Калі я пасля абеду дабраўся да вострава з касой перад т.зв. новым мастом, на ім шукалі ежу і адпачывалі некалькі дзесяткаў птушак розных відаў. Хутчэй за ўсё (ужо) адпачывалі тыя, хто здолеў добра пад'есці да абеду і адразу пасля яго, а тыя, хто не змог, актыўна шукалі што-небудзь адпаведнае свайму густу.
Сярод 'рыбакоў' ужо адпачывалі трое маладых вялікіх савукоў (Mergus merganser) і адна вялікая белая чапля (Egretta alba), а палявалі яшчэ адна белая і адна шэрая чапля (Ardea cinerea), а таксама прыкладна 20 шэрых варон (Corvus (corone) cornix). І хаця апошніх наўрацці можна ўпэўнена прылічыць да рыбакоў, але яны нешта актыўна шукалі і на востраве, і на касе, і заходзілі ў плыткія калужыны на іх, таму - тэарэтычна - маглі злавіць нейкую дробную рыбу. Але іх было шмат, яны пастаянна перамяшчаліся і таму за імі я далей не сачыў і нічога не ведаю пра іх поспехі ды няўдачы. Тым не менш было нечаканым, што вароны не 'прыставалі' да іншых відаў і калі нейкія сутычкі з іх удзелам і былі, то толькі паміж сабой)
А вось за чаплямі абодвух відаў атрымалася назіраць амаль наступную гадзіну. І тут выявіліся адрозненні ў іх паводзінах і поспеху. Белая чапля амаль увесь час перамяшчалася паміж востравам і касой перад ім, калі і застывала нерухома, углядаючыся ў плыткую ваду ў заточках ці на плыткаводдзі, то параўнальна нядоўга. І, у рэшце рэшт, злавіла 2 невялікія рыбкі. Шэрай чаплі яна ніяк не перашкаджала нават калі яны выпадкова апыналіся побач адна з адной, а вось другую белую чаплю аднойчы адагнала на край касы, дзе тая і працягнула адпачываць.
Маладая шэрая чапля дзейнічала інакш. Яна таксама перамяшчалася прыкладна па тых самых месцах, але старалася ў некаторых з іх застываць у позах, гатовых да атакі, на хвіліны. Тым не менш, гэтая тактыка не прынесла ёй поспеху і за амаль гадзіну яна так нічога там і не злавіла. І думаю, што справа тут была не толькі ў маладосці і недасведчанасці гэтай чаплі. Проста складаная для пошукаў структура месца палявання з рознай глыбінёй вады, калужынамі і затокамі рознага памеру, рознастайнай структурай расліннасці, камянямі рознага памеру хаця і дазвалялі хавацца вялікай колькасці рыб і іншых водных жывёл і жывёлак, але стваралі праблемы з выбарам аптымальнай стратэгіі іх пошукаў і атакі на іх.
Скончылася гэта ўсё - і адпачынак, і паляванне, і мае назіранні там - з-за людзей. Спачатку на востраў перабраўся рыбак. Птушкі, у тым ліку і абедзьве чаплі, пераляцелі далей ад яго на касу, а тыя, што спалі на касе, прачнуліся і сталі сачыць за тым, што будзе далей. А далей, зусім блізка да касы, спусціліся на бераг турысты. Гэтага ўжо ніхто з птушак-рыбакоў не вытрымаў і ўсе адляцелі уверх па плыні.
Нёман у Гродна, 21-09-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ