Працяг фота-гісторыі. Пачатак ТУТ
Першыя дні маладыя вясковыя ластаўкі (Hirundo rustica), якія ўжо добра лятаюць, амаль увесь свой час праводзяць вельмі 'прыземленна' - сядзяць на нейкай прысадзе і чакаюць бацькоў з ежай. Бо умець добра лятаць - гэта адно, а пад час палёту ўмець лавіць насякомых - гэта зусім іншае мастацтва.
Здаецца, навокал шмат месцаў, дзе можна сядзець і чакаць, але у іх павінны сумяшчацца супрацьлеглыя параметры: яны павінны быць адкрытыя - каб бацькі здалёк бачылі патомства і небяспеку, якая набліжаецца, маглі зручна падляцець каб перадаць ежу з дзюбы ў дзюбу, і найлепш закрытыя - каб птушаняты не прыцягвалі да сябе зашмат увагі. А яшчэ добра, каб там было дастаткова месца для ўсяго вывадку, і каб можна было мяняць свае пазіцыі , і каб дарослыя птушкі - калі захочуць - маглі пасядзець і адпачнуць побач і падаць адтуль сігнал небяспекі (калі трэба).
На другі дзень пасля выляту з гнязда ў цэнтры гораду маладыя ластаўкі перамясціліся з шырокага парапету каля старага маста на тоўстыя, доўгія поручні лесвіцы, якая вядзе на мост. Месца, здавалася б, амаль ідэальнае - з аднаго боку моладзь прыкрытая расліннасцю і сценкай-агароджай былога бровара, а з другога адкрытая і дзе зручней сесці можна выбіраць сотнямі метраў. Але адзін недахоп усё ж быў - час ад часу лесвіцу выкарыстоўвалі людзі, тады дарослыя коратка крычалі і моладзь узлятала, праз некалькі секунд палёту вярталася і зноў чакала на 10-е сняданне або 15-ы абед.
Гродна, 11-06-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ