09-01-2010 - Горадня: ад берасьцянкі на сталоўцы да бакланаў на Нёмане

    Гэты дзень па нечаканасьці назіраньняў зусім неспадзявана пераўзыйшоў папярэдні (пра які я яшчэ напішу).
Перад абедам мы з сынам вярталіся з базара, і я каля нашай сталоўкі заўважыў чырванаватага вераб’я – напэўна, берасьцянка. Але было далекавата, а шукаць птушку нагружанаму не было жаданьня.

    Сярод пакупак быў і пакет з семкамі, на чарговы раздзел якіх на сталоўцы я і стаў назіраць з акна кухні. Вось тут і заўважыў самца берасьцянкі ізноў – ён піў ваду на люку, а потым пералятаў з пад сталоўкі на бліжэйшыя дрэвы. Я хуценька прынёс трубу, Валодзік – здымач, але птушка не пажадала здымацца праз трубу – пераляцела з вішэнкі ля дарогі (дзе была на ўвесь кадр, але я не пасьпеў уключыць здымку фільміка) пад сталоўку. Таму выбару ў мяне не засталося, і я сфатаграфаваў яго праз вакно.
    Пасьля абеду вырашыў прайсьці ўдздоўж Нёмана. Невялікі сьнег і невялікі мароз (-3С)
 не сталі перашкодай. Па Нёмане плылі невялікія крыгі і трымаецца надзвычай высокая вада.
Спачатку хацеў пачаць каля б. Старага маста. Але нешта мяне пацягнула да ратавальнай станцыі. А там… на лёдзе пад апорай чыгуначнага маста сядзеў баклан! Канешне, мне хацелася, каб гэта быў малы – як у Польшчы, Літве ці на Ўкраіне. А чаму б і не ў нас? Але гэта быў вялікі баклан – жоўтыя плямы каля доўгай дзюбы не давалі больш памарыць.… Пакуль я падыходзіў па глыбокаму сьнегу пляжу, каб зьняць яго бліжэй, бакланаў стала два.
Акрамя іх, сядзелі і плавалі крыжанкі і вялікія савукі. Аднак на ўсім маршруце да Новага маста і тых, і другіх былі адзінкі. Каго ж было даволі, дык гэта крумкачовых – цэлая зграя з больш ста птушак сядзела на крынічных палях пад Домам інспекцыі аховы прыроды.
    Прыемна было паглядзець і на савукоў – не гледзячы на жахлівае зьнішчэньне расьліннасьці і берагоў каля старага маста, якое працягвалася да самых маразоў, некалькі птушак вырашылі парыбачыць і тут.
Я нясьпешна крочыў далей, і пасьля Каложы пачуў піканьне дзятла. Яно было падобнае на гукі вялікага, але нейкае больш лагоднае і высокае –не, гэта не ён! І вось я амаль насупраць невялікай ліпы, на якой дзюбае кару і пікае самец сірыйскага дзятла! Я хутчэй прама па цэнтру нешырокай дарогі расстаўляю трубу і стараюся знайсьці дзятліка. Вось і ён, на ўвесь кадр! Я прыстаўляю фоцік, але сістэма не можа сама навесьці рэзкасьць! Толькі з трэцяй спробы фільмік атрымліваецца цалкам рэзкі. Я спрабую зрабіць і здымкі, але занадта цёмна, а ён жа яшчэ рухаецца, раздзёўбваючы кару на галінках.
    Я магу ўздыхнуць – сірыйскі дзяцел ёсьць на фільміку! І хаця гэта не новы від у маёй відэатэцы– у мінулым годзе не так далёка адсюль, у новым парку, я зьняў самку, але хваляваньне і задавальненьне перапаўняюць. Самец, ды яшчэ з такой адлегласьці – сапраўды, пашанцавала!
Хутка і дзятлу надакучвае поўзаць па ліпе, і ён пералятае наперад і сядае, працягваючы пікаць, на самае высокае дрэва з гэтага боку нёману, пры чым на яго вяршаліну.
Я вырашаю скончыць экскурсію каля Новага маста, але і там плаваюць і адпачываюць адзінкавыя качкі – каля вялікай крыгі, на якой сядзела 2 пары савукоў, ныраў самец гогаля. Але зьняць яго мне ўжо не прыйшлося. Як толькі я знаходзіў яго ў трубу і прыстаўляў здымач, аб’ектыў хаваўся, а на экране з’яўляюся пагрозьлівы надпіс : батарэя разражана!
Але гогалей у мяне хапае з мінулага году. Таму я надзвычайна задаволены спакойна вяртаўся дахаты.
А вось і сьпіс адзанчаных птушак:
Вялікі баклан -2
Качка-крыжанка – самцы- 2, самкі -4
Вялікі савук: самцы 15, самкі 19
Гогаль – 1 самец
Шэр варона – пр. 150
Каўка – пр. 20
Грак – пр. 5
Сірыйскі дзяцел – 1 самец

На здымках – зьверху –самец берасьцянкі пад сталоўкай
вялікі баклан-птэрадакціль
вялікія бакланы
Самец вялікага савука
Самец сірыйскага дзятла

Фотаздымкі

Каментары

Вось і сёньня (той жа?) самец прылятаў. Але семкі неяк няўдала для зернееднай птушкі вылушчвае - я дзіву даюся, як ён выжывае і што есьць?

calamita , вітаем на сайце! Калі ласка, напішы пра юбілейную праграму: дзе, калі, пра што і дашлі мне або Яўгену. Ну і чакаем Назіраньні і Здымкі !