Усю вясну і лета чорнагаловыя шчыгелы (Carduelis carduelis) трымаліся ў горадзе, я іх сустракаў пад час спажывання насення розных раслін ды і проста спяваючымі на ўчастках гнездавання. Але прыкладна ў палове жніўня касцы з трымерамі 'перамаглі' амаль усю расліннасць, на якой шчыгелы маглі харчавацца і яны зніклі ў горадзе - прынамсі там, дзе я хажу.
І вось пасля працяглага перапынку, амаль у сярэдзіне восені, я пачуў ў скверыку знаёмую вясёлую пазыўку і з прыемнай нечаканасцю ўбачыў на адным з невысокіх дрэваў шчыгела! Птушка пералятала з адной вяршаліны дрэва на іншыя, але есці там не было чаго і хутка яна знікла.
А на наступны дзень, ужо на нашым беразе ракі, я пачуў сварку шчыгелаў і хутка ўбачыў як яны спачатку паспешліва ядуць насенне з аднаго з нешматлікіх асліннікаў, якія засталіся няскошанымі, а потым, пасля чарговага 'налёта' адных на другіх адлятаюць праз раку на той бераг.
Тут трэба ўдакладніць, што дзякуй богу, не ўсё было скошана і пад трымеры не трапіў добры кавалак 'лужка курапатак' у цэнтры (падрабязней пра яго і яго жыхароў ТУТ). І хаця сярод няскошаных раслін застаўся толькі адзін лапух з прычэпістым насеннем, я час ад часу думаў, што яго маглі б знайсці шчыгелы калі б праляталі недзе побач. Аднак нават для мяне вырас ён у не вельмі зручным месцы для птушак, бо амаль пры самым ходніку набярэжнай і наўрацці б шчыгелы маглі б адчуваць сябе на ім бяспечна з-за вялікай колькасці шпацыруючых там людзей.
Але невялікія цуды здараюцца і начтупным ранкам я йшоў уздоўж ракі не тым ходнікам, а ніжэй, па самаму берагу і здалёк убачыў, што нейкія птушкі і сапраўды знайшлі лапух і жвава ядуць на ім! Сумневаў не было - шчыгелы! Дзве ці пара птушак хутка даставалі яго насенне і яно знікала ў дзюбах. Я быў ніжэй іх, трымаўся на бяспечнай для птушак адлегласці і яны працягвал есці нават калі я падыйшоў каб паздымаць іх. Не ведаю, колькі працягваўся іх сняданак да мяне, але калі птушкі ўсё ж адляцелі, на расліне засталося яшчэ шмат чаго на будучыню. І я маю надзею, што яшчэ ўбачу шчыгелаў у цэнтры гораду.
Гродна, 9-11.10.2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
Працяг ТУТ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ