Першае падрабязнае даследаванне поспеху гнездавання мадагаскарскага нырка (Aythya innotata) паказала, што 96% качанят гэтага самага рэдкага віду качак паміраюць яшчэ да таго часу, як навучацца лятаць. Хаця б па гэтай прычыне невялічкая пазасталая ў прыродзе папуляцыя ніколі не зможа павялічыць сваю колькасць без сур’ёзнай дапамогі чалавека.
Работа, вынікі якой былі апублікаваныя ў часопісе Bird Conservation International, кажа пра тое, што смяротнасць у качанят павялічваецца з іх узростам і мае найбольшы ўзровень, калі птушаняты маюць ад двух да трох тыдняў. Паводле праведзеных назіранняў атрымалася, што большасць птушанят паволі памірае ад голаду пасля таго, як дасягаюць узросту самастойнага здабыцця ежы, аднак вада ў даступных месцах харчавання заглыбокая для іх.
У прыродзе засталося толькі 25 дарослых мадагаскарскіх ныркоў, прычым усе яны жывуць толькі на адным азёрным комплексе на паўночным усходзе Мадагаскару ў мясцовасці Bemanevika. Паводле праведзеных раней даследаванняў, непадобна, што раней гэты від тут сустракаўся, аднак ныркі былі вымушаныя пераляцець сюды з іншых азёр на востраве, бо там пачалося інтэнсіўнае вырошчванне рысу і развядзенне рыбы.
Д-р Эндр’ю Бэмфорд (Dr Andrew Bamford), старэйшы даследчык з Траста вадаплаўных птушак і водна-балотных угоддзяў (WWT)(Вялікабрытанія), які ачольваў правядзенне даследаванняў, сказаў: "Апошні прытулак ныркоў – гэта апошні незасвоены чалавекам водна-балотны комплекс на востраве, аднак ён не пасуе качкам у поўнай меры, таму што не заспакойвае іх жыццёвыя патрэбы на працягу ўсяго іх жыццёвага цыклу. Падобныя праблемы з выжываннем меў, напрыклад, чырвоны каршун у Вялікабрытаніі, калі гэтая птушка нізін была рэінтрадукаваная ў горы Ўэльсу, або апошнія гавайскія казаркі на Гаваях, дзе птушкі былі выціснутыя інтрадукаванымі на астравы драпежнікамі з лугоў на малаадпаведныя для іх схілы вулканаў. Для таго, каб захаваць мадагаскарскіх ныркоў, мы павінны заснаваць папуляцыю на іншым вялікім, але неглыбокім возеры. Ў 2009 годзе адпаведна з праектам па ратаванню віду было распачатае яго развядзенне ва ўмовах няволі і цяпер там утрымліваецца ўжо 54 дарослых качкі. Мы знайшлі падыходзячае для качак месца недалёка ад цяперашняга іх прыбежышча, аднак яно патрабуе ўзнаўлення яго прыродных уласцівасцяў, якое мы не можам правесці без згоды мясцовага насельніцтва. І мы ўжо пачалі пра гэта пермовы з яго прадстаўнікамі.”
Эндэмік Мадагаскара, мадагаскарскі нырок, вельмі падобны да белавокага нырка, распаўсюджанага ў Еўразіі. Некалі шырокараспаўсюджаны від на Мадагаскары, ён амаль знік да пачатку 1960-х гадоў яшчэ да таго, як было праведзена хоць нейкае вывучэнне асаблівасцяў біялогіі і экалогіі віду і доўгі час лічыўся цалкам зніклым.
Від быў перадкрыты, калі ў 2006 годзе камандзе з Peregrine Fund удалося знайсці апошніх 13 качак на маланаведвальным балоце ў вулканічным раёне. Пасля гэтага, спецыялісты з WWT, Траста аховы прыроды Даррэла (Durrell Wildlife Conservation Trust) і Peregrine Fund правялі шэраг даследаванняў каб даведацца найбольш пра жыццё пазасталых качак. Былі размешчаны плаваючыя платформы для адпачынку птушак, дзе навукоўцамі збіраліся пер’е і памёт качак, картаграфавалася донная частка возера з дапамогай санараў і аналізаваўся склад і структура донных адкладаў. Акрамя гэтага, інтэнсіўна вывучаліся паводзіны ныркоў.
Водна-балотны комплекс, які ўтварыўся пасля вывяржэння вулкана там, дзе былі знойдзены апошнія качкі, ўяўляе з сябе некалькі забалочаных азёр з глыбокай вадой і абрывістымі берагамі. Даследаванне донных адкладаў паказала, што нават каб качаняты маглі без цяжкасцяў данырваць да дна, там зусім нешмат падыходзячай ім ежы. Дзякуючы назіранням за качкамі выявілася, што качаняты да двухтыднёвага ўзросту харчуюцца з паверхні вады, а потым пачынаюць ныраць за ежай, аднак не могуць дастаць яе з-за неадпаведнай для іх глыбіні. Нешмат птушанят дажываюць нават да месячнага ўзросту, і нават яны маюць неадпаведную вагу і недаразвітае для свайго ўзросту апярэнне.
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.pbase.com
На гэтую тэму:
Выратаваць самую рэдкую качку на Свеце
Знайшліся грошы, каб выратаваць самую рэдкую качку на Свеце
Прыярытэты ў ахове птушак расстаўлены няправільна
ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ
Крызіс знікненняў паглыбляецца
НА ЗЯМЛІ АФІЦЫЙНА ЗНІКЛІ ЯШЧЭ 13 ВІДАЎ ПТУШАК
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ