Дакументацыйныя здымкі і відэа
Хаця некаторыя вясковыя ластаўкі (Hiruпdo rustica) яўна карыстаюцца для новай спробы гнездавання сваімі (?) старымі гнёздамі з мінулага году, або і больш старымі, іншыя пасля вяртання і ўтварэння пары, будуюць свае паўшарыка 'з нуля'. І тут важна пад час працяглага працэсу будаўніцтва падтрымліваць цесныя сацыяльныя сувязі, бо добрае гняздо будаваць доўга - трэба прынесці і прыляпіць адзін да аднаго нават да 1500 кавалачкаў гразі. А яшчэ і ўплесці-укласці сухія травінкі - каб прылепленае лепш трымалася, Таму звычайна партнёры прылятаюць на месца 'збору гразі' парамі, робяць аглядныя палёты, звужваюць кругі і сядаюць на беразе ракі пры вадзе ці каля калужыны.
Некаторыя перад 'заборам гразі' збіраюць іншы будаўнічы матэрыял - раслінны,і прылятаюць за граззю ўжо з ім у дзюбе. Але так набіраць гразь у дзюбу цяжка і нязручна. Бо каб кавалачак гразі атрымаўся адпаведнай велічыні і структуры (не завадкі і не засухі), птушкі з сілай уторкваюць у бераг дзюбу і як бы ўтрамбоўваюць патрэбны ім будаўнічы матэрыял яшчэ перад пераноскай - г.зн. у дзюбе:
Ды і па вяртанні на будоўлю трэба адной дзюбай неяк адпаведным чынам размясціць гразь і сухія травінкі адна за адной. І калі іх шмат у той самай дзюбе, то зрабіць гэта добра вельмі складана. Пэўна тая самая праблема і з завялікімі кавалкамі гразі - птушкам не хочацца лятаць за ёй шмат разоў, асабліва калі гняздо будуецца параўнальна далёка ад берагу ракі. Але і данесці вялікую колькасць гразі 'за раз', і потым правільна яе размясціць-прыляпіць - каб не звалілася, складана. Ды яшчэ трэба чакаць, каб прылепленае падсохла і трымалася перш, чым прыносіць і прыляпляць новы слой... Так што тут спешка не мае сэнсу, хаця як і любой новай сям'і, птушкам пэўна хочацца найхутчэй пачаць займацца непасрэдна размнажэннем)
А калі спешка ні ў чым не дапамагае, то можна перад чарговым наборам порцыі будматэрыялу не толькі адпачнуць на зручнай і надзейнай прысадзе, але і паспяваць для партнёркі ці нават толькі для сябе:
Як ні дзіўна, на кіламетры берагоў ракі добрых месцаў для збору гразі ластаўкамі не так і шмат. І каб гразь была адпаведнай кансыстэнцыі, і каб месца было больш-менш адкрытае і таму праглядалася ластаўкамі - ці няма там драпежніка(ў), ну і каб не вельмі далёка ад месца будоўлі гнязда... Таму на іх часам збіраюцца адначасова па некалькі птушак - гразі хопіць на ўсіх, а лішняя пара вачэй невялікім памерамі птушкам ніколі не перашкодзіць. А для таго, каб птушкі з розных пар не мелі вялікай магчымасці карыстацца 'выпадковымi сувязямі', якія называюцца 'капуляцыя па-за парай" (EPC - extra-pair copulation), свой партнёр побач таксама стараецца ўсё адсочваць.
Бераг Нёмана ў Гродна, 19-05-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ