Першых восеньскіх амялушак (Bombycilla garrulus) я пачуў прыкладна месяц таму, але ўбачыў толькі цяпер. Мне трэба было па справах прайсці праз сквер, дзе я ўбачыў гэты від упершыню мінулай восенню. І чамусьці я быў упэўнены, што і цяпер яны будуць там.
Так і атрымалася. Але не паспеў я дайсці да сквера, як зусім побач з ходнікам, па якому я йшоў, прыкладна паўсотні амялушак узляцелі са старай яблыні, на невысокай кроне якой зелянелі вялікія кусты амялы. І, на жаль, паляцелі некуды ўбок туды, дзе шукаць іх было безсэнсоўна.
Вось і сквер, але ў ім нікога няма. Я зрабіў свае справы і праз хвілін 10 зноў быў каля яго. І тут мне пашанцавала - на адну з высокіх бяроз з амялой прыляцелі амялушкі! Я хуценька дастаў з заплечніка камеру і стаў падыходзіць да іх. Частка з птушак зляцела троху ніжэй да кусцікаў амялы, іншыя ж засталіся з самага верху дрэва ці пераляцелі на суседнюю, ужо мёртвую бярозу. Здагадацца, што яна нежывая, было лёгка - ад некалі шматлікіх вечназялёных кусцікаў амялы засталіся толькі голыя, без лісця, і здалёк чорныя галінкі. Мне яны нагадвалі ногі вялізарных павукоў. (Некалі я думаў, што амяла не можа забіць свайго гаспадара - дрэва, на якім апынулася і жыве. Але я памыляўся і бачыў забітыя амялой дрэвы шмат разоў, так што асабліва не здзівіўся.)
Амялушкі пасядзелі на бярозах хвілін 5 і потым пераляцелі дарогу ў бок некалькіх вуліц з прыватнымі дамамі, большасць з якіх выглядае як вясковыя хаты і акружаны садамі і гародамі. Там я даволі хутка знайшоў птушак зноў - яны сядзелі метрах у 30 ад дарогі на самым высокім там дрэве і большасць 'заражала' яго насеннем амялы:
Але і там птушкі сядзелі не толькі для гэтага і частка пачала злятаць на невысокі дэкаратыўны ядлавец каля хаты, а іншыя на старую яблыню, на якой яшчэ было шмат яблык. Ці то ягад на ядлаўцы не было, ці нехта іх там спалохаў, але на ядлаўцы яны не затрымаліся. А вось на яблыках - так:
Тым не менш, праз хвілін 5 тыя з амялушак, якія не харчаваліся, вырашылі адляцець і птушкі з яблыні да іх далучыліся. Усяго іх аказалася каля сотні. А навокал яшчэ засталося шмат ежы для іх: ягады амялы, ядлаўца (у іншым месцы ў сотнях метраў), яблыкі, вінаград, каліна і рабіна.
Гродна, 13-11-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
arktous - 18.11.2026 - 21:37
Красота! Не зря они к вам…
Красота! Не зря они к вам летят в первую очередь - столько разнообразного корма.