Хаця я даўно ведаю пра вельмі своеасаблівыя паводзіны гэтага віду, тым не менш калі іх назіраю, не перастаю здзіўляцца. Найлепш яны праяўляюцца сапраўднай зімой, калі снег пакрые палеткі і іншыя мясціны, дзе жаўрукі-смецюхі (Galerida cristata) могуць харчавацца. Тады яны вымушана трымаюцца ўзбочын дарог, прычым не так важна які на тых дарогах рух - амаль адсутнічае ці машыны ездзяць адна за адной. Хаця гэта не зусім правільная фармулёўка, бо для птушак усё ж важна, каб па гэтай, абранай імі дарозе, трактары вазілі салому (яна часта выпадае з прычэпа і разам з ёй - трошкі зерня) і/ці каб ўдзоўж узбочыны расло пустазелле, насенне якога ратуе жаўрукоў так доўга, як гэтае насенне на ім ёсць.
А вось колькі па дарозе праязжае транспарту і сапраўды для іх не важна. Бо яны НЕ ЎЗЛЯТАЮЦЬ, калі аўто праязжае нават у 50 см ад іх, і ўвогуле здаецца, што не заўважаюць машын. А калі гэта грузавік ці аўтобус, то ўсё ж рэагуюць - адбягаюць ад дарогі, але недалёка, звычайна не больш, чым на паўметра і потым вяртаюцца туды, дзе былі. Я не ведаю іншага віда, які б паводзіў сябе падобным чынам. Гэта - сапраўднае бясстрашша, якое дае магчымасць (калі не выходзіш з машыны) назіраць за імі і здымаць ва ўпор - як на гэтых здымках.
0-01-2026, Гродзенскі раён.
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
Працяг будзе
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ