Сайт “Птушкі штодня” (Вirdwatch.by) разам з Гродзенскім абласным аддзяленнем ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) і турыстычнай кампаніяй “PeregrinusCompany” (www.peregrinus.by) абвяшчае чарговы фотаконкурс “Магія дзікай прыроды Беларусі -2014”, прысвечаны адлюстраванню прыгажосці беларускай прыроды на здымках.
Палажэнне аб фотаконкурсе «Магія дзікай прыроды - 2014»
Час правядзення: конкурс (размяшчэнне здымкаў) з 1 студзеня да 1 верасня 2014 г. Падвядзенне і абвяшчэнне вынікаў – да 5 снежня 2014 г.
Памеры сыходных здымкаў (арыгіналаў): павінны быць дастатковыя для іх якаснага друку памерам мін А4;
для размяшчэння на сайце: ад 900 да 1024 пікселяў па шырокаму боку для гарызантальных здымкаў і 768 пікселяў па доўгаму боку для вертыкальных, або блізкія да гэтых памеры пры іншым фармаце здымка.
Размяшчэнне здымкаў: для ўдзелу ў фотаконкурсе неабходна самастойна пасля рэгістрацыі на сайце Вirdwatch.by размясціць свае здымкі ў адпаведнай катэгорыі: “Птушкі”, “Іншыя жывёлы”, “МакраСвет” і “Краявіды” ў Галярэі на сайце. Здымак, размешчаны на конкурс, павінен мець назву і як мінімум, пазнаку аўтарства (на самім здымку ці пад ім у якасці подпісу). Таксама пажадана дадаваць дату і месца стварэння здымку (апошняя ўмова абавязковая для здымкаў у намінацыі “Краявіды”). Згодна з пажаданнем аўтара, здымкі можа размяціць таксама адзін з мадэратараў сайту. Для гэтага яны павінны быць атрыманыя ў адпаведных для размяшчэння якасці і памеры з выкананнем вышэй пазначаных патрабаванняў на адзін з двух адрасоў: harrier@tut.by або tyteishi@gmail.com
Фотаздымкі прымаюцца і аценьваюцца ў чатырох намінацыях:
1. «Магія дзікіх птушак» - здымкі дзікіх птушак у прыродных умовах, зробленыя на тэрыторыі Беларусі або відаў, уключных у Спіс птушак Беларусі.* Здымкі на гэтую намінацыю размяшчаюцца ў катэгорыю “Птушкі” Галерэі. На конкурс у гэтай намінацыі не прымаюцца здымкі, якія ўдзельнічалі ў фотаконкурсах “Магія дзікай прыроды-2013” і “Птушкі ў аб’ектыве” да 2012 г. уключна.
2. «Магія дзікіх жывёл» – здымкі дзікіх жывёл (акрамя птушак) у прыродных умовах, зробленыя на тэрыторыі Беларусі або відаў нашай фауны.* Здымкі на гэтую намінацыю размяшчаюцца ў катэгорыю “Іншыя жывёлы” Галерэі.
3. «Магія МакраСвету» – здымкі жывых і нежывых прыродных аб’ектаў, зробленыя ў прыродзе ў рэжыме Макра на тэрыторыі Беларусі. Здымкі на гэтую намінацыю размяшчаюцца ў катэгорыю “МакраСвет” Галерэі.
4. «Магія краявідаў» – здымкі прыродных ці іншых ландшафтаў на тэрыторыі Беларусі, на якіх выразна і цікава паказаны прыродныя элементы і/ці аб’екты. Здымкі на гэтую намінацыю размяшчаюцца ў катэгорыю “Краявіды” Галерэі.
* На конкурс не прымаюцца здымкі, якія дэманструюць занятыя гнёзды птушак і/ці логавы звяроў, птушанят і/ці маленькіх дзіцянятаў звяроў, ці для стварэння якіх быў выкарыстаны фотамантаж. У спрэчных сытуацыях рашэнне Журы канчатковае і не можа быць абскаржанае.
Рэдакцыя сайту застаўляе за сабой права змяняць намінацыю здымка, калі ён яўна праз памылку размешчаны ў неадпаведнай.
Абмежаванні колькасці конкурсных здымкаў
На конкурс ад аднаго аўтара ці ў суаўтарстве прымаецца неабмежаваная колькасць здымкаў адпаведнага памеру і якасці.
Ў выпадках, калі паводле сюжэту і кампазіцыі будуць размешчаны некалькі яўна аднатыпных здымкаў таго ж аўтара, яны могуць быць зведзеныя ў серыю і размешчаныя адзін пад адным рэдакцыяй сайту.
Падвядзенне вынікаў.
Штомесяц з кожнай намінацыі ў фінал праходзяць не больш 5 здымкаў (не больш 10 з намінацыі “Магія дзікіх птушак”), якія маюць найбольшы сярэдні бал на 6-ы дзень наступнага месяца ў выніку галасавання зарэгістраваных карыстальнікаў сайту www.birdwatch.by . Калі больш 5 (10 з намінацыі “Магія дзікіх птушак”) здымкаў-фіналістаў месяца маюць аднолькавы бал, у фінал праходзяць тыя, якім паставілі адзнаку больш карыстальнікаў. У выпадку, калі і гэтыя паказчыкі будуць аднолькавымі, у фінал фотаконкурсу праходзіць здымак, які быў размешчаны раней.
Найлепшыя здымкі за студзень-люты будуць адбірацца па выніках аценак, атрыманых да 6 сакавіка ў падвойнай максімальнай колькасці для усіх намінацый.
Да 5 кастрычніка 2013 г. міжнароднае Журы са здымкаў-фіналістаў выбірае не больш трох здымкаў-пераможцаў у кожнай з чатырох намінацый, выстаўляючы свае аценкі ўсім здымкам-фіналістам. Калі больш за адзін здымак таго ж аўтара трапляе паводле аценак Журы ў тройку лепшых у любой з намінацый, у тройцы застаецца толькі адзін здымак аўтара, які атрымаў найбольшы бал, а на месца іншых здымкаў гэтага аўтара аўтаматычна падымаюцца здымкі іншых аўтараў з наступных месцаў па колькасці атрыманых балаў. Да 15 кастрычніка аўтары здымкаў-пераможцаў павінны даслаць на адрас арганізатараў, які будзе ім паведамлены, элетронны варыянт здымка-пераможца ў максімальным разрашэнні для бясплатнага выкарыстання ў якасці ілюстрацыі да аднаго з месяцаў на календары на 2015 г., які будзе надрукаваны да канца лістапада.
Калі здымак у адпаведным для друку разрашэнні не будзе своечасова атрыманы, арганізатары фотаконкурсу застаўляюць за сабой права адабраць з ліку здымкаў-фіналістаў, высока адзначаных Журы, іншы здымак для друку ў календары і запрасіць яго электронны варыянт у аўтара.
Штомесячныя прамежкавыя і канчатковыя Вынікі абвяшчаюцца на сайце www.birdwatch.by для ўсіх намінацый.
Час і месца афіцыйнага абвяшчэння вынікаў з прэзентацыяй календара са здымкамі-фіналістамі і запрашэннем іх аўтараў адбудзецца не пазней за 5 снежня.
Прызы і ўзнагароджанне пераможцаў.
Па тры лепшыя здымкі з кожнай з чатырох намінацый будуць надрукаваныя ў вялікіфарматным каляровым календары на 2014 год, які будзе распаўсюджвацца бясплатна сярод самых актыўных карыстальнікаў нашага сайту і тых, хто падтрымлівае развіццё назіранняў за птушкамі ў Беларусі. Аўтары гэтых здымкаў будуць запрошаныя на афіцыйную прэзентацыю календара ў Гродна і ўрачыста атрымаюць: за здымак, які займе Першае месца ў любой з чатырох асноўных намінацый – 10 асобнікаў календара, за здымак, які займе другое месца – 7 асобнікаў, за здымак, які займе трэцяе месца – 5 асобнікаў.Аўтары здымкаў-пераможцаў, якія не змогуць атрымаць календары непасрэдна пад час афіцыйнай прэзентацыі, атрымаюць іх бясплатна па пошце на ўказаны імі адрас у межах Беларусі.
Па ўзгадненні з аўтарамі лепшых здымкаў, пасля абвяшчэння вынікаў фотаконкурсу, яны могуць быць выкарыстаныя Арганізатарамі для стварэння фотавыставы “Магія дзікай прыроды -2014”.
На гэтую тэму:
СТО ЛЕПШЫХ ЗДЫМКАЎ ФОТАКОНКУРСА "МАГІЯ ДЗІКАЙ ПРЫРОДЫ-2013"
ВЫНІКІ ФОТАКОНКУРСУ “МАГІЯ ДЗІКАЙ ПРЫРОДЫ БЕЛАРУСІ-2013 “ – ПЕРАМАГЛІ ЛЕПШЫЯ!
"МАГІЯ ДЗІКАЙ ПРЫРОДЫ БЕЛАРУСІ" ПАШЫРАЕ КОЛА СВАІХ ПРЫХІЛЬНІКАЎ- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ