Дыназаўры мусілі моцна зменшыцца, каб стаць птушкамі

 Вялікія мясажэрныя дыназаўры ператварыліся ў птушак, пастаянна змяншаючы свае памеры на працягу больш 50 мільёнаў гадоў. За гэты час продкі птушак Тэраподы (Theropods) зменшылі сваю масу прыкладна ў 200 разоў: са 163 кг да 0,8 кг.  

Цікава, што тэраподы былі адзінай вядомай нам групай дыназаўраў, якая пастаянна змяншала памеры сваіх прадстаўнікоў. Іх шкілеты таксама змяняліся ў 4 разы хутчэй, чым у іншых груп дыназаўраў. Вынікі гэтага параўнання былі апублікаваныя ў часопісе Science.

Шматлікія папярэднія работы паказалі, што менавіта група тэрапод, прадстаўнікамі якой былі, напрыклад, Tyrannosaurus rex і Velociraptor, дала пачатак сучасным птушкам.  

Змена памераў цела была параўнальна частай у гісторыі дыназаўраў, таму каманда даследчыкаў, якую ачольваў Майк Лі (Mike Lee) з універсітэту Адэлаіды (Аўстралія), захацела праверыць, ці такое паслядоўнае і пастаяннае памяншэнне памераў цела ўнікальнае. 

Аўтары даследавання выкарысталі складаную матэматычную мадэль, каб прааналізаваць больш за 1500 розных рысаў дыназаўраў у 120 відаў тэрапод і ранніх птушак. Дзякуючы гэтаму яны стварылі “сямейнае дрэва” са зменамі тэрапод у птушак. Яно прасочвае марфалагічныя адаптацыі і змены памераў цела.  Атрымалася, што памеры цела тэрапод пачалі змяншацца прыкладна 200 мільёнаў год таму. Акрамя гэтага, паступова з’явіліся пер’я, крылы і спецыфічныя косткі, якія дапамагаюць палёту. 

Ўсё гэта дазволіла з часам узбірацца на дрэвы, пералятаць з дапамогай планіравання ў іншыя месцы і потым нават лятаць. Зразумела, што спачатку новыя марфалагічныя ўтварэнні маглі выконваць іншыя функцыі, якія з часам і са змяншэннем памераў цела сталі ўсё больш адпавядаць птушыным. 

Паводле www.bbc.co.uk (тэкст і малюнак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі 

 

На гэтую тэму:

 КРЫЛЫ ДЫНАЗАЎРАЎ УЗНІКЛІ ДЛЯ ШЛЮБНЫХ ПАКАЗАЎ 

 Крэўны тыраназаўра – самая вялікая апераная істота на Зямлі

 ЯК ВЫКАРЫСТОЎВАЛІ ПЕР’Е ДЫНАЗАЎРЫ?

 НОВЫ ДЫНАЗАЎР ДАПАМАГАЕ ЗРАЗУМЕЦЬ ЯК ПАЎСТАЛА КРЫЛО ПТУШАК 

 Знойдзены парэшткі “чатырохкрылага” дыназаўра

 Чатырохкрылыя дыназаўры мелі чорнае пер’е з металічным адлівам

 Новыя віды выкапнёвых птушак

  АПІСАНА САМАЯ ВЯЛІКАЯ ПТУШКА, ЯКАЯ КАЛІ-НЕБУДЗЬ ЛЯТАЛА