Першае такое маштабнае параўнальнае даследаванне (былі вывучаныя больш 260 акамянелых парэшткаў зніклых нелятаючых новазеландзкіх птушак моа) дапамагло прачытаць эвалюцыйную кнігу гэтай групы птушак.
Каманда навукоўцаў пад кіраўніцтвам прадстаўнікоў універсітэту Адэлаіды (Аўстралія) стварыла першую поўную генетычную гісторыю моа. А ўжо дзякуючы ёй атрымалася рэканструяваць гісторыю геалагічных зменаў, якія адбываліся ў Новай Зеландыі на працягу апошніх мільёнаў гадоў. Апошнія моа былі забітыя прыкладна 600 год таму, аднак іх гісторыю атрымалася прасачыць на працягу 80 мільёнаў гадоў. Парэшткі птушак гэтай групы былі знойдзены і на Паўднёвым, і на Паўночным востраве. Папярэднія даследаванні казалі нават пра 64 віды моа, аб’ядноўваючы іх у 20 груп.
Вынікі новага даследавання, апублікаваныя ў часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences і атрыманыя міжнароднай камандай навукоўцаў дзякуючы камбінацыі ўсёй вядомай інфармацыі пра генетычныя, анатамічныя, геалагічныя і экалагічныя асаблівасці гэтых птушак, атрымаліся даволі нечаканымі. Генетыкі з Аўстраліі і Новай Зеландыі параўналі ДНК сотняў птушак, парэшткі якіх былі знойдзеныя на балотах і ў пячорах.
Такім чынам, моа павінны быць аб’яднаныя толькі ў тры сямействы, шэсць радоў і толькі 9 відаў. Самыя эвалюцыйна маладыя віды ўзніклі на Паўднёвым востраве параўнальна нядаўна – г.зн. прыкладна паміж 5 і 8,5 мільёна гадоў таму. Геалагічныя падзеі і змены ўзроўня мора дазволілі некаторым з гэтых відаў перабрацца на Паўночны востраў па сушы.
Птушкі, некаторыя з якіх важылі нават да 250 кг, былі хутка вынішчаны продкамі маоры, якія дабраліся на новазеландзкія астравы каля 1280 г. н.э. Маоры забівалі вялікую колькасць птушак на мяса, з’ядалі іх яйкі, выкарыстоўвалі ў сваіх абрадах пер’е моа. За якіх-небудзь 200-300 год усе дзевяць відаў моа былі цалкам вынішчаны. Цяпер “моа” ў палінезійскай мове значыць проста “кураня”…
Некаторыя віды моа былі прамымі патомкамі агульнага продка ўсіх вялікіх нелятаючых птушак, які ўзнік на паўднёвым кантыненце пасля разлому Гандваны. Іх бліжэйшымі крэўнымі можна лічыць афрыканскага страуса, эму, казуара, нанду, ківі і вымерлую птушку эпіорніса з Мадагаскара.
Новая Зеландыя аддзялілася ад Гандваны як мінімум 60 мільёнаў год таму, і вялікая разнастайнасць розных відаў моа паступова ўзнікла тут. Яны былі памерамі ад індыка да трохмятровага Dinornis maximus, які мог важыць нават 300 кг!
Праф. Элэн Купер (Alan Cooper) з Аўстралійскага цэнтру даследаванняў старажытных ДНК універсітэту Адэлаіды (Australian Centre for Ancient DNA (ACAD)), кіраўнік каманды даследчыкаў, сказаў: “Новая Зеландыя па праву лічыцца адной з самых цікавых на Свеце “эвалюцыйных лабараторый” з-за таго, што тут адсутнічалі наземныя звяры і адбылася радыяцыя ўнікальных гіганцкіх нелятаючых птушак моа. Наша праца дазваляе ўзнавіць галоўныя старонкі геалагічнай гісторыі астравоў і паказаць, як мала мы ведаем пра яе.”
"Мы знайшлі, што дысперсія 9 відаў моа адбылася на працягу апошніх 7 мільёнаў гадоў, хутчэй за ўсё дзякуючы таму, што менавіта ў гэты час вельмі хутка падняліся Паўднёвыя Альпы, якія стварылі многа новых тыпаў месцапражыванняў. Працяглая геаграфічная ізаляцыя Новай Зеландыі і адсутнасць наземных млекакормячых стварыла ўнікальныя экасістэмы, дзе дамініравалі прыкладна 245 відаў птушак, дзякуючы чаму адбыліся эвалюцыйныя працэсы, якія не маюць аналагаў.”
Трэвар Уорфы (Trevor Worthy), палеантолаг з UNSW School of Biological, Earth and Environmental Sciences, сказаў: "Наша даследаванне паказала, што характар генетычнай разнастайнасці ўнутры і паміж рознымі групамі моа адлюстроўвае складаную гісторыю ўтварэння Новай Зеландыі ў алігацэне [паміж 23 і 34 мільёнам гадоў таму]. Іх гісторыя была пад уздзеяннем утварэнняў марскіх бар’ераў паміж Паўднёвым і Паўночным востравам, іх знікненняў, тэктанічнай актыўнасці і ледавіковых цыклаў.
Мы былі вельмі здзіўленыя, калі даведаліся якія эвалюцыйна маладыя некаторыя віды моа – і, магчыма, многія іншыя характэрныя новазеландзкія віды жывёл і раслін, бо яны ўзніклі пасля паўстання Паўднёвых Альп. Менавіта гэтыя горы пачалі затрымліваць дажджы і дзякуючы ім ўтварыліся мясцовыя дажджавыя лясы на захад ад гор. А на ўсход ад іх узнік больш сухі і цёплы клімат, утварыліся высакагор’і і нізіны, вільготныя і сухія экасістэмы розных тыпаў лясоў, хмызнякоў і лугоў.”
Гіганцкі моа на новазеландзкіх марках - з www.pibburns.com
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ