Песня Брэсцкай Крэпасьці

 Вось, сапраўды ўчора падлавіў сябе чарговы раз на нейкім лайдацтве і вырашыў разам з птушкамі сустракаць вясну… Бліжэйшае месца, дзе пануе шмат птушак напэўна была Брэсцкая крэпасьць, а дакладней усё, што знаходзіцца па іншы бок Мухаўца…

Птушкі мяне не падманулі. Было цёплае, сонечнае вясновае надвор’е, і птушкі ўжо пачалі рыхтавацца да брачнага сэзону… Паўсюль сьпяваюць вялікія сініцы, коўпаюцца ў леташнім лісьце, тут жа перапрыгвае з галінкі на галінку крапіўнік, разглядзеўшы новага госьця ён недзе зьнікае па сваех справах. А ў хмызьняку на верхавіне вала сьпяваюць вясновыя песьні гілі. Іх было вельмі шмат. Думаю, каля 20-ці… Падманьваючы іх іхнім жа голасам праз мабільнік мне ўдалося зрабіць некалькі добрых кадраў…

Гэтым часам высока ў небе разьвітваліся з гэтай зямлёй два касматаногіх канюка. Праляцелі чайкі-рыбачкі.

Зараз такі дзіўны час, калі можна сустрэць, як і зімуючых у нас птушак, так і ранніх мігрантаў… Далей была шумная кампанія шчыгелаў чорнагаловых, самка чорнага дразда схавалася ад мяне ў гушчы галінак, падаў голас бажан, дзятлы разлёталіся  вакол мяне (дарэчы на фатаздымках гэта сірыйскі, ці самка беласпіннага, быў без бінокля, не разглядзеў нармальна)…

У туях, што побач з Холмскімі варотамі ўсё тая ж сталая тусоўка – чыжы і зелянушкі даядаюць рэшткі туевых сямян. Сойкі таксама хаваюцца ў гушчары туевых лапінак.

Над Мухаўцам праляцела пара вялікіх савукоў. На вадзе разбіліся па парачкам качкі-крыжанкі. Маладыя людзі кормяць адзінокага лебедзя-шыпуна.

Усё так пазытыўна і прыемна… Лепшы сродак для вясновага настрою.

 

 

Фотаздымкі

Каментары

Дзякуй за рэпартаж!

Адзіная карысьць ад той крэпасьці - разнастайнасьць птушак.

На здымках сірыйскі дзяцел - у беласпінага не бакі белыя, а менавіта вялікая белая пляма на сьпіне..