Амаль дакладна два месяцы таму я напісаў сумную гісторыю пра пару палявых падкаменак (Oenanthe oenanthe), якія сядзелі на зусім свежых рэштках адной з прыбудоў да былога піўзавода – яе напярэдадні разваліў экскаватар. Тады я зрабіў выснову, што сярод гэтых развалін знаходзілася іх гняздо. І хутчэй за ўсё так яно і было. Але, як аказалася, гэта быў не канец гісторыі.
Калі ўчора я на завешанай тканінай агароджы гэтых жа развалін убачыў ужо вялікага злётка падкаменкі, я моцна здзівіўся. І калі птушка пераляцела на іх і яўна адчувала сябе там, ‘як дома’, здзівіўся яшчэ больш. Але потым успомніў, што час ад часу, хаця і рэдка, працягваў назіраць то самца, то самку =дарослых падкаменак на гэтым будаўнічым смецці і цяпер проста назіраю вынік таго, што яны (зноў? – бо гэта магла быць і новая пара) загнездавалі тут.
Гродна, 21-07-2023
Аўтар – Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ