Працяг. Пачатак ТУТ
Як я і думаў, няскошаная частка 'лужка курапатак' у цэнтры гораду з недаедзеным насеннем лапуха, аслінніка і цыкорыя хутка ізноў прыцягнула да сябе ўвагу чорнагаловых шчыгелаў (Carduelis carduelis). І ў гэты раз сярод іх было параўнальна шмат моладзі рознага ўзросту.
Частка яе была яшчэ амаль без чырвонага на галаве - г.зн. гэта яўна былі птушаняты з апошніх сёлетніх вывадкаў, а частка ужо мела чырвоныя лоб і шчокі, але пра іх малады ўзрост можна было здагадацца па белых рысках на гэтым чырвоным. Гэта так вырасла, але яшчэ не раскрылася з трубачак новае дробнае чырвонае пер'е. У розных шчыгелаў колькасць гэтых трубачак і іх размяшчэнне было розным, хаця хутчэй за ўсё яны былі аднолькавага ўзросту і паходзілі з больш ранніх вывадкаў - бо амаль паспелі пераліняць у дарослае пяро.
Хаця шчыгелы ахвотна елі насенне і аслінніка на беразе, і цыкорыя на лужку, усё ж менавіта адзіны там (і таму раскідзісты) лапух прыцягваў і найбольш птушак, і елі яны на ім найдаўжэй:
Стала зразумела, што шчыгелы будуць вяртацца сюды да таго часу, пакуль усё насенне ў гэтым месцы не з'ядуць. Так пазней і адбылося.
Гродна, 19-10-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ