Агляд новага вызначальніка “Flight Identification of European Passerines and Select Landbirds”

У наш час з’явілася шмат выдатных вызначальнікаў птушак, як з фота, так і з малюнкамі, якія можна выкарыстоўвываць для вялікай колькасці зоагеаграфічных тэрыторый ці асобных краін і рэгіёнаў. Аднак так было не заўсёды – варта падкрэсліць, што такі значны і заўважны рост як ведаў пра вызначэнне птушак у полі, так і фота- і проста оптыкі даволі хутка адбыўся толькі ў апошнія два ці тры дзесяцігоддзі.

Немагчыма ўявіць, што вызначальнік “Вызначэнне еўрапейскіх вераб’іных і асобных наземных птушак” (Flight Identification of European Passerines and Select  Landbirds) мог быць створаны яшчэ гадоў дваццаць таму. Калі я атрымаў сваю кнігу, я быў прыемна ўражаны новымі мэтамі, якія ставіць перад сабой кніга, аднак быў скептычны ў адносінах яе магчымага выкарыстання. Аднак чым бліжэй я знаёміўся са змесцівам вызначальніка, тым больш я прыемна здзіўляўся.

Мой вялізны рэспект аўтару і ілюстратару кнігі – Томашу Цофце (Tomasz Cofta), які сапраўды зрабіў даволі значную па аб’ёму і арыгінальнасці працу.

Хаця на першы погляд канцэпцыя вызначальніка выглядае штучнай – вызначальнік драпежных птушак у палёце карысны без сумнення, але вераб’іных? – аднак чым больш задумваешся пра рэальныя сытуацыі пад час назіранняў птушак, тым больш карысным ён падаецца.

Параўнальна часта мы бачым вераб’іных у палёце, якія пералятаюць з куста на куст або з дрэва на дрэва. Іншыя могуць ляцець над намі пад час міграцыі і не прыпыняцца. І гэта толькі  дзве сытуацыі, калі звычайныя вызначальнікі птушак не вельмі нам дапамогуць, бо там больш ці менш добра прадстаўлены вераб’іныя пад час адпачынку і ў профіль (і так, як мы бы хацелі іх бачыць, праўда?).

Уводзіны тлумачаць асноўныя аспекты вызначэння птушак у палёце, такія як сілуэт і памер, афарбоўку, паводзіны ў групе і, што найбольш важна, стыль палёту. Гэта тое, на што звяртаеш увагу ў тэкстах такога тонкага назіральніка птушак, якім з’яўляецца Цофта. Яго ўвага і дакладнасць у апісаннях паказвае наколькі добра ён вывучыў як асобныя сямействы, так і іх прадстаўнікоў на нашым кантыненце. Зразумела, што ўсё гэта немагчыма заўважыць і запомніць за кароткі прамежак часу і патрабаваліся гады, каб назапасіць падобны аб’ём ведаў.

птушкі

Далей у таксанамічным парадку прадстаўлены відавыя (237 відаў) нарысы з кароткім тлумачальным тэкстам, высокаякаснымі здымкамі і малюнкамі (апошнія ўсе зроблены Томашам самастойна).  Кожнае сямейства вераб’іных пачынаецца з двухстаронкавых малюнкаў яго прадстаўнікоў у палеце ў профіль і сілуэтаў знізу. Дэталёва апісаны вызначальныя рысы для сямействаў, уключна са стылем палёту іх прадстаўнікоў.

дразды

У відавых нарысах тэкст параўнальна кароткі, але апісвае асноўныя рысы для вызначэння віду ў палёце: памер птушак, афарбоўку, стыль палёта і паводзіны ў чародцы (калі яны важныя). Магчыма, што лічбавыя малюнкі Цофты спадабаюцца не ўсім, але яны вельмі дакладна перадаюць сілуэт, афарбоўку, прапорцыі і знешні выгляд птушак, таму, у многіх выпадках, птушкі на іх як жывыя. Зразумела, што мы не можам ў полі разглядаць розныя больш ці менш дробныя рысы птушак пад час іх палёту, але яны могуць дадаваць значную інфармацыю для стварэння агульнага ўражання ад ўбачанага і тым больш важныя, калі зроблены здымак.

птушкі

Прыемна ўражваюць таксама выдатна падабраныя здымкі птушак у палёце, якія прадстаўляюць разнастайныя ракурсы. Для відаў з падобным голасам таксама паказаны санаграмы пазывак, якія можна пачуць пад час палёту птушак, што можа дадаткова дапамагчы ў іх вызначэнні.

Тоўстая кніга з 850 малюнкамі і больш чым 2400 здымкамі амаль на 500 старонак - яўны прыклад таго, як далёка наперад прасунулася назіранне птушак у нашым стагоддзі. Выразнае і бясспрэчнае развіццё оптыкі і лічбавых фотакамер без сумневу прычыніліся да магчымасці стварэння вызначальнікаў падобнага ўзроўню. Зараз вызначэнне вераб’іных птушак у палёце стане нашмат лягчэйшым. Таму гэты вызначальнік “Flight Identification of European Passerines and Select Landbirds” – выдатная кніга і яшчэ адна прадукцыя з раздзелу 'must-have' (якую павінен мець кожны) еўрапейскі бёрдэр адразу пасля вызначальніка Collins Bird Guide.

 

  • Flight Identification of European Passerines and Select Landbirds  by Tomasz Cofta (Princeton University Press, 2021).
  • 496 старонак, 2.400 каляровых фотаздымкаў, 850 ілюстрацый.
  • ISBN 9780691177571. мяккая вокладка, £38.
  • Bookshop from £32.99

 

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Першыя рэцэнзіі на другое выданне „Collins Bird Guide

Найлепшы вызначальнік птушак Еўропы выходзіць па-польску!

Першы вызначальнік птушак Беларусі для смартфонаў на Андроід выпушчаны АПБ

Назіранні за птушкамі ў ЗША ў лічбавую эру

Cornell Lab і Swarovski Optik хочуць знішчыць бёрдуотч, які мы ведаем?