Бітва за кантроль над новай дамэннай зонай .eco

     Як мінімум два кансорцыумы змагаюцца за тое, каб атрымаць пад свой кантроль дамэнную зону .есо. Яшчэ сёлета ў сакавіку былы віцэ-прэзідэнт ЗША Эл Гор аб’яднаў свае сілы з каліфарнійскай групай Dot Eco (Кропка Эко) каб атрымаць магчымасць выкарыстоўваць новы аднайменны дамэн найвышэйшага ўзроўню ("top level domain" (TLD)).
Аднак цяпер ў бітву за новы TLD увязалася міжнародная група па ахове навакольнага асяроддзя пад назвай Big Room.

    Абодва кансорцыумы плануюць звярнуцца да Icann (агенцтва, якое кантралюе ўсе дамэнныя зоны ў Свеце), каб стварыць новую дамэнную зону .eco у пачатку 2010 году. "Мы – два розных апліканта з двума рознымі падыходамі па выкарыстанню /новай зоны/.” – сказаў Майнар Чайлдэрс (Minor Childers), адзін з фундатараў Dot Eco.
"Наша ідэя ў тым, каб прадаваць дамэнныя імёны і такім чынам сабраць грошы для арганізацый, якія могуць змяніць сітуацыю”.
     Ён таксама распавёў, што яны наладзілі кантакты і іх падтрымліваюць такія арганізацыі, як Sierra Club і Alliance for Climate Protection (Альянс па абароне клімату), каб 57% ад прыбыткаў, атрыманых за рэгістрацыю сайтаў у новай дамэннай зоне, прызначаць на ахову прыроды. “Такім чынам мы можам стаць адным з найбуйнейшых прыродаахоўных фондаў у Свеце”. 

    Big Room таксама плануе збіраць грошы ад продажу дамэнных імёнаў у новай зоне .eco, каб фінансаваць праекты па ўстойліваму развіццю па ўсяму Свету.
Акрамя гэтага, кансорцыум, які ўключае WWF International і Зялёны Крыж (Green Cross), таксама хоча выкарыстоўваць дамэн як пазнаку або своеасаблівы сертыфікат для “зялёных” кампаній.
    ".eco павінна нешта значыць, а не стаць проста яшчэ адной новай дамэннай зонай” – сказаў Трэвар Боўдэн (Trevor Bowden), прадстаўнік Big Room. Таму, на думку гэтага кансорцыуму, кампаніі і арганізацыі, якія хочуць выкарыстоўваць дамэнную зону .eco для рэгістрацыі сваіх сайтаў, мусяць адпавядаць пэўным умовам. Напрыклад, кампанія мусіць мераць і рабіць публічнымі свае выкіды дыяксіду вугляроду (carbon footprint).
    "Гэтыя крытэры можна выпрацаваць з часам, і мы не збіраемся навязваць нашае меркаванне што ёсць “зялёным”, а што – не. Неабходныя крытэры выпрацуюцца дзякуючы міжнародным арганізацыям” – дадаў Боўдэн.
Таксама важна, каб кампаніі выкарыстоўвалі свае сайты ў новай зоне для таго, каб там рабіць публічнай усю інфармацыю, звязаную з навакольным асяроддзем. Гэта можа стаць моцнай прыладай для аховы прыроды. Аднак Big Room не збіраецца заклікаць да выкарыстання вельмі суворых крытэраў, бо гэта можа зашкодзіць колькасці зваротаў па даменнае імя ў новай зоне.

Аднак Боўдэн згодны, што абедзве групы маюць аднолькава шляхетныя мэты.

Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.BirdWatch.by

 

Comments

Harrier - 09.08.2009 - 12:31

In reply to by Ананім (госць)

Хутчэй за ўсё не, бо ўчора я даслаў вядомасьць пра гэту навіну праз рассыдку грынбел. Цяпер паказвае 1 (г.зн. я) карыстальнік і 39 гасьцей.