На Зямлі афіцыйна зніклі яшчэ 13 відаў птушак

 Пад час сёлетняй пераацэнкі колькасці відаў птушак і іх статусу для Чырвонага спісу Міжнароднага саюзу аховы прыроды (МСАП), навукоўцы афіцыйна прызналі зніклымі на нашай планеце яшчэ 13 відаў птушак (з 1500 году). Цяпер агульная колькасць зніклых у гістарычныя часы відаў птушак дасягнула 140, што адпавядае 1,3% вядомых на сёння сучасных відаў. 

  Новыя зніклыя віды былі дададзены да сумнага спісу па розных прычынах: 7 з 13 былі нядаўна апісаны па выкапневых парэштках пасля раскопак на Бермудзкім архіпелагу і астравах Маўрыкій, Радрыгес і Тонга. Чатыры дагэтуль лічыліся падвідамі, але былі прызнаныя паўнапраўнымі відамі пасля пераацэнкі іх статусу сістэматыкамі. Яшчэ два віды былі апісаны задоўга да 2014 году, аднак паводле новых дадзеных качка Фінсча Finsch's duck (Chenonetta finschi) і пастушок Годгенаў Hodgen's waterhen (Tribonyx hodgenorum) зніклі ўжо пасля 1500 году, і, значыць, трапляюць у Спіс зніклых, які МСАП вядзе толькі для відаў, якія зніклі пасля пачатку ХVI стагоддзя. 

Бакас з Паўночнага востраву (Coenocorypha barrierensis) Новай Зеландыі быў вынішчаны яшчэ ў 1870-я гг. Невядомы мастак.

Усе новыя афіцыйна зніклыя віды былі астраўнымі птушкамі, якія зніклі з-за неабмежаванага палявання на іх чалавекам і інвазійных інтрадукаваных відаў жывёл, такіх як пацукі. І хаця большасць гэтых відаў была вынішчана параўнальна даўно – 100 і больш год таму, бакас з Паўднёвага вострава Новай Зеландыі South Island snipe (Coenocorypha iredalei) існаваў нават да 1964 году, калі 2 апошнія птушкі памерлі ў няволі. 

Навукоўцы таксама афіцыйна выдалілі са Спісу зніклых 6 відаў птушак. Большасць з іх магла нават не існаваць, бо ў якасці адзінага доказу па іх засталіся толькі адзінкавыя ўпамінанні вучоных-падарожнікаў з эпохі вялікіх адкрыццяў. Іншыя былі прызнаныя расамі або падвідамі іншых відаў пасля новых даследаванняў. 

Усё, што засталося ад сінуйскага папугая? Carnegie Museum of Natural History, Pittsburgh, USA. www.extinct-website.com  

Тры новыя віды былі дададзеныя ў катэгорыю Магчыма зніклыя (Рossibly extinct). Новакаледонскую баваўняную перапёлку New Caledonian buttonquail (Turnix novaecaledoniae) ніхто не бачыў больш за стагоддзе, аднак застаецца невялікая імавернасць, што від можа ўсё ж існаваць на востраве. Яшчэ адзін фактычна зніклы прадстаўнік эндэмікаў гэтага вострава – новакаледонскі ляляк New Caledonian nightjar (Eurostopodus exul). Гэты ляляк быў закалекцыянаваны ў 1939 годзе і з таго часу яго ніхто больш не бачыў. Эндэміка Калумбіі, сінуйскага папугая Sinu Parakeet (Pyrrhura subandina) таксама не бачылі пасля апошняй рэгістрацыі ў 1940 годзе. Для трох гэтых відаў неабходны адмысловыя пошукавыя работы каб дакладна даведацца - ці існуюць яшчэ гэтыя віды, ці ўжо зніклі. 

Гуамскі зімародак.

У перагледжаным МСАП Чырвоным спісе яшчэ адзін від трапіў у катэгорыю Зніклы ў прыродзе (Extinct in the Wild), гэта - гуамскі зімародак Guam kingfisher (Todiramphus cinnamominus). Пасля амаль поўнага знішчэння віду інвазійным чужародным відам змей, біёлагі адлавілі ўсіх птушак на  востраве ў 1986 годзе і цяпер уся папуляцыя са 124 зімародкаў утрымліваецца ў розных заапарках ЗША. 

 Паводле меркаванняў многіх навукоўцаў, у сувязі з узрастаючым адмоўным уздзеяннем чалавека на прыродныя экасістэмы: высечкай лясоў, значнай фрагментацыяй і дэградацыяй іншых экасістэм, інвазійнымі відамі, глабальным пацяпленнем і ацыдафікацыяй акіянаў неабходна маштабная і эфектыўная кампанія па захаванні цэнтраў біяразнастайнасці, бо інакш Зямлі пагражае наступнае – пасля дыназаўраў – масавае знікненне відаў.  

 Афіцыйна зніклыя віды птушак (дадатак да Чырвонага спісу МСАП 2014 году):

 Бярмудзкі дзяцел Bermuda flicker (Colaptes oceanicus)

 Бярмудзкі канюх Bermuda hawk (Bermuteo avivorus)

 Бярмудзкая чапля-кваква Вermuda night-heron (Nyctanassa carcinocatactes)

 Бярмудзкі сыч Bermuda saw-whet owl (Aegolius gradyi)

 Калядны пясочнік Christmas Sandpiper (Prosobonia cancellata)

 Качка Фінсча Finsch's duck (Chenonetta finschi)

 Пастушок Годгенаў Hodgen's waterhen (Tribonyx hodgenorum)

 Маўрыкійская туркаўка Mauritius turtle-dove (Nesoenas cicur)

 Бакас з Паўночнага вострава North Island Snipe (Coenocorypha barrierensis)

 Папугай з Тонга Oceanic Parrot (Eclectus infectus)

 Блакітны радрыгійскі голуб Rodrigues blue-pigeon (Alectroenas payandeei)

·Бакас з Паўднёвага востраву South Island snipe (Coenocorypha iredalei)

Трыстанская чаротніца Tristan Moorhen (Gallinula nesiotis)

 

 Паводле www.news.mongabay.com (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 На верхнім малюнку: адзіная вядомая выява папугая з Тонга, 1793 г. Невядомы мастак.

 

 На гэтую тэму:

 Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.

 ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10 425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ

 Тэмпы знікнення птушак паскараюцца

 Больш за 80% пераадкрытых відаў жывёл знаходзяцца пад пагрозай канчатковага знікнення

  Яшчэ адзін від птушак знік у дзікай прыродзе?

 ГЕНЕТЫЧНЫЯ ДОКАЗЫ СВЕДЧАЦЬ: МОА АДНАЗНАЧНА ВЫНІШЧЫЛІ ЛЮДЗІ