Сівагракі пахнуць страхам

Птушаняты сініх сівагракаў (Coracias garrulus) вымятуюць на сябе недаператраўленыя рэшткі ежы і страўнікавы экстракт, калі іх гняздо знаходзіцца ў небяспецы. Такім чынам атрымліваецца “пах страху”, які здольныя ўспрымаць птушкі-бацькі – да такіх высноваў прыйшлі даследчыкі з Гішпаніі. 

Вельмі пахучая аранжавага колеру экскрэкцыя таксама робіць птушанят менш прывабнымі як здабычу для драпежнікаў. Калі ж дарослыя птушкі прылятаюць на гняздо, яна інфармуе іх пра тое, што ў іх адсутнасць гняздо падвяргалася небяспецы.


Навукоўцы працавалі з сінім сівагракам у кантраляванай папуляцыі у Альмерыі (Паўднёва-Усходняя Гішпанія), дзе частка птушак гнездавала ў гнездавых скрынях, а другая – ў старых гнёздах іншых птушак, дуплах і расшчылінах у дрэвах і скалах. Даследчыкі спраўджвалі тэорыю “пахавых сігналаў” праз простыя эксперыменты на актыўных гнёздах сівагракаў. Яны назіралі на працягу паловы дня за 15 гнёздамі, дзе птушаняты мелі больш за 10 дзён (прыкладна з гэтага часу дарослыя птушкі не сядзяць больш з імі ў гняздзе). З дапамогай пэндзля на уваходную адтуліну 9 дуплаў і гнездавых скрынь наносілася невялікая колькасць (1 мл) пахучай “вадкасці страху” ад птушанят, а на 6 пазасталых – арамат лімона. На працягу наступных 100 хвілін назіралі за дзеяннямі дарослых птушак. Даследчыкі, якія назіралі за гнёздамі, не ведалі, на якіх дуплах быў “пах страху”, а на якіх – не. Атрымалася, што бацькі з гнёздаў з “пахам страху” рэагавалі на яго з большай асцярожнасцю і ў іх заляцець у гняздо заняло больш часу, чым у бацькоў з гнёзд з пахам лімону.
 

Іншыя птушкі, для якіх вядома падобная абаронная стратэгія - глупышы (Fulmarus glacialis), якія выплёўваюць на атакуючых іх марскіх птушак стрававальную вадкасць і тым самым знішчаюць ненамакальнасць іх апярэння. Аднак менавіта сіваграк стаў першай птушкай, якая паведамляе іншым асобінам свайго віду пра небяспеку з дапамогай паху. Яшчэ адзін незвычайны выпадак апісаны для іншага марскога віду птушак – вялікай канюгі (Aethia cristatella). Там было знойдзена, што птушкі выдзяляюць цытрусападобны пах для таго, каб прыцягнуць увагу птушак супрацьлеглага полу. Тым не менш, мноства жывёл – ад насякомых да прыматаў выкарыстоўваюць “пах страху” для таго, каб засцерагчы асобін свайго віду пра небяспеку.
 

Спецыфічны пах дазваляе дарослым птушкам своечасова і загадзя даведацца пра магчымую небяспеку і адпаведна своечасова адрэагаваць на яе, а пасля яе знікнення вярнуцца да тых птушанят, якія маглі выжыць.


Апублікавана:
Parejo, D, Amo, L, Rodríguez, J and Avilés, J M. 2012. Rollers smell the fear of nestlings. Biology Letters doi: 10.1098/rsbl.2012.0124.


Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак сіваграка ля гнездавой скрыні - Edmunds Racinskis


На гэтую тэму:

ГНЕЗДОВАЯ БИОЛОГИЯ СИЗОВОРОНКИ (CORАCIAS GARRULUS) В БЕЛАРУСИ