Тры дні таму, калі я спускаўся з высокага берага да Нёмана, пачуў знаёмы свіст і быў амаль упэўнены, што зімародак (Alcedo atthis) толькі што зляцеў з самага вялікага валуна ў вадзе, які ў гэты момант закрывала ад мяне высокая прыбярэжная расліннасць. Я не так даўно ўжо бачыў і здымаў яго (ці іншага зімародка) у тым месцы і здзіўляўся, чаму гэтыя 'каралі рыбакоў' не выкарыстоўваюць у якасці прысады самы высокі валун. І вось, здаецца, зімародак быў там, але я не паспеў гэта ні дакладна ўбачыць, і тым больш сфатаграфаваць.
І вось на наступны дзень, хаця неба было шчыльна зацягнута аблокамі і час ад часу з іх на зямлю сыпаліся густыя і дробныя кроплі - тое, што нашы суседзі-палякі называюць mżawka, усё атрымалася! Зімародак сядзеў як раз на самым вялікім і высокім валуне і назіраў за наваколлем. Я паспеў не толькі палюбавацца ім, але і падыйсці бліжэй ды зрабіць некалькі здымкаў. Потым птушка нырнула пад вострым вуглом недалёка ад валуна, але ці злавіла што я ўжо не ўбачыў, бо адляцела за расліннасць. І мне адразу ўспомнілося знакамітае лацінскае выслоўе: Veni, vidi, vici! (Прыйшоў, убачыў, перамог!)
Як ні дзіўна, на трэці дзень усё амаль паўтарылася - хаця зімародак сядзеў на адным з суседніх камянёў, не такім высокім і вялікім. Адлегласць да яго была большая, ды і здымкаў атрымалася зрабіць толькі чатыры. Тым не менш, хвілін праз 10 пасля таго, як птушка адляцела, атрымаўся 'бонус': адзін зімародак са свістамі амаль у хвост пагнаў спачатку метрах у 5 ад мяне ўздоўж берага, а потым і на супрацьлеглы другога, дзе я іх ужо не знайшоў.
Нёман у Гродна, 12 і 13-10-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
arktous - 16.10.2025 - 22:41
Креативные у вас зимородки…
Креативные у вас зимородки. Я бы воткнул в воду недалеко от берега палку с горизонтальной веткой, сделал символическое укрытие и всласть наснимался. Мне так кажется...
Harrier - 16.10.2025 - 23:36
Дзякуй! Там троху ніжэй па…
Дзякуй! Там троху ніжэй па плыні затока ў вялікага вострава і ў іх там хапае натуральных прысад - кожны раз чую іх свісты-піскі адтуль.
А ў месцы, дзе я падыходжу да вады і сіжу, таксама часам сядзяць рыбакі, таму мая прысада наўрацці там доўга прастаіць (