Сокал-балaбан зноў у Беларусі!

Па інфармацыі, атрыманай ад вугорскіх калег, адзін з сокалаў-балaбанаў, памечаны спадарожнікавым GPS-перадатчыкам, зноў заляцеў на поўдзень Беларусі.
Цікава, што менавіта гэты малады самец, які атрымаў імя Лехель, амаль год таму ў сярэдзіне чэрвеня таксама правёў некалькі дзён на Палессі, а ўпершыню заляцеў у нашу краіну ў траўні мінулага года. Трохі раней за Лехеля ў Беларусь заляцеў іншы малады самец балaбана – Барнабас.

Менавіта яго можна лічыць першым афіцыйна зарэгістраваным прадстаўніком гэтага віду на тэрыторыі нашай краіны. І хаця ні першага, ні другога сокала не бачыў на свае вочы ніводзін орнітолаг або бёдуотчар, менавіта каардынаты, атрыманыя са спадарожніка дазволілі балобанам у мінулым годзе афіцыйна папоўніць спіс птушак Беларусі. Больш падрабязна пра мінулагоднія прыгоды балобанаў у Беларусі і бёдуотчараў, якія хацелі іх убачыць, можна паглядзець тут:
http://ptushki.org/forum/viewtopic.php?t=1928
 
У рамках супольнага Вугорска-Славацкага праекту па ахове балобана, які быў падтрыманы праграмай LIFE Еўразвязу, 10 маладых сокалаў гэтага глабальна пагражаемага віду птушак летам 2007г. былі пазначаны спадарожнікавымі перадатчыкамі (PTTs). Галоўнай мэтай было атрымаць дадзеныя аб разьлёце (дысперсыі) і міграцыі балaбанаў, а таксама больш даведацца пра месцы часовага прыпынку і зімоўкі.
Перадатчыкі, павешаныя на сокалаў, маюць GPS датчыкі, якія ў выпадках з моцным сігналам, які атрымліваюць спадарожнікі, дазваляюць вельмі дакладна даведацца аб месцы знаходжання птушак (да некалькіх метраў) некалькі разоў на дзень.
Вынікі першага году сачэння за балобанамі з дапамогай спадарожнікаў моцна пераўзышлі ўсе чаканні. У пачатку лета 2008г. (амаль праз год працы) ўсё яшчэ працавалі 4 з 10 перадатчыкаў. З тых, што перасталі працаваць, вядома што: 2 птушкі памёрлі хутка пасля вылета з гнязда, 2 перадатчыкі больш не працуюць па невядомай прычыне (апошнія сігналы былі атрыманы з Вугоршчыны), 2 птушкі зніклі ў Лівііі.
У мінулым, 2008г., спадарожнікавыя перадатчыкі былі павешаны на яшчэ 3 дарослых самцоў балобана, 17 маладых птушак у Вугоршчыне і 3 у Славакіі.


 На здымку з www.kerecsensolyom.mme.hu балaбан Лехель у студзені 2008г. у Сербіі.
Паводле www.kerecsensolyom.mme.hu падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.BirdWatch.by
 

Comments

Інфармацыя ёсьць вельмі дакладная. Але яна, як разумееш (таксідэрмісты ды іншыя "аматары птушак" не сьпяць...) не для агульнага карыстаньня. Калі ёсьць жаданьне і магчымасьць у бліжэйшы час з'ездзіць ды папутна сабраць інфу пра месца  прыпынку, сфоткаць ды паназіраць за балобанам - напішы на е-мэйл - скіну мапу для асабістага карыстаньня.

 Не ведаю ці змагу паехаць, калі балабан сядзіць пад Гомелем, але ўвогуле інфармацыя мне цікавая, таму, калі ласка, Харріер, перашлі мне карту на мыла, ты яго ведаеш.