Апошнія даследаванні паказалі, што крылы ў дыназаўраў узніклі не толькі раней, чым лічылася, аднак і іх функцыя была значна іншай, чым у птушак – яны выкарыстоўваліся пад час шлюбных гульняў (courtship displays).
Артыкул, апублікаваны ў часопісе Science апісвае тры знаходкі дыназаўраў з групы Ornithomimosaur, знойдзеных у Канадзе.
Група Ornithomimids (з лаціны – “мімікрыючыя пад птушак”) – вельмі падобныя да сучасных страусаў дыназаўры, якія мелі бяззубую дзюбу, вялікія вочы і доўгія ногі, аднак яшчэ ў іх быў доўгі і тоўсты хвост.
Новыя выкапневыя асобнікі былі знойдзены ў адкладах старажытнай ракі ў правінцыі Альберта. Яны далучылі да іншых дыназаўраў з пёрамі, якія былі знойдзены ў асадкавых пародах старажытных азёр у Кітаі і Германіі, для якіх наяўнасць пёраў была паказана адмысловымі насечкамі ад ачынаў на костках і выразнымі адзнакамі ад пер’я на навакольнай выкапневай пародзе.
Тым не менш, новыя выкапневыя дыназаўры паходзяць з даволі аддаленай галіны дрэва дыназаўраў, чым апераныя дыназаўры, вядомыя дагэтуль.
"Дыназаўры з крыламі, знойдзеныя раней у Кітаі, значна бліжэйшыя да птушак” – сказала Дэрла Зеленіцкі (Darla Zelenitsky) з універсітэту Кэлгэрі (Канада). "Знойдзеныя намі дыназаўры больш прымітыўныя і аддаленыя ад продкаў птушак. Гэта паказвае, што крылы ўзніклі раней, чым думалі дагэтуль.”
Аднак найбольш цікавым адкрыццём ёсьць не гэта, а тое, што хаця і маладыя, і дарослыя дыназаўры паказалі аперанасць практычна ўсяго цела мяккімі, пухападобнымі пёрамі, толькі ў дарослага асобніка ёсць pennibrachium – структура, падобная на крыло. Ў дадатак, яно пакрыта нашмат даўжэйшымі пёрамі, чым цела.
"Наяўнасць такіх прымітыўных крылаў у параўнальна вялікіх дыназаўраў сведчыць пра тое, што крылы ўзніклі не для палёту, а іх развіццё толькі ў дарослых асобін кажа пра тое, што яны былі патрэбныя ў дарослым жыцці – магчыма, для ўдзелу ў шлюбных гульнях” –сказала д-р Зеленіцкі.
Новыя знаходкі дапамогуць даць больш дэталёвы адказ на пытанні калі і для чаго ўзніклі пёры.
Паводле www.news.bbc.co.uk (тэкст і ілюстрацыі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую тэму:
Крэўны тыраназаўра – самая вялікая апераная істота на Зямлі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ