Хто менш спіць, мае больш дзетак

Новае даследаванне, праведзенае на Алясцы, паказала, што кулікі, якія менш спяць, маюць больш патомкаў.

Дзякуючы аналізу характару сну дарослых птушак і бацькоўству птушанят, каманда навукоўцаў з Германіі і Швайцарыі знайшла, што самцы, якія спяць менш, маюць больш птушанят. Пакуль незразумела як гэта адпавядае агульнаму правілу для многіх відаў жывёл, што недахоп сну змяншае магчымасць рашэння складаных задач. Артыкул пра гэта быў апублікаваны ў часопісе Science.


Навукоўцы вывучалі арктычных пясочнікаў (Calidris melanotos), якія прадпрымаюць доўгія міграцыі паміж месцамі гнездавання ў паўночным паўшар’і зімоўкі ў паўднёвым. У траўні і чэрвені гэтыя кулікі гняздуюць у арктычнай тундры, калі там пануе амаль 24-гадзінны палярны дзень.


Пад час палявых прац на Алясцы, праф. Бэрт Кэмпенэрс (Prof Bart Kempenaers), дырэктар працоўнай групы з Max Planck Institute for Ornithology, якая даследуе сон птушак, разам з калегамі адзначыў незвычайныя паводзіны некаторых кулікоў.


Самцы арктычных пясочнікаў былі надзвычайна актыўнымі на працягу гэтых “светлых сутак”.  


Для таго, каб зразумець што адбываецца з птушкамі ў гэты час, навукоўцы змясцілі і самцам, і самкам адмысловыя трансмітэры-перадатчыкі. Дзякуючы ім можна было фіксаваць паводзіны птушак на працягу ўсіх сутак пад час усяго перыяду гнездавання. Акрамя гэтага, ад кожнай асобіны атрымалі ўзор ДНК.


Аналізуючы атрыманыя дадзеныя разам з запісамі актыўнасці мозгу, даследчыкі знайшлі, што некаторыя самцы кулікоў былі вельмі актыўнымі на працягу 24 гадзін, тады як іншыя спарваліся з меншай колькасцю самак, аднак знаходзілі больш часу на сон.


Для таго, каб праверыць бацькоўства патомства, былі сабраныя ўсе знойдзеныя яйкі. Іх змясцілі ў інкубатар, давялі да вылуплення і атрымалі ўзор ДНК кожнага птушаня. Такім чынам атрымалася вызначыць колькасць патомкаў у розных самцоў. Пасля гэтага птушаняты былі вернутыя бацькам у прыродныя ўмовы.


Атрыманыя дадзеныя пацвердзілі, што самыя актыўныя самцы, якія не спалі нават да 95% часу на працягу кожных сутак тыднямі, мелі як вынік найбольш сваіх патомкаў.


Арктычныя пясочнікі выкарыстоўваюць для размнажэння стратэгію полігініі – г.зн., што ў аднаго самца можа быць больш за адну самку. Тады як іншыя віды пясочнікаў, якія гнездавалі ў той жа тундры, былі выключна монагамнымі і канцэнтравалі сваю ўвагу на адной самцы. Гэтыя самцы спалі ў самую цёмную частку “светлых сутак”.


Аднак найбольшым сюрпрызам для навукоўцаў стала тое, што “бяссонныя” самцы не мелі яўных пабочных негатыўных эфектаў для свайго здароўя ад хранічнага недасыпання і вярнуліся на тыя ж месцы гнездавання на наступны год.


З эвалюцыйнага погляду зразумела, што такія бяссонныя паводзіны вельмі карысныя для распаўсюджання сваіх генаў. Аднак як такія птушкі могуць абыходзіцца амаль без сну, пакуль незразумела.


Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак з www.nathistoc.bio.uci.edu

Comments