Рэдкі від мясцовага перасмешніка можа быць рэінтрадукаваны на Галапагоскіх астравах з дапамогай некаторых калекцыйных экземпляраў, сабраных яшчэ Чарльзам Дарвінам! Каманда генетыкаў вылучыла ДНК з двух скурак птушак, якіх знакаміты натураліст закалекцыянаваў яшчэ ў 1835 годзе.Параўноўваючы гэтыя ДНК з такімі ж малекуламі, атрыманымі ад жывучых сёння суб-папуляцый таго ж віду з двух другіх астравоў, навукоўцы стараліся зразумець як лепш ахоўваць сучасных птушак.
Вынікі гэтай працы апублікаваныя ў часопісе Royal Society journal Biology Letters.
Даследчыкі выкарысталі дзве скуркі перасмешнікаў, якія Чарльз Дарвін і Робэрт Фіцрой (капітан карабля “Бігль”) – зрабілі з птушак, здабытых на востраве Флoрэана (Floreana) пад час вывучэння Галапагоскіх астравоў больш 170 год таму.
Флорэанскі перасмешнік (Mimus trifasciatus) знік на востраве праз непрацяглы час пасля заканчэння знакамітай дарвінаўскай экспедыцыі – галоўным чынам з-за змены чалавекам яго месцапражыванняў.
Сёння захаваліся толькі дзве невялічкія суб-папуляцыі віду на двух астраўках: Чэмпіэн (Champion) і Гарднэр-ля-Флорыаны (Gardner-by-Floreana).
Карэн Джэймс (Karen James), даследчыца з Музею натуральнай гісторыі ў Лондане, якая прымала непасрэдны ўдзел у гэтым даследаванні, сказала, што флорэанскія перасмешнікі былі адным з самых рэдкіх відаў птушак на Зямлі. "Яны таксама паслужылі для Дарвіна прыкладам таго, што віды могуць незалежна адзін ад аднаго ўзнікаць на астравах” – пракаментавала даследчыца.
Цяпер Фонд Чарльза Дарвіна (The Charles Darwin Foundation), які займаецца даследаваннямі і аховай прыроды на Галапагосах, плануе рэінтрадукаваць птушак на большы востраў, з якога від некалі знік – на Флорэану.
Аднак паводле словаў д-р Джэймс, “для поспеху рэінтрадукцыі неабходна, каб папуляцыя, якая ўзнаўляецца, была максімальна блізкай да той, якая тут была.” Каб больш даведацца пра гэтую вымерлую папуляцыю і спатрэбіліся птушкі, якія некалі жылі на Флорэане. "У калекцыях захавалася вельмі мала такіх птушак. Але Музей натуральнай гісторыі мае як раз дзве з іх, і так сталася, што іх закалекцыянавалі менавіта Дарвін і Фіцрой”.
Д-р Джэймс з калегамі атрымала магчымасць выразаць невялікая кавалкі скуры з пальцаў абодвух экземпляраў, каб мець магчымасць вылучыць з іх ДНК. Навукоўцы знайшлі такія ж генетычныя маркеры ў “старых” птушак, як і прадстаўнікоў кожнай з двух сённяшніх субпапуляцый перасмешнікаў. Гэта пацвердзіла факт таго, што гэтыя субпапуляцыі разышліся вельмі нядаўна. І гэтае разыходжанне, хутчэй за ўсё, адбылося пасля знікнення птушак на Флорэане. Бо паміж астраўкамі знік “мост”, праз які яны маглі абменьвацца генетычным матэрыялам.
Вывучэнне ДНК сучасных птушак дадаткова паказала, што невялікія па памерах субпапуляцыі маюць даволі вялікую генетычную разнастайнасць. А гэта вельмі добрыя навіны для захавання віду.
Гэтыя дадзеныя вызначылі далейшую стратэгію захавання перасмешнікаў. Навукоўцы вырашылі, што трэба працягваць ахоўваць субпапуляцыі на маленькіх астраўках і дадаткова стварыць трэцюю субпапуляцыю на Флорыяне. А каб генетычная разнастайнасць птушак ўзрастала, на гэтым востраве трэба выпусціць птушак з абодвух астраўкоў.
Д-р Джэймс падкрэсліла, што іх даследаванне паказала каштоўнасць старых калекцыйных экземпляраў жывёл.
"Хаця Дарвін і Фіцрой нічога не ведалі пра існаванне ДНК, тыя скуркі птушак, якія яны падрыхтавалі 170 гадоў таму, пасля належнага захоўвання ў музеі забяспечылі генетычнымі дадзенымі праект для належнай аховы і ўзнаўлення гэтага крытычна пагражаемага і гістарычна важнага віду сёння”.
Здымкі і тэкст паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ