Merlin дапаможа вызначыць амерыканскіх птушак па фота

 

Амерыканскія бёдуотчары, ці хутчэй тыя, хто толькі распачынае свае назіранні за птушкамі Паўночнай Амерыкі, атрымалі выдатную дапамогу ў выглядзе адмысловай он-лайн праграмы, якая здольная вызначыць каля 400 звычайных відаў птушак гэтага кантыненту (ЗША і Канады) па фотаздымках.

Як і папярэдняя праграма, якая дапамагала вызначаць птушак он-лайн, гэтая атрымала назву Merlin (на ангельскай мове мае два значэнні: чараўнік і сокал-дрымлюк). Фотавызначальнік он-лайн распрацаваны ў рамках праекту Visipedia з супрацоўніцтве з Лабараторыяй арніталогіі Карнельскага ўніверсітэту (Cornell Lab of Ornithology) і бясплатна даступны ТУТ.

“Цяпер праграма, якая здольная вучыцца па меры яе выкарыстання, здольная правільна вызначыць від у 90% выпадкаў” – сказаў Джэсі Бэры (Jessie Barry), прадстаўнік лабараторыі. “Гэта можна лічыць даволі добрым вынікам калі помніць пра тое, што праца з вызначэннем птушак дзякуючы кампутарнай праграме распачалася толькі колькі год таму”. Таксама не трэба забываць пра тое, што цяпер на сайце працуе бэта-версія, якая увесь час удасканальваецца. 

Каб Merlin дапамог вызначыць птушку на здымку, трэба загрузіць фота на сайт, напісаць дзе і калі яно было зроблена. Каб дапамагчы праграме, трэба змясціць птушку на здымку ў квадрат, а таксама клікнуць на яе дзюбу, вока і хвост.  

На працягу секундаў софт праглядзіць загружаныя ў базу мільёны здымкаў і прадставіць найбольш імаверныя варыянты ў выглязе іншых фота і запісаў голасу. 

Цяпер у базе eBird больш за 70 мільёнаў назіранняў птушак, якія загрузілі яе карыстальнікі. Інфармацыя пра час і месца, дзе быў зроблены здымак птушкі таксама дапамагае зменшыць колькасць магчымых варыянтаў. 

Пасля ўдасканалення праграмы (якая цяпер працуе толькі для стацыянарных кампутараў), калі яна будзе правільна вызначаць птушак па фота, зробленых смартфонамі, яна будзе далучана да ўжо вядомай мільёнам карыстальнікаў Merlin Bird ID app, якая дапамагла ў вызначэнні больш мільёна птушак пасля адказаў карыстальнікаў на 5 пытанняў. 

Он-лайн фотавызначальнік Merlin распрацаваны Стывам Брэнсанам (Steve Branson) і Грантам ван Горнам (Grant Van Horn) з праекту Visipedia, які ачольваюць прафесары Пьетра Перона (Pietro Perona) з California Institute of Technology і Серж Беланжы (Serge Belongie) з Cornell Tech.

Праца падтрымліваецца Google, Jacobs Technion-Cornell Institute з Cornell Tech, і National Science Foundation.

Паводле www.wildlifeextra.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Выкарыстаны скрыншот старонкі он-лайн фотавызначальніка 

 

На гэтую тэму:

Праграма для iPhone дазволіць амерыканцам вызначаць птушак навокал

НОВЫ МЕТАД АЦЭНКІ ПАМЕРУ ПАПУЛЯЦЫЙ ПТУШАК ПА ІХ ГАЛАСАХ

Кожны пяты амерыканец – бёдуотчар!

ВЫСОКІЯ ТЭХНАЛОГІІ ДАПАМОГУЦЬ ЗАХАВАЦЬ ПТУШАК