Ружовы пелікан

 

Буйная птушка, цяжкая на пад’ём, з вялізарнай дзюбай, у якую яна набівае дзясяткі кіляграмаў рыбы. Пелікан – птушка з дзіцячых казак і перадачаў пра прыроду. Яна, як і ўсе без выключэньня птушкі, вельмі прыгожая і ўнікальная.

Аднойчы я ўбачыў пелікана зусім побач. Гэта было не вялізарнае возера, дзе мы іх бачылі сотнямі, а звычайная і бясконцая пустыня. У бліжэйшых мясьцінах тут ёсьць два вялізарных памераў возеры. Да аднаго 100 км, а да другога 150. Стомлены ад доўгага пералёту пелікан адпачываў пасярод пяскоў і палыну. Мы пад’ехалі зусім блізка, каб зрабіць некалькі здымкаў. Пелікан неакуратным крокам медленна панёс сваё цела прэч ад нас. Ён не адлятаў, а толькі зрэдку ўздымаў крылы, каб надаць хуткасьці свайму ходу. Здымкі атрымаліся ня вельмі. Сонца ўжо заходзіла, і сьвятла яўна не хапала, каб захаваць на здымках яркія колеры. У гэты час мы ўмілажальваліся з прыгажосьці птушкі. Ружовы пелікан - ён зусім побач. І толькі пасьля фатасэсіі закралася думка, а што адчувае ён – доўгі час адзін сярод пустэчы. Яму наканавана сьмерць у адзіноцтве сярод пяскоў? Але ж мы можам дапамагчы: знайсьці мяшок, завезьці ў вёску, а заўтра ў цэнтар, а адтуль пару дзясяткаў кілямэтраў да возера. Гэта зрабіць не складана, толькі ўзяць і зрабіць.

Гэтага пелікана сустракаюць у тутэйшых ваколіцах ужо больш за тыдзень. Дзяўчына, што працуе з намі нават аднойчы прывезла ягонае пяро. Дзяўчына была пад вялікім ўражаньнем ад сустрэчы з птушкай. І больш за тыдзень бяз ежы і вады. Быць можа ён харчуецца незьлічонымі ў гэтай мясцовасьці пясчанкамі, а ваду ходзіць піць да бліжэйшай крыніцы ў некалькіх кілямэтраў. Хочацца суцешыць душу, бо напружвацца, каб нешта зрабіць для выратаваньня птушкі пад канец рабочага дня зусім ня хочацца. Такое пачуцьцё ляноты часта прыходзіць у сэрца кожнага чалавека, калі ты ведаеш, як дапамагчы, доўга думаеш аб гэтым, перажываеш, але справа да дапамогі так і не даходзіць. Такая рыса існуе ў многіх беларусаў, нажаль, яна ёсьць і ў мяне.

Дастаткова было крыху напружыцца, каб адчуць найлепшыя хьвіліны радасьці. Вось, ты трымаеш аграменную дзюбу, каб раптам пелікан не пашкодзіў цябе. Вось, ты дастаеш вялізарную птушку з машыны, і нясеш да вады. Ружовы пелікан хуткім крокам зьбягае ў вадаём і хутка шлёпаючы па вадзе сваімі кароткімі лапамі ўбягае на сотню мэтраў ад нас, пачынае чысьціць пер’е, ныраць і радавацца свабодзе. Вось, яно птушынае шчасьце.

Усё гэта можна было б адчуць, каб толькі хапіла сьмеласьці ўзяцца за гэтую цяжкаватую працу ратаваньня. А пакуль мы думаем, што гэта не магчыма, што нам трэба працаваць і мы ня можам узяць з сабой гэтую птушку, што такія законы прыроды, паступова ўдаляемся, пакідаючы ў сваіх камэрах памяць аб гэтай сустрэчы. У праменях зьнікаючага на нач сонца ўсё меньшай і меньшай робіцца беленькая кропка вялікай і грацыёзнай птушкі з дзіцячых казак і перадач аб прыродзе.

 

P.S. Пасьля гэтага выпадка мы бачылі яшчэ чароды ружовых пеліканаў па чатыры-пяць асобін, якія спыняліся ў гэтых жа мясьцінах, каб крыху часу адпачыць ад доўгага пералёту. У адной з гэтых птушак адсутнічала махавае пяро на крыле. Быць можа тое, што знайшла дзяўчына, хочацца верыць, што гэта была тая адзінокая птушка, якая дачакалася сваіх братоў, каб потым далей працягнуць палёт у гэты загадкавы сьвет дзікай прыроды.

Фотаздымкі

Каментары