Чарговым вясновым днём я праходзіў каля агароджанага непразрыстай сеткай будаўнічага ўчастка, які адным бокам суседнічаў са скверыкам, а другім, з яшчэ не засыпанай камянямі і пяском дзікай расліннасцю з невялікай сажалкай - з рачным партом. Адтуль я пачуў вясёлую пераклічку чорнагаловых шчыгелаў і вырашыў зазірнуць праз адчынены праезд для грузавікоў. І пасля гэтага застаўся там на наступныя дзве гадзіны)
'Вінаватая' ж у гэтым была старая раскідзістая яблыня на суседнім участку і мясцовыя птушкі, якія наведвалі гэтае дрэва. Яблыня гэтая знаходзілася як раз насупраць уезду на будпляцоўку і хаця акрамя як памерамі кроны і мноствам ужо распушчаных і яшчэ не кветак сярод іншых дрэваў у наваколлі не вылучалася ні вышынёй, ні шырынёй ствала, чамусці на яе прыляталі ўсё новыя і новыя віды птушак, якіх я і стараўся здымаць у незвычайным абрамленні кветак і бутонаў.
І хаця ўсё пачалося з-за шчыгелаў, менавіта іх я на яблыні так і не зняў - яны пакупаліся і абсохлі (з песнямі), на вербах побач і потым адляцелі І яшчэ не сфоткаў звычайную рудахвостку, самец якой прысеў пад яблыняй, але хутка знік. Усе ж іншыя 12 відаў бачныя на здымках ніжэй і частка з іх карысталася дрэвам каб бяспечна абсохнуць пасля купання ў міні-сажалцы, частка на ёй спявала, іншыя ж адпачывалі ці шукалі ежу. І гэта, па парадку і ніжэй на здымках:
Звычайны шпак (Sturnus vulgaris)
сіняя сініца (Cyanistes (Parus) caeruleus)
пярэстая валасяніца (Ficedula hypoleuca)
леска-чарнагалоўка (самец) (Sylvia atricapilla)
зелянушка (самец) (Carduelis chloris)
палявы верабей (Passer montanus)
вялікі голуб (Columba palumbus)
дамавы верабей (самец) (P. domestica)
канаплянка (самец) (C. cannabina)
берасцянка (самец) (Fringilla coelebs)
малінаўка (Erithacus rubecula)
еўрапейскі ўюрок (самец).(S. serinus).
Вельмі магчыма, што калі б я застаўся насупраць яблыні даўжэй, гэты спіс яшчэ б павялічыўся. Але ўсё атрымалася яшчэ цікавей прыкладна праз месяц, калі да нас даляцелі адны з самых позніх мігрантаў. І пра іх будзе асобная гісторыя.
Гродна, 30-04-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 04.06.2026 - 10:13
Класная серыя птушак! Добрыя…
Класная серыя птушак! Добрыя здымкі. І вам пашчасціла зняць канарэечнага ўюрка. Відаць, гэтая птушка ўжо пастаянны жыхар Беларусі? Я таксама рыхтую відэа "Птушкі майго саду", дзе таксама будуць паказаны птушкі, якіх я зняў у садзе і агародзе.