Сарока і пачатак сезону арэхаў

Прыкладна 5 ці 6 гадоў таму  я вырашыў зрабіць свае назіранні птушак з вакон нашай кватэры на першым паверсе больш камфортнымі для птушак.

Мне што - і цёпла, і святло і камфортна ўнутры, а ім чаго да нас прылятаць акрамя як узімку на сталоўку ці пад старую алычу таўстадзюбам за косткамі?

І вось, ужо маючы адмоўны досвед з працаўнікамі ЖЭСа, пасадзіў пад вокнамі некалькі рабін, а далей - грэцкі арэх, арэшыну-куст і некалькі кусцікаў шыпшыны. 

Паступова (амаль) усё гэта расло-расло і сёлета я стаў усё часцей назіраць на маіх дрэўцах-кустах розных птушак - то сінічкі там шукаюць насякомых, то вераб'і выкарыстоўваюць як прысаду, то пячураўкі хутка хаваюцца ў лістоце.

А сёння адбылася самая нечаканая сустрэча - з сарокай на нашым грэцкім арэху!

сарока

Каб было зразумелым маё здзіўленне, варта дадаць, што сарокі ў Гродна ў апошнія некалькі год госці рэдкія (у адрозненне ад шэрых варон, гракоў, кавак і нават соек), у цэнтры гораду - дзе жыву - я іх бачу ўпершыню мін гадоў за 10, бо жывуць яны ў нас толькі на ўскрайках гораду.

І вось я чую характэрны трэск за нашым вакном!

сарока

Яшчэ не давяраючы сваім вушам - з чым яго можна памыліць?, я бачу маладую птушку, якая стараецца адарваць грэцкі арэх! Стракоча ж яна ці то ад страху - заляцела далёка ад прывычных месцаў, ці то ад напругі і старання  пад час спробы адарваць арэх, ці ад усяго разам.

Аднак ніводзін з арэхаў ёй не паддаецца - бо няспелыя яшчэ? і яна пералаятае на суседні ясенелістны клён, дзе стракоча ўжо хутчэй з абурэнннем, а я паспяваю уключыць запіс відэа:

https://youtu.be/8IDTlo1o9gg

Хутка сарока адлятае, а я застаюся ў здзіўленні ад сустрэчы і з пытаннем - як маладая птушка ўжо ведае, што грэцкія арэхі  могуць быць смачнымі для яе? 

сарока

 

Каментары

Сёння гучнае стракатанне сарокі пачулася каля 8й раніцы, але нічога зрабіць яна не паспела, бо з суседняга дому выйшлі гуляць з сабакай, а потым навокал загудзел трымер - ЖЭС касіў расліны, якія падраслі пасля апошніх дажджоў.