Шматаблічны бабёр

У нас на Палессі зіма скончылася с надыходам снежня. Нібыта спужаўшыся, што так рэзка, з лістапада месяца, узяла з месца ў кар'ер маразамі і снегам, яна адпусціла халадэчу і завітала адлігай і дажджом. У адзін з такіх дзён, карыстаючыся адгулам, я накіраваўся у пойму Прыпяці па сваіх, фотапаляўнічых, справах.

Спадзяванняў зрабіць больш - менш прыстойны кадр у мяне не было, бяручы ва ўвагу надвор'е, таму было вырашана гэты дзень прысвяціць кармушцы. Летась я яе закінуў, таму трэба было недзе нешта падлатаць, нешта спілаваць, падправіць і, нарэшце, высыпаць корм.

Шлях мой, па  завядзёнцы, пралягаў праз Пінскія ачышчальныя, праехаўшы якія, я спыніўся каля зграі лебядей - шыпуноў каб праверыць, ці есць на старым месцы рыбак - зімародак.

Месца сустрэчы змяніць нельга, і праз некалькі хвілін птушка прыляцела на той жа корч лазы, дзе сядзела і ў мінулым годзе. Аднак у гэты момант мяне ўжо цікавіў не зімародак... Шыпуны пачалі нервавацца і іх шчыльная суполка распалася на некалькі пар, якія адплывалі ў розныя бакі. Праз некалькі імгненняў з'явілася і крыніца хваляванняў - прама з гушчы лебядзяў выплыў бабёр! 

Не звяртаючы увагі на птушак, звер накіраваўся на мяне. Прысеўшы, я хуценька зняў заплечнік і стаў чакаць і слухаць. Хлапка хвастом аб ваду я не чуў, значыць, мяне ён не заўважыў. Гэта было цалкам лагічна, улічваючы падслепаватасць грызуна і накірунак моцнага ветра, які дзьмуў ад яго на мяне.

Ціхенька дастаўшы свой Canon, стаў прыўставаць, і адным вокам заўважыў, што бабёр сядзіць ўжо ўсяго ў некалькіх метрах ад мяне, на беразе рэчкі пад ствалом паваленай івы. Нягледзячы на вельмі блізкую адлегласць, удалы кадр зрабіць было немагчыма - моцна заміналі на пярэднім плане сухое галле і травастой.

Усё ж я зрабіў пару кадраў, але вырашыў дарма яго не пужаць і пачакаць, - можа, ён зменіць месца дыслакацыі. Чакаць прыйшлося хвілін дваццаць, за гэты час я паспеў змёрзнуць, апрануць па-дурасці не апранутыя адразу рукавіцы (ад вільгаці рукі мёрзнуць яшчэ болей, чым ад мароза) і удоваль наслухацца, як бабёр хрумкае тонкія галінкі.

Час ад часу я прыпадымаўся, каб не праспаць яго перамяшчэнне. І вось я з радасцю заўважыў, што жывёліна вырашыла пераплыць ў іншае месца. Па накірунку руху стала зразумела, што кіруе бабёр на супрацьлеглы бок прамоіны і ў мяне з'явіўся выдатны шанец незаўважна злезці з дарогі на бераг ракі, каб не фатаграфаваць яго так выразна зверху ўніз. Скарыстаўшыся момантам, я зайцом скокнуў уніз і быў гатовы да фотасесіі раней, чым бабёр даплыў да супрацьлеглага боку.

Ён носам крыху патыкаў край льда, нібы спрабуючы яго на трываласць, і стаў караскацца уверх. Падчас яго караскання з вады можна было заўважыць, як складваецца верхняя частка яго поўсці, ствараючы сапраўдны непрамакаемы плашч, па паверхни якога струйками сцякае вада. Як толькі ён апынуўся на беразе, то  усім целам атросся і заняўся сваім футрам.

Відавочна, дзеля гэтага ён сюды і прыплыў. Магчыма, яшчэ адзначыць тэрыторыю, бо удалося зрабіць кадры, дзе ў яго з пэўнай адтуліны вышэй хваста на брушным баку выдзяляецца адпаведная субстанцыя жоўта - памаранчовага колеру. Экскраменты бабра мне вядомы і нагадваюць корак з бутэлькі віна, гэта было нешта іншае. Плюс грызун старанна націраў гэтай субстанцыяй свае чэрава і сядзеў на ім. Мажліва, гэта была т.зв. бабровая струя? Здымкі у мяне есць, але я іх не выкладваю тут з эстэтычных меркаванняў. 

Пасля гэтай працэдуры бабёр заняўся сваёй поўсцю як след расчэсваючы усе бакі цела і відавачна, атрымліваючы ад гэтага асалоду - выраз твару быў вельмі шматмоўны і характэрны... Тады, падчас фатаграфавання, мне здавалася, што ўсе здымкі будуць шэрыя і аднолькавыя. Шэрымі яны, па - шчырасці, і выйшлі, але ж паглядзіце на міміку гэтага прыгажуна! Адзін здымак можна назваць "я здіўлены", другі "я злую", трэці - "я мімімішка", чацверты - "слухаю - слухаю", і гэтак далей. На адным з здымкаў бабёр і ўвогуле падобны на хамяка (ну, дык сваякі ж як-ніяк), што жыве у мяне дома. Карацей, сваімі грымасамі прымусіў бабёр мяне усміхнуцца, спадзяюся, і вас таксама.

Піншчына, р.Прыпяць.

Фотаздымкі

Каментары