Ніхто з поўнай упэўненасцю не можа сказаць, колькі дакладна відаў знікла за час паміж 2000 і 2010 гадамі. Па-першае, з-за таго, што ніхто не можа назваць дакладную лічбу ці нават парадак – колькі на Зямлі відаў: 3 ці 30 мільёнаў. Нават дакладная лічба зніклых за апошняе дзесяцігоддзе апісаных для навукі відаў не вядомая – заставім у спакоі пакуль неапісаныя і таму невядомыя… Віды ў трапічных лясах і акіянах яўна недадаследаваныя. Таму яны пакідаюць вялікую магчымасць знікнуць, забіраючы з сабой усе сакрэты свайго жыцця – нават тое, што яны існавалі.
Па другое, цяжка з дакладнасцю даведацца, што від дакладна знік. Некаторыя са зніклых відаў праз нейкі час пераадкрываюцца – часта гэта дзесяцігоддзі, а часам – стагоддзі. Паводле афіцыйнага падыходу, від не лічыцца зніклым, пакуль ад апошняй яго рэгістрацыі не прайшло больш 50 год. І хаця хваля непакою біёлагаў і аматараў прыроды з-за найвялікшай за гістарычны час колькасці знікненняў біялагічных відаў з-за дзейнасці чалавека не супакойваецца а нават узрастае, важна ведаць пра магчыма зніклыя віды перад тым, як іх прызнаюць “афіцыйна зніклымі”.
Навукоўцы на пры канцы 2009 году абвесцілі 12 відаў жывёл, якія хутчэй за ўсё зніклі (або зніклі ў дзікай прыродзе).
У гэтым артыкуле мы напішам толькі пра два віды птушак з трох з гэтага сумнага спісу.
Гавайскія астравы, сусветна вядомыя сваёй унікальнай біяразнастайнасцю, на жаль, ёсць таксама і месцам найвялікшай колькасці знікненняў.
У 2002 годзе птушка пад мясцовай назвай “алала”, якую таксама называюць гавайскай варонай, знікла ў дзікай прыродзе, калі дзве апошніх вядомых асобіны гэтага віду загінулі. Птушкі пацярпелі ад мноства пагроз: ад страты месцапражыванняў, інтрадукаваных чалавекам пацукоў, мангустаў, хвароб і нелегальнага калекцыянавання. Аднак алала не была першай – выкапневыя косткі паказваюць, што на Гаваях зніклі яшчэ 4 віды крумкачовых! Менавіта алала займае пачэснае месца ў гавайскай культуры – абарыгены лічаць гэтую птушку богам хатняга ўкладу.
Дзякуй другому богу, але апошняе слова ў гісторыі віду пакуль не сказана. Таму што ў няволі застаюцца больш 50 гавайскіх варон, і цяпер вядуцца перамовы наконт магчымай рэінтрадукцыі віду.
Другая гавайская птушка не была такой шчаслівай. По-оулі (Po'ouli) або чорнатвары паўзунок знік у 2004 годзе. Цікава, што да 1970гг. від не быў вядомы для навукоўцаў, але ўжо тады сустракаўся толькі на востраве Maui. У пачатку нашага тысячагоддзя ў жывых былі вядомыя толькі 3 птушкі. Адна з іх памерла ў няволі ў 2004 годзе, дзве іншых, пазасталыя ў прыродзе, не адзначаліся з таго часу.
І хаця існуе вельмі малая імавернасць, што адзінкавыя по-оулі яшчэ існуюць, пакуль гэтага не атрымалася даказаць. Да таго ж спадзявацца на вялікую і таму жыццядзейную папуляцыю не прыходзіцца. А птушак у няволі для развядзення і магчымай рэінтрадукцыі проста няма.
Гэтыя два віды птушак ёсць толькі дадаткам да сумнай гісторыі прыроды Гавайскіх астравоў: палова са 140 відаў птушак-эндэмікаў, вядомых там у гістарычны час, ужо не існуе…
Малюнак гавайскай вароны з www.kaiwikreations.com
Паводле www.mongabay.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую ж тэму:
Азіяцкія грыфы зноў пад пагрозай знікнення
Як птушкі, сабраныя яшчэ Дарвіным, дапамогуць выратаваць сённяшніх
Прыярытэты ў ахове птушак расстаўлены няправільна
Азорскі гіль будзе лепш ахоўвацца
Крызіс знікненняў паглыбляецца
Выратаваць самую рэдкую качку на Свеце
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ