Пасля таго, як усе чаплі былі вымушаны адляцець з вострава і касы перад ім, адна з вялікіх белых чапляў (Egretta alba) прызямлілася (ці хутчэй прываднілася) ля берагу трошкі ніжэй упадзення Гараднічанкі ў Нёман. Даволі моцны паток вады з невялікай Гараднічанкі адціскае паток вады ў Нёмане амаль пад супрацьлеглы бераг. Нёманская вада там, змешваючыся з гараднічанскай, прыспешвае, і адразу каля берага там параўнальна глыбока.
Хаця вечар толькі пачынаўся, чапля яўна вырашыла падмацавацца перад сном і павольна йшла каля самага берагу супраць моцнай плыні вады, выглядваючы магчымую здабычу. Там, дзе плынь была замоцная каб крочыць па дну ўпэўнена, або было заглыбока, прыходзілася выходзіць на бераг і праціскацца сярод высокай прыбярэднай расліннасці, але не забываць назіраць за вадой ніжэй. Нават калі і заўважыць патэнцыйную здабычу з берагу, схапіць яе ў вадзе было б цяжка, таму прыйшлося ізноў спускацца ў Нёман. І тут пашанцавала - хуткі выпад і ёсць невялікая рыбка ў дзюбе!
А ад моманту прываднення да вячэры прайшло ўсяго 5 хвілін.
Нёман у Гродна, 21-09-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 15.11.2022 - 09:38
Так, "рыбаловы" яны хвацкія…
Так, "рыбаловы" яны хвацкія. Дзюбу "кідаюць" трапна, як гарпунэр гарпун.
AV - 17.11.2022 - 22:12
так падабаўся слог у пачатку…
так падабаўся слог у пачатку, што дачытаў да канца. Дзякуй за аповяд!
Harrier - 17.11.2022 - 23:45
Дзякуй за добрыя словы.
Дзякуй за добрыя словы.