Аўстралійскую мегафауну знішчылі першабытныя людзі

     Прыкладна апошнія 150 год навукоўцы спрачаюцца наконт сапраўдных прычын знікнення аўстралійскіх буйных жывёл. У гэтым вінаватыя кліматычныя змены ці ўсё ж чалавек? Артыкул, які з’явіўся ў часопісе Science, дзякуючы новым доказам сведчыць у падтрымку таго, што буйныя сумчатыя звяры, вялізарныя паўзуны і гіганцкія нелятаючыя птушкі былі вынішчаныя людзьмі.

     Дзякуючы выкарыстанню лепшай даціроўкі прыстасаванняў, якія выкарыстоўвалі прыбылыя на Аўстралійскі кантынент першабытныя людзі, і выкапнёвых рэшткаў, атрымалася паказаць, што супольнае жыццё ўнікальнай мясцовай мегафауны і чалавека не працягвалася доўга. І знікненне першай адбылося з-за інтэнсіўнага палявання і зменаў у прыродным асяроддзі, якія таксама ўчынілі людзі. 
"Аўстралія была каланізаваная чалавекам у перыяд, калі клімат быў параўнальна ўстойлівым. І гэта толькі падтрымлівае погляд, што людзі, а не змены клімату, былі прычынай знікненняў жывёлаў.” – сказаў д-р Бары Брук (Dr. Barry Brook), сааўтар даследавання і прафесар універсітэту Адэлаіды.

      Аднак некаторыя навукоўцы прытрымліваюцца “кліматычнай тэорыі” знікненняў аўстралійскай мегафауны. Ў якасці асноўнага аргументу яны прыводзяць той факт, што ў мясцовасці Cuddie Springs (New South Wales) парэшткі прадстаўнікоў мегафауны знаходзяць у тым самым слоі, што і прылады чалавека, што паказвае на працяглае суіснаванне. 
      Сааўтар артыкула, праф. Рычард Робертс (Professor Richard Roberts) з універсітэту Wollongong, адказвае на гэта такім чынам: "гэтае месца не дае сведчанняў пра позняе захаванне прадстаўнікоў мегафауны, бо дакладнае датаванне выкапнёвых парэшткаў і прыладаў чалавека паказвае, што яны перамешаныя на працягу многіх тысяч гадоў.” 
"Мы цяпер ведаем, што людзі з’явіліся тут упершыню 60-45 тысяч гадоў таму і менавіта паляванне і знішчэнне месцапражыванняў было асноўным чыннікам знікненняў”.
 

Не пазней за 15 тысяч год таму таямніча зніклі падобны да насарогаў Diprotodon, гіганцкі кенгуру вышынёй каля 3 метраў, гіганцкі вамбат Megalania, варан 6 метраў даўжынёй, наземны трохметровы кракадзіл Quinkana, пітон Wonambi даўжынёй 7 метраў і прадстаўнікі двух  радоў гіганцкіх нелятаючых птушак Genyornis і Dromornis, памерам не меншыя за новазеландзкіх моа.

Паводле www.news.mongabay.com і www.journal.davidbyrne.com (малюнак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

На гэтую тэму:

Вызначаныя ўсё віды моа

Колер апярэння моа можна будзе аднавіць па структуры іх ДНК

Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.

Трапічныя птушкі чакалі на сухапутны “мост”