Назіранні за птушкамі ў ЗША ў лічбавую эру

Канешне, не ўсе амерыканцы – бёрдуотчары. Аднак існуе вельмі вялікая імавернасць таго, што нават такія людзі маюць як мінімум аднаго ці больш аматараў назіранняў птушак сярод сваіх крэўных ці знаёмых – паводле дадзеных US Fish and Wildlife Service, у Штатах 47 мільёнаў бёрдэраў! Менавіта яны трацяць штогод у сярэднім 15 мільярдаў даляраў на паездкі “за птушкамі” і яшчэ 26 мільярдаў на прыстасаванні для назіранняў. Служба лесу ЗША (US Forest Service) прагназуе, што колькасць бёдуотчараў у гэтай краіне павялічыцца ажно на 33% паміж 2008 і 2030 гадамі!

Чаму гэтае хобі так папулярна? І як яно выглядае цяпер, у “лічбавую эру”?

"Птушкі- выдатная брама для ўваходу ў назіранні прыроды” - расказвае Ноа Страйкер (Noah Strycker) – амерыканскі бёрдэр, які ў 2015 годзе за 365 дзён назіранняў змог адзначыць па ўсяму Свету ажно 6042 віды птушак. (Аднак на наступны год яго рэкорд быў пабіты галандзкім калегай)

Ноа лічыць, што немагчыма нічым замяніць тысячы гадзін, якія ён правёў на прыродзе з 5 класа, калі адзін са школьных настаўнікаў зацікавіў яго бёрдуотчам. І добрая навіна ў тым, што цяпер значна лягчэй пачаць назіранні за птушкамі і атрымліваць ад іх задавальненне, чым раней.

"Лічбавая эра цалкам змяніла бёрдынг. Ён стаў нашмат больш даступным” – кажа Ноа. “Стала нашмат лягчэй атрымаць інфармацыю па вызначэнню птушак і дзе шукаць тыя ці іншыя віды”.

Як гэта стала магчымым? Праграмы-дадаткі на смартфонах цяпер дазваляюць пакінуць вызначальнікі-кнігі ў хаце. Запісы галасоў птушак на тых жа прыладах дазваляюць не толькі прывабіць жаданы від бліжэй каб лепш разгледзець і зрабіць серыю лічбавых фотаздымкаў, але і часам вызначыць па голасу з дапамогай убудаваных мікрафонаў і праграм для вызначэння – таксама на смартфоне. Мільёны людзей з падобным хобі дадаюць свае назіранні ў лічбавыя базы дадзеных часта ў рэжыме рэальнага часу і далучыцца да іх у тым самым месцы – калі там адзначылі цікавы для вас від - цяпер нашмат лягчэй.

Аднак яшчэ большыя змены ў назіраннях за птушкамі чакаюць нас неўзабаве, калі у гэтым хобі пачне ўсё больш актыўны “ўдзел” прымаць штучны інтэлект. Наш мозг і ворганы пачуццяў застаюцца ўнікальнымі і неабходнымі для вызначэння птушак па сілуэту, характэрным паводзінам ці пазыўкам. Штучны інтэлект не такі добры ў гэтым, аднак ужо цяпер можа правільна вызначыць від па добрым фота, а праз нейкі час, магчыма, што і па голасу.

Далучыцца да іншых

Праграмы для смартфонаў могуць дапамагчы тады, калі папяровыя вызначальнікі застаўляюць (за)шмат варыянтаў у вызначэнні.

"Цяпер многія шукаюць адказы на свае пытанні інакш, чым раней: калі мы нечага не ведаем, мы набіраем слова ці некалькі ключавых словаў у інтэрнет-пашукавіку”- кажа Пурбіта Саха (Purbita Saha) з Audubon Society, адной з найстарэйшых грамадзкіх арганізацый па вывучэнню і ахове птушак і выдаўцы адной з праграм-дадаткаў да мабільнага тэлефона, якой карыстаюцца мільёны. “Дадаткі для смартфонаў працуюць падобным чынам да пашукавікоў, аднак з упорам на цікавасць да бёрдынгу”.

Гэта цяжка параўнаць з пачаткамі назіранняў за птушкамі тых, хто распачынаў іх яшчэ некалькі год таму. "Калі ў цябе не было сяброў-бёрдэраў ці ты не жыў у месцы, цікавым для назіранняў, гэта было ўсё ж значна абмежаванае кантактамі хобі" – кажа Саха. Зразумела, што параўнальна проста было і тады вызначыць віды, якія добра ці значна ад сябе адрозніваліся, аднак з іншымі маглі быць праблемы нават з добрым папяровым вызначальнікам, асабліва калі для вызначэння яўна не хапала досведу.

Аднак у наш час пра ізаляцыю назіральнікаў можна забыць. Адна з самых папулярных у Свеце баз дадзеных па птушках, амерыканская eBird, паступова стала ператварацца і ў адмысловую сацыяльную сетку – сервіс не так даўно дадаў магчымасць дадаваць пра сябе асабістую інфармацыю (profile page), каб аблегчыць магчымасць кантактавання карыстальнікаў паміж сабой.

Яшчэ адзін інтэрнет-сервіс, Birding Pal, дае магчымасць знайсці цікавае месца для паездкі на птушак або кантакт з мясцовымі бёрдэрамі на месцы паедзкі. Каштуе такая магчымасць 10 даляраў у год.

Зразумела, што такое папулярнае хобі дапамагае знаходзіць не толькі цікавых птушак, але і партнёраў па жыцці. “У Калумбіі адзін з хлопцаў сказаў мне, што мясцовыя бёрдуотчарскія клубы выдатна дапамагаюць знаёміцца з дзяўчынамі”- распавядае Ноа Страйкер.

Па-за кнігамі

Піянер мабільных праграмных прыладаў Мітч Уэйт (Mitch Waite) апынуўся ў свой час не ў тым месцы. Бёрдэр і былы дырэктар выдавецтва кніг па кампутарах, стварыў і хацеў прадаць праграму па вызначэнні птушак, напісаную пад Windows Mobile яшчэ больш дзесяцігоддзя таму.

"Атрымаўся вялікі правал” – кажа Уэйт. “Мы прадалі 70 копій ў першыя тры месяцы”. Ён быў расчараваны, але праз нейкі час адзін з карыстальнікаў iPhone напісаў яму. "Калі вашы спажыўцы кажуць вам, што ў вас выдатная ідэя, але для няправільнай платформы, варта прыслухацца да іх”. Змененае прылажэнне iBird з’явілася ў інтэрнет-краме Apple App Store у 2008 годзе.

Аднак становішча кардынальна змянілася, калі дачка Стыва Джобса (тады дырэктара Apple) адкрыла для сябе iBird, і рэклама яе магчымасцяў з’явілася між дэманстрацыі іншых праграм для айфонаў у знакамітым роліку-рэкламе новага тэлефона.

“Прафесійная” версія праграмы Уэйта каштуе 15 $ і мае апісанні 944 паўночна-амерыканскіх відаў птушак з 4500 іх фотамі і запісамі 3300 галасоў.

"Раптам усе бёрдэры зразумелі - я магу карыстацца для вызначэння iPhone замест кнігі? Тут ёсць магчымасць пошуку? І яшчэ магчымасць слухаць галасы?”- распавядае Уэйт. “Так пачаўся бум продажаў”.

Мільёны купілі праграму-прылажэнне iBird для сваіх айфонаў толькі за першы год. З таго часу продажы значна зменшыліся, але ўсё яшчэ застаюцца на добрым узроўні. “Хутчэй за ўсё дзякуючы новым бёрдэрам”- мяркуе Уэйт.

Праграма-прылада займае шмат месца ў памяці вашага смартфона, але рухам аднаго пальца дазваляе параўнаць як выглядае самка ці неполаваспелая птушка ў выпадку неабходнасці.

 

Flocking birders

Бёрдэры рэгулярна правяраюць паведамленні на сваіх тэлефонах- магчыма, што недалёка ад вас нехта назірае цікавы для вас від птушак. І калі вы падпісаны на адпаведную групу рассылкі, то цікавае паведамленне можа прыйсці амаль у любы час.

iBird застаецца папулярнай прыладай, але канкурэнцыя падціскае – ў 2015 годзе таварыства Audubon выпусціла сваю, бясплатную прыладу для вызначэння птушак для смартфонаў. А найбольш знакаміты і папулярны папяровы вызначальнік паўночна-амерыканскіх птушак Sibley Guide to Birds, цяпер даступны ў лічбавым выглядзе за 20 $.

Цуды з Merlin’ам

Першыя праграмы-прылажэнні па вызначэнні птушак проста “перапакоўвалі” папяровыя вызначальнікі ў лічбавую электронную форму. Аднак неўзабаве прыйшла новая форма – праграма Merlin Bird ID, распрацаваная лабараторыяй арніталогіі Карнельскага універсітэту (Cornell Laboratory of Ornithology), бясплатная як для айфонаў, так і для смартфонаў на платформе Андроід, і створаная для больш інтэрактыўнага вызначання. Праграма прапануе выбраць адказы на некалькі простых пытанняў наконт адзначанай вамі птушкі з нейкай колькасці варыянтаў або вызначае від пасля загрузкі ў сістэму фота.

"Нам атрымалася зрабіць сапраўдны пералом- калі загрузіць на Merlin фота птушкі, у 98% выпадкаў яно будзе правільна вызначанае” – сказаў Крыс Уўд (Chris Wood), са-кіраўнік праекту eBird. Аднак некаторых птушак не заўсёды атрымліваецца сфатаграфаваць. Тады на дапамогу прыходзіць іх слоўнае апісанне, сфармуляванае ў групе пытанняў наконт таго што і дзе атрымалася ўбачыць.

Ноа Страйкер, прафесійны гід бёрдуотчарскіх тураў, хвалюецца за тыя часы, калі праграмы-прылады стануць “заразумнымі”: "Дзень, калі мы вынайдзем бінокль, які сам аўтаматычна будзе вызначаць для нас птушак, будзе апошнім днём таго бёрдынгу, які мы ведаем. Калі мы будзем ведаць усё загадзя, гэта перастане быць такім цікавым”.

Магчыма. А магчыма і не. Усё ж людзі ўсё яшчэ ездзяць конна і пякуць уласны хлеб, хаця едзіць на аўтамабілях хутчэй і зручней купіць разнастайны хлеб ды булкі у крамах. Таму эксперты кажуць хутчэй пра зніжэнне планкі на шляху тых, хто хоча далучыцца да назіранняў птушак і пра новыя магчымасці для тых, хто ўжо з намі. Тым больш не варта забываць, што знакаміты заснавальнік амерыканскай арніталогіі Джон Джэймс Ад’юбон (James Audubon) забіў птушак 435 відаў для таго, каб намаляваць іх у самай дарагой на сёння кнізе Birds of America, якая ўпершыню выйшла друкам у 1827 годзе. На шчасце, ужо даўно не трэба забіваць птушак, каб іх вызначыць.

птушкі

Птушкі і іх галасы

Праграмы-прылажэнні для смартфонаў маюць адну значную перавагу над папяровымі вызначальнікамі – іх можна выкарыстоўваць для прайгравання песняў ды іншых гукаў, якія выдаюць птушкі. Асабліва важна гэта для многіх вераб’іных або начных відаў, якіх цяжка ўбачыць, але параўнальна лёгка пачуць і вызначыць па голасу.

І тут моц інтэрнету таксама прыходзіць нам на дапамогу. Дзякуючы запісам бёрдэраў і арнітолагаў з усяго Свету, створана вялізарная база галасоў птушак пад назвай Xeno-Canto, - яна дае магчымасць параўнаць нават рэгіянальныя дыялекты для некаторых відаў, якіх няма ў праграмах для смартфонаў. Зразумела, што можна паслухаць галасы розных відаў і на іншых інтэрнет-пляцоўках- напрыклад, на Bird Song Skill.

Аднак гэтымі магчымасцямі ў прыродзе варта карыстацца асцярожна, бо часам выкарыстоўваць падобныя запісы неэтычна ў адносінах да птушак. Справа ў тым, што частае прайграванне голасу на адным месцы пад час гнездавання прымушае птушак вылятаць на голас “канкурэнта” і не толькі траціць энергію на неіснуючую небяспеку, але і павялічваць магчымасць трапіць на вочы і ў страўнік драпежнікам.

Ну і нарэшце часам здараецца падмануць падобным выкарыстаннем запісаў галасоў птушак іншых бёрдэраў, якія не бачаць вас, але чуюць птушыны голас. J

Shazam для галасоў птушак

Яшчэ адно мабільнае прылажэнне ўзнікае на нашых вачах.

З дапамогай мікрафону, убудаванага ў тэлефон, і адмысловай праграмы, можна будзе вызначыць якая птушка спявае побач з вамі.

"Калі гэта спрацоўвае, гэта падобна на цуд!”- кажа Шэруўд Снайдэр (Sherwood Snyder), прадстаўнік кампаніі Wildlife Acoustics, якая выпускае пралыжэнне Song Sleuth для айфонаў.

Аднак пакуль што праграма спраўляецца з вызначэннем не заўсёды. “Людзі нашмат больш адаптыўныя – з гэтым цяжка спаборнічаць”- кажа Снайдэр. Аднак калі адпаведны правільны алгарытм вызначэння па голасу будзе знойдзены, гэта будзе прарыў.

Распрацоўшчыкі праграмы iBird маюць планы неўзабаве дадаць магчымасць вызначэння птушак па загружаных здымках, але кажуць, што вызначэнне па голасу працуе параўнальна слаба. Асноўныя праблемы – фонавы шум, некалькі галасоў птушак адначасова і вельмі абмежаваныя магчымасці ўспрымаць патрэбныя нам гукі на адлегласці мікрафонам тэлефона.

"Мы атрымліваем шмат е-мэйлаў з просьбай стварыць версію iBird, якая будзе працаваць як Shazam'" – кажа Уэйт. “Аднак каб зрабіць гэта добра, патрэбна шмат працаваць. Пакуль што гэта вельмі цяжка зрабіць”.

Лічбавыя вочы

Фотакамеры з аб’ектывамі вялізных памераў, якія даюць магчымасць фатаграфаваць птушак здалёк, існуюць параўнальна даўно. Аднак менавіта лічбавыя камеры сапраўды адкрылі новыя магчымасці для бёрдэраў.

З-за таго, што больш не трэба выкарыстоўваць фотаплёнку каб атрымаць фотаздымак, можна рабіць дзесяткі і сотні здымкаў ці нават запісываць відэа, каб потым убачыць на маніторы кампутара найлепш асвятленую ці адпаведную для вызначэння позу птушкі.

Немалаважна і тое, што многія людзі далучаюцца да назіранняў птушак менавіта праз любоў да прыроднай фатаграфіі. Паступова, каб рабіць здымкі на належным узроўні, яны становяцца бёрдэрамі. Бо каб зрабіць цікавы здымак, неабходна добра вызначаць птушак, ведаць дзе і калі іх знайсці і якія асаблівасці іх біялогіі могуць дапамагчы бяспечна для птушак наблізіцца да іх на неабходную адлегласць.

Нават не мастацкія ці нават нярэзкія фота могуць значна дапамагчы ў вызначэнні.

Ну і заўсёды можна папрасіць дапамогу не толькі ў праграмы Merlin, але і ў бёрдэрскай супольнасці.

Ад рэальных птушак да eBird

Адна з лічбавых праграм моцна адрозніваецца ад іншых. Бо карыстанне ёй дапамагае не толькі вам, але і ўсім бёрдэрам. Гэта- eBird, якая можа не толькі ствараць ваш жыццёвы ці гадавы спіс адзначаных відаў, але дзякуючы вашым ды дадзеным іншых карыстальнікаў дапамагае знайсці дзе і калі лепш назіраць розныя віды і нават ацаніць іх звычайнасць ці рэдкасць для нейкай канкрэтнай і цікавай для вас мясцовасці.

Праграма была створана ў 2002 годзе як он-лайн база дадзеных па сустрэчах птушак. Цяпер больш за палова дадзеных заносіцца на партал карыстальнікамі з дапамогай прылажэння для смартфонаў.

"На працягу апошніх 12 гадоў мы бачым прырост загружаных у базу спісаў-назіранняў ад 20 да 40% штогод”- кажа Уўд. Цяпер у базе 400 мільёнаў рэгістрацый птушак і прыкладна 300 тысяч чалавек будуць карыстацца парталам сёлета.

Штогод база дадзеных ставіць новыя рэкорды: пад час толькі аднаго дня, калі eBird традыцыйна просіць загрузіць свае назіранні бёрдэраў з усяго Свету (Global Big Day), у ім прынялі ўдзел 20.270 чалавек, якія занеслі агулам 54.263 спісаў з інфармацыяй пра рэгістрацыі 6.653 відаў.

Ноа Страйкер- адзін з тых, хто пастаянна карыстаецца магчымасцямі eBird. "eBird вельмі дапамог мне пад час майго Вялікага году, таму што была магчымасць адфільтраваць сустрэчы розных відаў у розных рэгіёнах. Гэта было нашмат зручней, чым чытаць вызначальнікі па розных краінах і старацца запомніць дзе і якія віды ў іх можна сустрэць”.

скрыншот  экрана

Аднак дадзеныя з eBird дапамагаюць не толькі знайсці цікавыя віды птушак і кантакты мясцовых бёрдэраў у патрэбнай вам мясцовасці, але і карысныя для аховы птушак. Вось адзін з найбольш вядомых прыкладаў: таварыства Nature Conservancy выкарыстала дадзеныя з eBird, каб зразумець калі ідзе масавая міграцыя прыбярэжных відаў птушак праз некалі забалочаную даліну Central Valley у Каліфорніі. Засноўваючыся на гэтых дадзеных, таварыства зрабіла даплаты мясцовым фермерам калі тыя запаўнялі вадой свае рысавыя палі ў адпаведны для прыпынку птушак пад час міграцыі час. Гэта аказалася эфектыўнай дапамогай і нашмат танней, чым выкупаць у фермераў зямлю.

Як аказалася, пасля гэтага кулікі ды іншыя прыбярэжныя віды паказалі там у сярэднім у 3 разы большую колькасць відаў і ў 5 разоў большую шчыльнасць, чым да пачатку праекту.

Назіранні і вывучэнне птушак – не толькі заспакаенне нечай цікаўнасці. Гэта дапамагае захаваць прыроду. Калі казаць інакш, то птушкі як канарэйкі ў вугальных шахтах, яны паказваюць нам дзе і калі чалавек зайшоў задалёка.

Паводле www.cnet.com (тэкст і фота) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Кожны пяты амерыканец – бёдуотчар!

Merlin дапаможа вызначыць амерыканскіх птушак па фота

Праграма для iPhone дазволіць амерыканцам вызначаць птушак навокал

НОВЫ МЕТАД АЦЭНКІ ПАМЕРУ ПАПУЛЯЦЫЙ ПТУШАК ПА ІХ ГАЛАСАХ

Інтэрв’ю з Чэмпіёнам, які адзначыў 6833 віды птушак за свой Вялікі год

Рэкордны Вялікі год: першы погляд ад першай асобы + VIDEO

"ВЯЛІКІЯ ЎЛІКІ ПТУШАК" З АМЕРЫКАНСКІХ ПЕРАРАСЛІ Ў ГЛАБАЛЬНЫЯ

Дзякуючы цікавасці да аднаго рэдкага віду птушак у Перу атрымалася знайсці іншы, новы для навукі

Sotheby's выставляет на торги самую дорогую книгу в мире...... и она о птицах!!!!