Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:dz.vincheuski@gmail.com па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: dz.vincheuski@gmail.com

Амялушкі прыляцелі і ежы для іх шмат

амялушка

Першых восеньскіх амялушак (Bombycilla garrulus) я пачуў прыкладна месяц таму, але ўбачыў толькі цяпер. Мне трэба было па справах прайсці праз сквер, дзе я ўбачыў гэты від упершыню мінулай восенню. І чамусьці я быў упэўнены, што і цяпер яны будуць там.

Так і атрымалася. Але не паспеў я дайсці да сквера, як зусім побач з ходнікам, па якому я йшоў, прыкладна паўсотні амялушак узляцелі са старай яблыні, на невысокай кроне якой зелянелі вялікія кусты амялы. І,  на жаль, паляцелі некуды ўбок туды, дзе шукаць іх было безсэнсоўна.

Вось і сквер, але ў ім нікога няма. Я зрабіў свае справы і праз хвілін 10 зноў быў каля яго. І тут мне пашанцавала - на адну з высокіх бяроз з амялой прыляцелі амялушкі! Я хуценька дастаў з заплечніка камеру і стаў падыходзіць да іх. Частка з птушак зляцела троху ніжэй да кусцікаў амялы, іншыя ж засталіся з самага верху дрэва  ці пераляцелі на суседнюю, ужо мёртвую бярозу. Здагадацца, што яна нежывая, было лёгка - ад некалі шматлікіх вечназялёных кусцікаў амялы засталіся толькі голыя, без лісця, і здалёк чорныя галінкі. Мне яны нагадвалі ногі вялізарных павукоў. (Некалі я думаў, што амяла не можа забіць свайго гаспадара - дрэва, на якім апынулася і жыве. Але я памыляўся і бачыў забітыя амялой дрэвы шмат разоў, так што асабліва не здзівіўся.) 

Амялушкі пасядзелі на бярозах хвілін 5 і потым пераляцелі дарогу ў бок некалькіх вуліц з прыватнымі дамамі, большасць з якіх выглядае як вясковыя хаты і акружаны садамі і гародамі. Там я даволі хутка знайшоў птушак зноў - яны сядзелі метрах у 30 ад дарогі на самым высокім там дрэве і большасць 'заражала' яго насеннем амялы:

Але і там птушкі сядзелі не толькі для гэтага і частка пачала злятаць на невысокі дэкаратыўны ядлавец каля хаты, а іншыя на старую яблыню, на якой яшчэ было шмат яблык. Ці то ягад на ядлаўцы не было, ці нехта іх там спалохаў, але на ядлаўцы яны не затрымаліся. А вось на яблыках - так:

Тым не менш, праз хвілін 5 тыя з амялушак, якія не харчаваліся, вырашылі адляцець і птушкі з яблыні да іх далучыліся. Усяго іх аказалася каля сотні. А навокал яшчэ засталося шмат ежы для іх: ягады амялы, ядлаўца (у іншым месцы ў сотнях метраў), яблыкі, вінаград, каліна і рабіна.

Гродна, 13-11-2026

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі

 

Каментары