Запрашаем на ПанЕўрапейскія дні назіранняў птушак (EUROBIRDWATCH-2015) у Гродна

 

У 16-ты раз сябры АПБ з Гродна запрашаюць гарадзенцаў у першыя выходныя кастрычніка – суботу і нядзелю 03 і 04.10. - паўдзельнічаць ў назіраннях за восеньскай міграцыяй птушак, якія ў гэтыя дні адбываюцца па ўсёй Еўропе.

Як і ў мінулыя гады, праграма нашых назіранняў падзелена на два дні. У суботу, 3 кастрычніка, мы чакаем усіх жадаючых у цэнтры гораду ў парку імя Ж.-Э. Жылібера з 12 да 15.00 з трубамі, біноклямі і вызначальнікамі, дзякуючы якім можна будзе паглядзець на тых птушак, якія засталіся ў горадзе зблізку. Таксама адкажам на любыя пытанні, звязаныя з жыццём і міграцыяй дзікіх птушак, а кожны з наведвальнікаў нашай пляцоўкі атрымае свой фотаздымак з біноклем ці трубой, які будзе размешчаны ў Галерэі нашага сайту www.birdwatch.by . Для ЎСІХ удзельнікаў будуць невялікія прызы. Можна будзе таксама больш даведацца пра "Ахову птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) і далучыцца да сяброў АПБ, абрaўшы адпаведную для сябе катэгорыю сяброўства. Наша пляцоўка будзе знаходзіцца ў р.Гараднічанка каля бронзавай дзяўчыны.

У нядзелю, 4 кастрычніка, адбудзецца палявая экскурсія на рэкі Свіслач і Нёман, а таксама вадасховішчы каля вв.Свіслач – Дзекалавічы- Карозічы (Гродзенскі раён), дзе цяпер канцентруюцца тысячы розных качак (свіцваў, крыжанак, чубатых ныркоў і ныркоў-сівакоў, лапаносак, чырак), вялікіх і малых коўраў, шэрых і вялікіх белых чапляў, кнігавак і іншых кулікоў– усяго каля 50 відаў птушак. 

Збор на паркінгу на вул.Падольная (паміж запраўкай і БІПам), ад’езд на аўтамабілях у 9.30, вяртанне ў Гродна паміж 14.30 і 15.00. Пасля экскурсіі ў абед адбудзецца смажанне загадзя закупленных каўбасак недалёка ад р.Свіслач, таму з кожнага дарослага ўдзельніка збіраецца складка ў 60 тыс., з дзетак і падлеткаў да 16 год – па 30 тыс. руб. Для ўдзелу ў нядзельнай экскурсіі неабходна паведаміць пра сваё жаданне далучыцца і магчымасць выкарыстання ўласнага аўтамабіля арганізатарам да 16.00 суботы: Таццяна Смыкоўская (мтс: +375 336 871974) або Дзьмітры Вінчэўскі (мтс: +375 336 887589).

Для абмежаванай колькасці ўдзельнікаў на час экскурсіі могуць быць выдадзеныя біноклі і палявыя вызначальнікі “Птушкі Еўропы” (на бел.мове) – замаўляйце загадзя. 

Абутак і адзенне адпаведна надвор’ю дапамогуць адчуваць сябе больш камфортна, тэрмас з гарбатай-кавай і печыва таксама не будуць лішнімі!

Здымкі з мінулых назіранняў Дзьмітрыя Вінчэўскага

 

На гэтую тэму:

ЕUROBIRDWATCH-2014: НАЗІРАННІ ЗА ПТУШЫНАЙ МІГРАЦЫЯЙ АДБЫЛІСЯ Ў 40 КРАІНАХ

EUROPEAN BIRDWАTCH-2013: У 21 РАЗ АДБЫЛІСЯ НАЙВЯЛІКШЫЯ ЕЎРАПЕЙСКІЯ НАЗІРАННІ ЗА ПТУШКАМІ