Снежны шпацыр

17.02.2013 - 22:04 | AV

 Даўно не быў на прыродзе. Калі трапiў на Волму апошні раз 12 снежня, па дарозе назад уначы захрас на дарозе з некалькімі аўтамабілямі і гадзіны 2 выкопваліся па чарзе. Снег даўно не валіўся, выпала магчымасць даехаць да месца прызначэння і назад без прыгод.

На ферме ў Валевачах частавалася велізарная чарада вераб'іных – больш 200 птушак, шукаў што-кольвек экзатычнае, але вялікая частка апынулася прадстаўнікамі вiду палявы верабей, трошкі дамавых, звычайных стрынатак і зелянушак. Ежы – поўна – збожжа і кукуруза ў нейкіх адыходах з фермы вывалена ў купкі па ўсім двары.

 На шлюзе рыбгаса ляжалі 4 выкінутыя з вады змерзлыя да смерці азёрныя жабы.

 Сонца яшчэ было высока і застаўся шанец прайсці па зімовым лесе па калена ў снезе. На белым снезе ў вочы кінулася кроў. На слядах ваўка. Падобна, у трох ваўкоў было паранена мінімум 2 нагі. Найхутчэй парэзаліся аб шарон (наст). Шарон добра трымаў, толькі дзе-нідзе нага правальвалася да калена і вышэй. Потым пры -6С здзівіў павучок, які бадзёра рухаўся пасярод поля па снезе ўбок лесу. Трэба даведацца яго назву, занясу ў базу дадзеных, можа хто падкажа. 

У лесе крыху разгубіўся, спачатку пашкадаваў, што не ўзяў ГПС, потым успомніў, што ў тэлефоне аж 2 ГПС праграмы. Але экран моцна адсвятляў і дапамогі ад яго было мала. Здзівіла вялікая колькасць калужыні, ў якіх вегетавалі нейкія манжэткі, «лотаці» і касачы. Добра, што надзеў балотнікі, па вадзе было часам прасцей ісці, чым па снезе.

Ніколі ўзімку не быў у гэтым лесе, хоць улетку быў неаднаразова, а некалі і са студэнтамі на практыцы. Прасека пад ЛЭП зарасла, снег трымае не ўсюды. Воды шмат. Шмат елкі. Успомнілася, што яна заняла месца высячаных дубраў. І тут у 50 м ад прасекі заўважыў велізарны красун-дуб, якіх ніколі ў тутэйшых месцах не бачыў. Недзе 1,20 у дыяметры, метраў 35 у вышыню. На жаль, ужо мёртвы, так бы ў помнікі можна было б падаць. Малайцы леснікі – заставілі для дзікай прыроды.

Побач ляжаў, падобна, гадоў 20 ужо павалены волат, а каля яго абгрызены здаравенны кавалак шкуры дзіка з летапісам прыпарушаных слядоў. Слядоў птушак і людзей бачна не было. Касцей таксама не засталося.

Па дарозе назад палюбаваўся на выдатны каскад бабровых плацін. Стварыліся добрыя ўмовы для зімоўкі кулічкоў, трэба ў наступны раз іх пашукаць. Вартаўнік сказаў, што бачыў выдру на адным з платных стаўчыкаў, чым вельмі падняў настрой. Ніколі не бачыў выдру, можа сёлета пашанцуе?

Чуць не забыўся дадаць самае дзіўнае адкрыццё, зробленае ў той дзень. Амяла белая – звычайная расліна на Гарадзеншчыне і ў Палессе. У Мінску не ведаю ніводнага дрэва з гэтым полупаразітам. Не заўважыць яго цяжка. Такім чынам, у нядзелю ў Валевачах  я ўбачыў кусцік амялы на бярозе! 100%! А гэта 40 км на ўсход ад Мінска. Бачыў яшчэ нешта падобнае ў двух месцах па дарозе, будучы за рулём, трэба правяраць, але ў адным месцы - дакладна. 

Любяць яе вераб'іныя птушкі, насенне праходзіць кішэчнік і прыліпае да галінак. Гэта ж колькі ляцела амялушка ці дрозд ад найблізшай амялы без прыпынку! А можа недзе паблізу ёсць зараснікі амялы? Трэ пашукаць!

(Фота: 

 На другім і трэцім здымку след ад трох ваўкоў, якія ішлі след у след. Раней такое чуў, але хадзіць па ваўчыных слядах не даводзілася, а тут яны ішлі ў патрэбным кірунку і ў адным месцы ўсе тры пайшлі паралельнымі курсамі. У дваіх сляды былі драбней, пэўна адзін бацька з двума ваўчанятамі.)

 

Фотаздымкі

Каментары

Harrier - 17.02.2013 - 23:06

In reply to by Уладзя (госць)

Цікава, што на такой параўнальна невялікай прасторы столькі розных умоваў для разнастайнага жыцця.

Чым узімку здаля ад вады такія павукі могуць харчавацца? Ды яшчэ так добра, каб бегаць у мароз.

Як наша слова, адапведнае слову "наст", ведаю "шарпак". Але таго, што ёсьць і іншыя, не адмаўляю.

 Забыўся дадаць самае дзіўнае адкрыццё, зробленае ў той дзень.  Амяла белая – звычайная расліна на Гарадзеншчыне і ў Палессе. У Мінску не ведаю ніводнага дрэва з гэтым полупаразітам. Не заўважыць яго цяжка. Такім чынам, у нядзелю ў Валевачах  я ўбачыў кусцік амялы на бярозе! 100%! А гэта 40 км на ўсход ад Мінска. Бачыў яшчэ нешта падобнае ў двух месцах па дарозе, будучы за рулём, трэба правяраць, але ў адным месцы - дакладна. Любяць яе вераб'іныя птушкі, насенне праходзіць кішэчнік і прыліпае да галінак. Гэта ж колькі ляцела амялушка ці дрозд ад найблізшай амялы без прыпынку! А можа недзе паблізу ёсць зараснікі амялы?

Вось каментар спецыяліста пра павука:

Гэта сямья Tetradnathidae, род Tetragnatha. Наконт віду дакладна не скажу, бо трэ глядзець на геніталіі і іншыя структуры. Імаверна, што T. extensa, гэта было б прасьцей за ўсё, бо самы распаўсюджаны від, але я не ўпэўнены. Пра асаблівасьці паводзінаў павукоў у зімовы перыяд зусім мала вядома, таму і пра наяўнасьць асобіны на сьнезе нічога канкрэтнага сказаць не магу, акрамя таго, што нічога надзвычайнага ў гэтым няма. Мне нядаўна геолягі распавядалі, што пастаянна наглядаюць, як павукі з пад сьнегу выскокваюць, прычым ня ў тым месцы, дзе непасрэдна робіцца скважына. Мо іх непакоіць вібрацыя, або мінулыя тыдні былі надта цёплыя і таму нейкія сумарныя тэмпературы запусьцілі механізмы, што абудзілі павукоў, цяжка сказаць.