Падрабязнае даследаванне выкапневых і больш сучасных парэшткаў гавайскага буравесніка (Pterodroma sandwichensis) паказала як катастрафічна змяніўся спектр харчавання гэтых птушак.
Даследчая група з Michigan State University і Smithsonian Institution (ЗША) аналізавала склад костак буравеснікаў, якія большую частку жыцця праводзяць у адкрытым акіяне, шукаючы ежу. Атрымаліся нечаканыя вынікі: паводле ізатопнага аналізу, спектр харчавання птушак значна змяніўся на карысць марскіх арганізмаў з больш нізкіх узроўняў піраміды харчавання.
Артыкул быў надрукаваны ў апошнім нумары часопіса Proceedings of the National Academy of Sciences, і прымусіў навукоўцаў непакоіцца не толькі пра лёс буравеснікаў, але і іншых марскіх птушак.
“Атрыманыя дадзеныя шакуючыя, таму што сведчаць пра велізарныя змены ў акіянічных харчовых ланцугах з-за дзейнасці чалавека” – сказала Пеггі Острам (Peggy Ostrom), адна з аўтарак артыкула. “Наша даследаванне – адно з першых, якое адрасавана вялікай загадцы акіянаграфіі: ці з’яўляецца прамысловае рыбалоўства пагрозай толькі некаторым відам жывёл, ці яно значна змяняе ўсе акіянічныя харчовыя ланцугі і такім чынам адмоўна ўздзейнічае на мноства відаў?”
Склад харчавання буравеснікаў вызначаўся па ўтрыманню ізатопаў азоту 15 і 14 у іх костках. Агульна кажучы, чым больш было ізатопу 15, тым большых памераў рыбу, асміногаў і ракападобных з’елі ў свой час птушкі.
У костках птушак, якія жылі паміж 4 тысячамі і 100 гадамі таму, было шмат ізатопу азоту 15 – г. зн., яны елі здабычу параўнальна вялікіх памераў. Аднак з пачаткам прамысловага рыбалоўства ў Ціхім акіяне, якое моцна распаўсюдзілася з кантынентальных шэльфаў на больш аддаленыя ад берагоў акіянічныя ўчасткі прыкладна ў 1950-я гг., ўтрыманне ізатопу 15 у костках буравеснікаў пачало змяншацца, што сведчыць пра значную змену складу харчавання птушак у бок меншай здабычы.
1700 выкапневых костак буравеснікаў збіраліся на працягу 30 год на месцах гнездавання віду – Гавайскіх астравах. Буравеснікі гняздуюць у глыбокіх скальных шчылінах і пячорах, дзе памерлыя птушкі ў выглядзе скамянелых костак адкладваліся тысячы гадоў.
Далейшыя даследаванні патрэбныя, каб дакладна сказаць пра тое, як менавіта сказаліся значныя змены ў структуры харчавання буравеснікаў на іх поспеху гнездавання і колькасці.
Паляўнічыя акваторыі гавайскіх буравеснікаў расцягнутыя ад экватару да Алеўцкіх астравоў і могуць шмат паведаміць пра змены ў гэтым асяроддзі. Калі гэтыя птушкі былі вымушаныя такім чынам змяніць сваю дыету, то як прамысловае рыбалоўства змяніла жыццё іншых акіянічных жывёл?
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак з www.nps.gov
На гэтую тэму:
ЛЮДЗІ ЗНІШЧЫЛІ БОЛЬШ ЗА 10% УСІХ ВІДАЎ ПТУШАК СВЕТУ, КАЛІ КАЛАНІЗАВАЛІ ЦІХААКІЯНСКІЯ АСТРАВЫ
САМАЯ СТАРАЯ ПТУШКА Ў ПРЫРОДЗЕ ІЗНОЎ ВЫГАДОЎВАЕ ПТУШАНЯ
КАЧУРКІ ПА ПАХУ АДРОЗНІВАЮЦЬ КРЭЎНЫХ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ