчэ каля 400 год - і гэта без уліку невядомых для навукі мікробаў!
Калі ж браць у разлік і гэтую вялізарную групу жывых істот,часу на апісанне спатрэбіцца каля тысячагоддзя.
"Існуюць погляды, што толькі ў марской вадзе яшчэ неапісаны каля 20 мільёнаў мікраарганізмаў” – сказаў Уілер. У 2009 годзе былі апісаныя (толькі…) 1.107 новых відаў мікробаў.
Цяпер, калі праца над дадзенымі за 2009 год скончаная, навукоўцы мяркуюць, што ў будучыні ім трэба паскорыць яе.
"Для таго, каб знайсці і атрымаць усе магчымыя дадзеныя для новых відаў са Свету жывёл патрэбныя амаль два гады. З-за таго, што для з’яўлення публікацый патрэбны час, мы ўжо цяпер маем вялікае адставанне ад апошніх вядомых дадзеных”.
Не гледзячы на тое,што штогод апісваюцца тысячы новых відаў, нашмат больш могуць знікнуць да свайго фармальнага апісання. Сучасныя тэмпы знікнення арганізмаў павялічыліся ў параўнанні з вядомымі нам дзякуючы палеанталогіі для розных таксонаў у сотні ці нават тысячы разоў. Таму навукоўцы непакояцца за захаванне біяразнастайнасці, якая з’яўляецца асновай устойлівага жыцця нашай планеты.
Паводле www.news.mongabay.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ